Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны прыбудуць на адкрыцьцё мэмарыялу ў Трасьцянцы. Прэзыдэнтаў Ізраілю, Польшчы і Чэхіі ня будзе


Мэмарыял ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам
Мэмарыял ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам

Ва ўрочышчы Благаўшчына 29 чэрвеня адбудзецца адкрыцьцё другой чаргі мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец» і мітынг-рэквіем на месцы, дзе ў час Другой усясьветнай вайны нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек, пераважна габрэяў.

У цырымоніі, што пачнецца а 12-й гадзіне на месцы лягера сьмерці пад Менскам, возьме ўдзел Аляксандар Лукашэнка, піша ягоная прэс-служба. Таксама будуць дэлегацыі пяці краінаў: Аўстрыі, Ізраілю, Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі. Аўстрыйскую дэлегацыю ўзначаліць прэзыдэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен (будзе таксама экс-прэзыдэнт Хайнц Фішэр), нямецкую — прэзыдэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер, польскую — дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі, чэскую — намесьнік старшыні Палаты дэпутатаў Войцэх Філіп. Ад Усясьветнага габрэйскага кангрэсу прыбудзе намесьнік старшыні выканаўчага дырэктара ў пытаньнях дыпляматыі Марам Штэрн.

Чакалася, што жалобную цырымонію наведаюць таксама прэзыдэнты Ізраілю, Польшчы і Чэхіі, але іхныя візыты не былі афіцыйна анансаваныя, гэтыя кіраўнікі маюць на 29 чэрвеня іншыя пляны.

Рада БНР выступіла супраць візытаў прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны ў Беларусь

У Лукашэнкі заплянаваныя асобныя сустрэчы з прэзыдэнтамі Аўстрыі і Нямеччыны (у абедзьвюх краінах пасада збольшага цырыманіяльная, краінамі кіруюць іншыя людзі). На сустрэчах заплянаванае абмеркаваньне ўшанаваньня ахвяраў нацызму, а таксама абмеркаваньне двухбаковай супрацы і «пэрспэктываў пабудовы шматбаковага ўзаемадзеяньня ў рэгіёне.

Штайнмаер у Беларусі заплянаваў таксама сустрэчу зь пісьменьніцай і ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятланай Алексіевіч, піша БелаПАН. На мітынгу ў Трасьцянцы ён выступіць з прамовай, разам зь іншымі ўдзельнікамі цырымоніі сустрэнецца з былымі вязьнямі канцлягеру і сваякамі загінулых, пасьля абеду ў Палацы незалежнасьці адкрые канфэрэнцыю «Памяць у імя агульнай эўрапейскай будучыні» ў адукацыйным цэнтры імя Раў, урэшце сустрэнецца з Алексіевіч у рэзыдэнцыі амбасадара Нямеччыны.

«Ніхто ня выжыў, ніводных уцёкаў». Благаўшчына была пеклам Галакосту

У Трасьцянцы нацысты забілі прыблізна 206 500 чалавек з розных краінаў, пераважна габрэяў, у тым ліку мірных жыхароў і ваеннапалонных з СССР, грамадзян Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхаславакіі. Перад адкрыцьцём новага мэмарыялу з Трасьцянца вывезьлі крыжы памяці ксяндза Гадлеўскага і ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Тым часам абаронцы Курапатаў (месца забойства дзясяткаў, калі ня соцень тысяч чалавек у часы сталінскіх рэпрэсіяў) папрасілі дэлегатаў у Трасьцянцы паўплываць на сытуацыю з канфліктам вакол рэстарацыі «Поедем поедим», збудаванай пад самым мэмарыялам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG