Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтобусы, квіткі і малако. Як Беларусь зарабляе на футбольным чэмпіянаце сьвету ў Расеі


Толькі аўтобусаў МАЗ пад гэтую нагоду краіна прадала больш за 1000 штук.

Чэмпіянат сьвету па футболе пачаўся ў Расеі 14 чэрвеня. Як і Алімпіяда, правядзеньне такога важнага для ўсёй плянэты мерапрыемства патрабуе шмат высілкаў і фінансавых укладаньняў. Адпаведна, атрымаць фінансавую выгаду ад яго складана, вельмі ўжо вялікія затраты на пабудову новых стадыёнаў і інфраструктуры. Але калі сама Расія фінансава хутчэй страціць, то Беларусь можа на суседзкім чэмпіянаце нядрэнна зарабіць.

Гарадзкі аўтобус МАЗ. Ілюстрацыйнае фота.
Гарадзкі аўтобус МАЗ. Ілюстрацыйнае фота.

Аўтобусы на 100 мільёнаў

Набываць беларускія аўтобусы расейскія гарады, дзе праходзяць матчы чэмпіянату сьвету, пачалі задоўга да яго пачатку. Першыя кантракты былі падпісаныя яшчэ ў 2015 годзе. Агулам МАЗы закупілі 10 гарадоў, разам з Масквой і Пецярбургам. Толькі Самара для падвозу заўзятараў на стадыён набыла 100 новенькіх гарадзкіх аўтобусаў. Усе яны пасьля чэмпіянату будуць перададзеныя на абслугоўваньне гарадзкіх ліній.

Агулам МАЗ выпусьціў для чэмпіянату сьвету каля 1000 аўтобусаў.

Да Алімпіяды ў Сочы было 250, а для хатняга чэмпіянату сьвету Менск набываў усяго 130 машын. Асноўная мадэль, якую беларускі завод пастаўляў у Расею, — гэта МАЗ 206 зь нямецкім рухавіком Mercedes-Benz кляса Euro 5. Сум кантрактаў на прадпрыемстве не называюць, аднак адзін такі аўтобус каштуе каля 90 тысяч даляраў. Таму можна меркаваць, што беларускія аўтобусы для футбольнага чэмпіянату каштавалі расейскаму бюджэту каля 100 мільёнаў даляраў.

Транзыт заўзятараў

29 траўня міністры замежных спраў Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне, згодна зь якім з 4 чэрвеня па 25 ліпеня для замежных заўзятараў, якія едуць на чэмпіянат сьвету ў Расею, у Беларусі ўводзіцца бязьвізавы рэжым. Дзеля транзыту праз тэрыторыю Беларусі заўзятару дастаткова паказаць на мяжы так званы «пашпарт заўзятара» — дакумэнт, які выдаецца разам з набыцьцём квіткоў на матчы ЧС.

У выніку толькі за адзін дзень 14 чэрвеня празь Беларусь праехала больш за паўтысячы футбольных заўзятараў.

«За мінулыя суткі — з 0.00 13 чэрвеня па 0.00 14 чэрвеня — у Беларусь прыбылі 529 чалавек, — казаў пра транзытных футбольных заўзятараў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. — Усяго з пачатку дзеяньня пагадненьня аб уезьдзе заўзятараў прыехалі больш за 800 гасьцей. Большасьць з Аргентыны, Пэру і Мэксыкі. Сярод экзатычных краін — Гандурас, Нікарагуа і нават Каморскія астравы».

Транзыт футбольных заўзятараў з усяго сьвету празь Беларусь працягваецца. Іх заўважаюць ад Горадні і Берасьця да Нацыянальнага аэрапорту. Частка аматараў футболу пры гэтым застаецца на некалькі дзён у Беларусі. Падлічыць выгаду ад іх знаходжаньня ў краіне немагчыма, аднак яна, несумненна, ёсьць.

Малако

Бадай, самы нечаканы пункт у нашым сьпісе. Асабліва на тле пастаянных праблемаў беларускага малака і малочных прадуктаў на расейскім рынку. Неўзабаве пасьля старту чэмпіянату стала вядома, што як мінімум дзьве нацыянальныя зборныя ўключылі ў свой штодзённы рацыён беларускія малочныя прадукты. Гэта каманды Бразыліі і Польшчы, якія базуюцца ў Сочы. Дзеля гэтага прыйшлося вытрымаць няпросты конкурс.

«Працэдура досыць сур’ёзная, — казаў кіраўнік прэс-службы групы кампаній-вытворцаў Аляксандар Цішчанка. — Мэдычныя штабы абедзьвюх камандаў правялі дэгустацыю, вывучылі склад. Прыемна, што смакавыя і якасныя перавагі былі аддадзеныя беларускім прадуктам. Прыемна ня толькі за нашу кампанію, але і за ўсю беларускую малочку, знак якасьці якой дазваляе ўвайсьці ў чэмпіёнскі паёк».

Што праўда, першыя матчы бразыльцам і палякам не ўдаліся. Лацінаамэрыканцы згулялі са швайцарцамі ўнічыю, а заходнія суседзі ўвогуле прайгралі Сэнэгалу. Застаецца спадзявацца, што беларускае малако ні пры чым.

І айцішнікі

Куды ж бязь іх. Адразу некалькі кампаній, разьмешчаных у Парку высокіх тэхналёгій, спэцыялізуюцца на стварэньні спартыўных аплікацый. У тым ліку зьвязаных з чэмпіянатам сьвету па футболе ў Расеі. Дзякуючы распрацоўкам беларускіх кампаній можна ўжывую глядзець матчы наўпрост са свайго тэлефона, рабіць тэматычныя сэлфі і шмат што яшчэ. Лічба запамповак асобных аплікацый дасягае мільёнаў. Падрабязьней пра гэта можна пачытаць у нашым ранейшым матэрыяле.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG