Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Горадні заўзелі за Польшчу на старце футбольнага чэмпіянату сьвету. ФОТА


У Горадні, у памяшканьні неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, стварылі фан-зону да чэмпіянату сьвету па футболе. Там беларускія палякі заўзеюць за зборную Польшчы. Але ня толькі палякі, і ня толькі за палякаў.

«Беларускую каманду таксама б падтрымлівалі»

На першы прагляд матчу «Польшча — Сэнэгал» прыйшло некалькі дзясяткаў заўзятараў. Гульня з Масквы трансьлявалася на вялікім экране з добрым гукам. Некаторыя апранулі майкі з надпісам «Polska» або кепкі ў чырвона-белых колерах сьцягу Польшчы.

На першы матч заўзець за палякаў прыйшло каля 30 чалавек
На першы матч заўзець за палякаў прыйшло каля 30 чалавек

​Марэк Занеўскі, 28 год, старшыня спартовага клюбу «Сокал» неафіцыйнага Саюзу палякаў на Беларусі арганізаваў гэтую фан-зону, каб удзельнікі спартовага клюбу маглі разам сабрацца «у такі важны для Польшчы момант» і падтрымаць польскі выступ.

«Вядома, мы заўзеем за польскую каманду. Мы палякі, жывем у Беларусі. Калі б беларуская каманда выступала на чэмпіянаце сьвету, то мы б яе таксама падтрымлівалі, бо мы грамадзяне Беларусі», — тлумачыць Марэк.

Марэк арганізаваў фан-зону, каб спартоўцы маглі заўзець разам
Марэк арганізаваў фан-зону, каб спартоўцы маглі заўзець разам

Ён лёгка пераключаецца на беларускую мову, але ў размове ўстаўляе шмат польскіх словаў. Хлопец упэўнены, што лепей заўзець у супольнасьці, а не паасобку ў хаце, бо футбол аб’ядноўвае людзей. Ён мяркуе, што спорт павінен быць па-за палітыкай, вышэй за яе. Хоць прызнае, што сёньня цалкам адасобіць ЧМ-2018 па футболе ад палітыкі немагчыма.

«Думаю, што тут няма палітычных гульняў»

Прадпрымальнік Юзаф, 56 год, мае прыватную будаўнічую фірму. У Саюзе палякаў у яго сябры. Ён зь імі часта адпачывае: ходзіць на танцы, выяжджае на экскурсіі. Пазаўзець таксама прыйшоў, каб пабавіць разам вольны час.

Юзаф прыйшоў, каб сустрэцца зь сябрамі
Юзаф прыйшоў, каб сустрэцца зь сябрамі

На пытаньні па-польску спрабуе адказаць па-польску, на пытаньні па-беларуску пераходзіць на расейскую мову.

Падтрымлівае польскую зборную, але прызнаецца, што невялікі аматар спорту. Калі раптам палякі ня выйдуць з групавога этапу, то болей заўзець ня будзе. Юзаф не асацыюе ЧМ-2018 па футболе з палітыкай і для яго неістотна, у якой краіне адбываюцца спаборніцтвы.

Матч глядзелі на вялікім экране з добрым гукам
Матч глядзелі на вялікім экране з добрым гукам

«Думаю, што тут няма палітычных гульняў, а пераможа мацнейшы ў спаборніцтвах», — мяркуе мужчына.

«Звычайна заўзею за Італію, Нідэрлянды і Беларусь, але іх няма»

Гарадзенца Ігара, 42 гады, запрасіў у фан-зону сябар, які распавёў, што тут ладзяцца «беларускія і польскія імпрэзы». Мужчына адказвае па-беларуску з дамешкай русізмаў.

Ігара ў фан-зону запрасіў сябар
Ігара ў фан-зону запрасіў сябар

Ён вырашыў, што лепей заўзець разам зь іншымі, чым аднаму дома. Звычайна падтрымлівае Італію, Нідэрлянды і Беларусь. Але так склалася, што на гэтым чэмпіянаце іх няма. Па меркаваньні Ігара, цяпер моцныя каманды ў Харватыі, Сэрбіі, Ісьляндыі.

Калі б удзельнічала Італія і Нідэрлянды, ставіў бы на іх, але цяпер у апытанцы ў сеціве прагаласаваў за польскую каманду, што яна пераможа.

У самыя эмацыйныя моманты заля гудзела
У самыя эмацыйныя моманты заля гудзела

«Спорт і палітыка для мяне асобна»

Анджэй прыйшоў на матч з малым сынам. На пытаньні па-беларуску адказвае на выдатнай польскай мове. Заўзее за Польшчу, бо паляк. Але таксама сочыць за іншымі моцнымі камандамі.

Анджэй заўзее за польскую і расейскую каманды
Анджэй заўзее за польскую і расейскую каманды

На пытаньне пра краіну правядзеньня чэмпіянату коратка кідае: «Спорт і палітыка для мяне асобна».

Гульня «Польшча — Сэнэгал» скончылася з лікам 1:2 на карысьць афрыканскай каманды.

Далучыцца да заўзятараў польскай зборнай у фан-зоне можна яшчэ 24 чэрвеня (гульня з Калюмбіяй) і 28 чэрвеня (гульня з Японіяй).

Фан-зоны ў цэнтры Менску сьвяткавалі перамогу расейскіх футбалістаў. ФОТА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG