Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць міжнародных посьпехаў беларускага футболу


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Першыя дні чэмпіянату сьвету па футболе дэманструюць, што эра дамінаваньня грандаў паступова сыходзіць — узровень камандаў расьце ўсюды. Немцы, бразыльцы, аргентынцы, гішпанцы, якіх апрыёры лічылі фаварытамі мундыялю, спатыкнуліся ўжо ў стартавых матчах.

І хоць беларусаў апрыёры цяжка аднесьці да ліку абраных, але і ў гісторыі айчыннага футболу ёсьць адметныя старонкі, за якія ня сорамна.

Тры чвэрцьфіналы менскага «Дынама»

Па выніках сэзону-1982 каманда «Дынама» (Менск) сэнсацыйна выйграла золата саюзнага чэмпіянату, праз год падмацаваўшы кляс бронзавай узнагародай. Такія вынікі далі права дэбютаваць на міжнароднай арэне.

У розыгрышы Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў (1983/84) першым супернікам сталі швайцарскія «Грасхопэрс», якіх беларусы прайшлі па выніках двух матчаў (1:0 і 2:2). Сьледам капітулявала вугорская «Раба ЭТО» (6:3 і 3:1). Але ў 1/4 фіналу менчукоў спынілі бухарэсцкія аднаклюбнікі (1:1 і 0:1).

На наступны год дынамаўцы выступалі ў другім паводле значнасьці турніры — Кубку УЭФА. У 1/32 фіналу разграмілі фінскі ХІК (4:0 і 6:0). У наступнай стадыі супернік трапіўся нашмат мацнейшы — партугальскі «Спортынг». Беларусы перамаглі ў сэрыі пэнальці (5:4 пасьля 0:2 у гасьцях). У 1/8 менчукі прайшлі польскі «Відзеў» (2:0 і 0:1), але пераможную сэрыю ня даў разьвіць югаслаўскі «Жалезьнічар» (0:2 і 1:1).

У 1987 годзе менчукі дайшлі да фіналу Кубка СССР, але па пэнальці саступілі кіеўскім аднаклюбнікам (2:4, 3:3 у асноўны час). У рангу фіналіста «Дынама» дэбютавала ў Кубку Кубкаў. На стадыі 1/16 быў пераможаны турэцкі «Генчлербірлігі» (2:0 і 2:1). У 1/8 пройдзены гішпанскі «Рэал» з Сан-Сэбастыяну (1:1 і 0:0). Аднак у 1/4 не змаглі абыграць бэльгійскі «Мэхелен» (0:1 і 1:1).

Чвэрцьфіналы трох эўратурніраў сярэдзіны 1980-х і да сёньня застаюцца найбуйнейшым дасягненьнем беларускага клюбнага футболу на эўрапейскай арэне.

Групавы прарыў барысаўскага БАТЭ

Калі асноўныя посьпехі менскага «Дынама» датаваныя савецкім пэрыядам, то міжнародную вядомасьць футболу сувэрэннай Беларусі каваў барысаўскі БАТЭ.

Найбольш адметным як у гісторыі БАТЭ, так і ўсяго тутэйшага футболу стаў 2008 год, калі каманду ўзначаліў малады трэнэр Віктар Ганчарэнка. Пераадолеўшы трэці кваліфікацыйны раунд Лігі чэмпіёнаў, беларускі клюб упершыню здолеў прабіцца ў групавую стадыю спаборніцтваў. Тут яго ўжо чакалі «Рэал» (Мадрыд), «Ювэнтус» (Турын), «Зэніт» (Санкт-Пецярбург).

На выезьдзе БАТЭ саступіў «Рэалу» (0:2), згуляў унічыю зь «Ювэнтусам» (2:2) і «Зэнітам» (1:1). Потым быў яшчэ адзін нічыйны вынік зь «Ювэнтусам», хатнія паразы «Рэалу» (0:1) і «Зэніту» (0:2). Набраўшы 3 ачкі ў 6 гульнях, у дэбютным розыгрышы барысаўцы занялі апошняе месца і скончылі свае выступы ў эўракубках.

Пасьля гэтага барысаўцы неаднойчы траплялі ў групавыя стадыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, прывозілі ў Беларусь грандаў сусьветнага футболу. Самым удалым аказаўся сэзон 2010/2011, калі ў другім паводле прэстыжнасьці кубку БАТЭ яму супрацьстаялі нідэрляндзкі АЗ (перамога 4:1 дома і параза 0:3 у гасьцях), украінскае «Дынама» (2:2 у гасьцях і параза 1:4 дома), малдаўскі «Шэрыф» (перамога 1:0 у гасьцях і 3:1 дома). Па выніках групавога турніру БАТЭ ўпершыню выйшаў у 1/16 фіналу, дзе па суме дзьвюх сустрэч саступіў францускаму ПСЖ (2:2 дома і 0:0 на выезьдзе).

Алімпійскія амбіцыі моладзевай зборнай

Адрозна ад дарослай зборнай, моладзевая каманда Беларусі тройчы прабівалася на чэмпіянаты Эўропы — у 2004-м, 2009-м і 2011-м, аднойчы заваяваўшы бронзавыя мэдалі. Адзін з самых драматычных матчаў у гісторыі беларускага футболу здарыўся менавіта ў 2011-м. У тым матчы сустракаліся каманды... Ісьляндыі і Даніі. Безь перамогі ісьляндцаў з розьніцай у два мячы ў беларусаў не было б потым ні бронзавых мэдалёў эўратурніру, ні Алімпіяды-2012.

Посьпех «маладзёжкі» ўзору 2011 году дазволіў беларускім футбалістам упершыню паехаць на Алімпійскія гульні ў Лёндан. Там, папраўдзе, яны нават ня выйшлі з групы, але алімпійская зборная Беларусі — адзіная футбольная каманда з постсавецкай прасторы, якая прабілася на Алімпіяду ўпершыню пасьля развалу СССР. Адметна, што на тым турніры беларусы гулялі са зборнай Бразыліі (параза 1:3). Тады на пачатку сустрэчы адзіны гол у вароты паўднёваамэрыканцаў забіў асыміляваны беларус Рэнан Брэсан, родам з Бразыліі. Але ўтрымаць перавагу ўдалося меней за 10 хвілін.

Памаранчавы настрой Сяргея Герасімца

Адна з самых гучных і знакавых вікторый нацыянальнай зборнай Беларусі адкідае да ўжо далёкага 1995 году. 7 чэрвеня ў рамках адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы-1996, на менскім стадыёне «Дынама» беларусы перамаглі каманду Нідэрляндаў. Калектыў, які ня меў і пяцігадовай гісторыі, перагуляў каманду, амаль цалкам складзеную зь пераможцаў Лігі чэмпіёнаў (у складзе амстэрдамскага «Аякса»).

Хоць не абышлося без памылкі дасьведчанага брамніка Эдвіна Ван дэр Сара, нельга прыменшыць трэнэрскую стратэгію Сяргея Бароўскага ды галявое чуцьцё Сяргея Герасімца. Гол прынёс беларускаму форварду славу, якой ён спаўна карыстаецца да сёньня. Дарэчы, тая сустрэча праходзіла пры шалёнай падтрымцы заўзятараў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі — сымболіку на трыбунах яшчэ не забаранялі.

«Пасьля Расеі працаўладкавацца ва Ўкраіне наўрад ці ўдасца», — «галяндзкі кашмар» Сяргей Герасімец, закладнік футболу і палітыкі

Парыж вачыма Сяргея Кісьляка

Самая гучная выязная перамога беларусаў здарылася 3 верасьня 2010 году. У першым жа матчы адборачнага турніру да Эўра-2012 зборная Беларусі пад кіраўніцтвам нямецкага спэцыяліста Бэрнда Штанге на парыскім «Стад дэ Франс» сэнсацыйна перамагла французаў. Адзіны гол пры канцы сустрэчы чэмпіёнам сьвету і Эўропы забіў Сяргей Кісьляк.

Потым былі паразы ад ня самых грозных Альбаніі, Босьніі і Герцагавіны, нічыя зь Люксэмбургам. Як вынік — чацьвёртае месца з шасьці ў групе.

Сярод міжнародных гульняў, якія вартыя таго, каб трапіць у віртуальны музэй беларускага футболу, таксама можна згадаць некаторыя іншыя выязныя матчы:

  • перамога 8 кастрычніка 2005-га над камандай Шатляндыі (0:1, адбор да Эўра-2006),
  • 17 лістапада 2007-га над Альбаніяй (2:4, адбор да Эўра-2008),
  • 7 сакавіка 2015-га над Македоніяй (1:2, адбор да Эўра-2016),
  • 1 красавіка 2009-га над Казахстанам (1:5, адбор да чэмпіянату сьвету-2010),
  • нічыя з Італіяй 31 сакавіка 1999 году (1:1, адбор да Эўра-2000).

Чаму Беларусь яшчэ доўга ня трапіць на чэмпіянат сьвету па футболе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG