Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 65 на пэнсію мужчынам і жанчынам. Гендэрная роўнасьць ці няроўнасьць?


У Беларусі паступова павышаецца пэнсійны ўзрост, і пакуль што гэта адбываецца сымэтрычна для жанчын і мужчын, але экспэрты не выключаюць таго, што ў будучым жанчыны «дагоняць» мужчын, і сыходзіць на пэнсію ўсе будуць у адным і тым жа ўзросьце. І гэта, кажуць, частка барацьбы на шляху да дасягненьня гендэрнай роўнасьці.

Намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валер Кавалькоў заявіў, што зараз прапановы пра новае павышэньне пэнсійнага ўзросту для жанчын не прапрацоўваюцца, але дадаў, што ўжо сёньня некаторымі экспэртамі агучваецца мэтазгоднасьць далейшага павышэньня пэнсійнага ўзросту да 65 гадоў і для мужчын, і для жанчын. «У абгрунтаваньне прыводзяцца аргумэнты пра іх (жанчын) большую працягласьць жыцьця, згадваецца і гендэрная роўнасьць», — кажа чыноўнік.

Вось яно — адважнае змаганьне беларускай дзяржавы з гендэрнай няроўнасьцю! І хай Валер Кавалькоў сьцьвярджае, што зараз гэтыя прапановы не прапрацоўваюцца, але той факт, што ён агучвае менавіта ідэю зрабіць узрост выхаду на пэнсію аднолькавым і большым, чым ён ёсьць зараз (цяпер ідзе паступовае павышэньне ад 55 да 58 гадоў для жанчын і ад 60 да 63 гадоў для мужчын), вельмі сымптаматычны, на мой погляд.

І гэта далёка ня першы выпадак, калі пад выглядам барацьбы за гендэрную роўнасьць у Беларусі прасоўваюцца ідэі, якія не палепшаць, а пагоршаць існуючую сытуацыю.

І атрымліваецца, што пад выглядам прагрэсу прасоўваюцца ідэі, якія пагаршаюць якасьць жыцьця жанчын у краіне.

Часам даходзіць да абсурду: у «Нацыянальным плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады» ў разьдзеле «Забесьпячэньне гендэрна-арыентаванай аховы здароўя» ідзе гаворка ў тым ліку пра скарачэньне колькасьці абортаў. Паводле меркаваньня беларускай дзяржавы, для дасягненьня гендэрнай роўнасьці жанчын трэба прымушаць нараджаць нежаданых дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У 2016 годзе памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, спасылаючыся на эўрапейскі вопыт, казаў пра мэтазгоднасьць скарачэньня адпачынку па догляду за дзіцём на адзін год. Праўда, у лютым бягучага году міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заявіла, што ніхто ва ўрадзе не разглядае варыянт скарачэньня гэтага адпачынку. Тым ня менш, яна сказала, што на сустрэчах з працадаўцамі часта ўздымаецца пытаньне страты жанчынай прафэсіяналізму з прычыны трохгадовага перапынку ў працы.

Увогуле, калі кажуць пра скарачэньне адпачынку па догляду за дзіцём, звычайна гучаць адсылкі да практыкі больш разьвітых і багатых краінаў. І значна радзей чынавецтва і разнастайныя экспэрты ўзгадваюць, што перад скарачэньнем адпачынку трэба разьвіць адпаведную інфраструктуру. І атрымліваецца, што пад выглядам прагрэсу прасоўваюцца ідэі, якія пагаршаюць якасьць жыцьця жанчын у краіне.

Гэтая праблема ня новая і тычыцца яна ня толькі гендэрных пытаньняў. У нас робяць даражэйшымі камунальныя паслугі і праезд у грамадзкім транспарце, таксама спасылаючыся на вопыт іншых краін. Тое, што пры гэтым ігнаруюць розьніцу ва ўзроўні заробкаў, — гэта нібыта неістотныя дэталі.

Больш раньні сыход жанчын на пэнсію — гэта паказчык гендэрнай няроўнасьці. Гэта сымптом.

Але асабліва брыдка бачыць, як пад ідэяй гендэрнай роўнасьці прасоўваюцца вельмі спрэчныя і нясьпелыя рашэньні, якія маглі б быць разумнымі і карыснымі, але ў іншых умовах. Тое ж пытаньне ўзросту выхаду на пэнсію — яно вельмі неадназначнае, бо памер пэнсій у Беларусі вельмі маленькі, і раньні сыход з працы значыць раньні сыход у галечу. І жанчынам усталяваны больш раньні ўзрост для выхаду на пэнсію ў якасьці своеасаблівай кампэнсацыі за хатнюю працу (так званая другая зьмена) і рэпрадуктыўную працу.

Больш раньні сыход жанчын на пэнсію — гэта паказчык гендэрнай няроўнасьці. Гэта сымптом. Але дзяржава ў выніку будзе проста купіраваць сымптом, а не змагацца з сапраўднай праблемай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG