Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларускія пэнсіянэры былі больш заможныя — цяпер ці 30 год таму?


Знаёмыя пэнсіянэры ў двары спрачаюцца пра пэнсіі. А дакладней, пра тое, калі пэнсіянэрам жылося лепш — у СССР ці цяпер.

— Як тут можна параўноўваць? Хіба мог звычайны савецкі пэнсіянэр на лецішча на ўласнай машыне езьдзіць? А мабільны тэлефон у кожнага? А інтэрнэт? — пераконвае адзін.

— Мае бацькі-пэнсіянэры пры СССР ня думалі пра тое, як пасьля аплаты «камуналкі» разьмеркаваць пэнсію так, каб хапіла хаця б на ежу. А мы цяпер вымушаны пра гэта думаць, — даводзіць другі.

Пры гэтым ні адзін, ні другі савецкімі пэнсіянэрамі, канечне ж, не былі, і рэаліі таго даўно мінулага жыцьця памятаюць слаба.

А сапраўды, як зьмянілася жыцьцё беларускіх пэнсіянэраў за 30 апошніх гадоў — калі абапірацца на лічбы і факты, а не на эмацыйныя суб’ектыўныя ацэнкі?

У сярэдзіне 80-х гадоў я, юны выпускнік журфаку, працуючы ў «раёнцы», шмат езьдзіў па вёсках, якія ўжо тады імкліва старэлі, пісаў пра клопаты і праблемы тагачасных пэнсіянэраў. Не было іхнае жыцьцё надта сытым і заможным. Куплялі ў краме пераважна хлеб і малочныя прадукты. Даношвалі старое адзеньне. Умудраліся адкладваць са сваіх сьціплых пэнсій «на пахаваньне» і на дапамогу дзецям.

Калі цяпер зрэдзьчасу бываю ў тых жа вёсках, не магу пазбавіцца ад уражаньня, што сустракаюся з тымі ж людзьмі: у тым жа адзеньні, якое яны «даношваюць» з часоў, калі працавалі і зараблялі, з тымі ж торбамі, якія нясуць ад «аўталаўкі» (а ў торбе — два боханы хлеба, пакет кефіру, бутэлька алею і пачак макароны). Жывуць у тых жа драўляных хатах, сядзяць на той жа лаўцы ля плота, чакаючы паштальёна з пэнсіяй, размаўляюць пра дзяцей і ўнукаў у горадзе. Хоць, зразумела, гэта ўжо дзеці і ўнукі тых людзей, пра якіх я пісаў трыццаць год таму.

А што кажа статыстыка? Для параўнаньня я ўзяў 1985 год — апошні перад пачаткам перабудовы. Сярэдняя пэнсія ў СССР — 72 рублі (максымальная была 132 рублі, але ўсё ж яе атрымлівалі нямногія). Вось што мог дазволіць сабе беларускі пэнсіянэр за гэтыя 72 рублі ў пераліку на некалькі найбольш «пэнсіянэрскіх» прадуктаў і паслугаў:

  • Хлеб — 450 кг
  • Малако — 300 літраў
  • Абед у таннай сталоўцы — 110
  • Праезд у мэтро — 1440 паездак.

А цяпер возьмем для параўнаньня студзень 2018 году. Сярэдняя пэнсія ў Беларусі за гэты месяц — 314 рублёў. А ў пераліку на тыя ж прадукты і паслугі:

  • Хлеб — 206 кг
  • Малако — 255 літраў
  • Абед у таннай сталоўцы — 62
  • Праезд у мэтро — 483 паездкі.
Закрытая крама ў Гічыцах Івацэвіцкага раёну
Закрытая крама ў Гічыцах Івацэвіцкага раёну

Зразумела, гэтыя падлікі не прэтэндуюць на сыстэмнасьць і ўсёабдымнасьць, а ўсё ж пра рэальныя зьмены якасьці пэнсіянэрскага жыцьця за мінулыя тры дзесяцігодзьдзі сьведчаць красамоўна.

Трыццаць год у маштабах чалавечага жыцьця — вялізны тэрмін. За такі час дашчэнту разбураныя войнамі Нямеччына і Японія ня толькі паўсталі з руін, але і сталі эканамічнымі гігантамі, лідэрамі сьвету. Многім краінам было дастаткова значна карацейшага адрэзку часу, каб акрыяць пасьля вялізных прыродных і тэхнагенных катастроф.

Так, Беларусь перажыла хваравіты распад СССР і камуністычнага ладу. Але праз гэтае ж выпрабаваньне прайшлі і ўсе яе суседзі. Якія сярэднія пэнсіі цяпер там? Вось апошнія зьвесткі за 2017 год (у пераліку на беларускія рублі):

  • Польшча — 1290;
  • Літва — 690;
  • Латвія — 748;
  • Эстонія — 980;
  • Расея — 460;
  • Украіна — 183.

Як бачна, Беларусь апярэджвае толькі Ўкраіну, якая значную частку свайго бюджэту вымушаная траціць на вайну.

Ці ўсьведамляе ўлада, куды прывяла яна за чвэрць стагодзьдзя сваіх грамадзянаў старэйшага веку? Вось адна адметная цытата Лукашэнкі. Наведваючы напярэдадні 2015 году дом-інтэрнат для пэнсіянэраў-інвалідаў і ўбачыўшы, у якіх выдатных умовах яны жывуць, кіраўнік краіны сказаў: «Гледзячы на іх, думаю: чаго нам не хапае? У нас ёсьць усё. Беларусы яшчэ ніколі так добра не жылі...»

Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусі істотна падвысілі пэнсійны ўзрост і ўвялі больш жорсткія ўмовы для налічэньня працоўных пэнсій.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Аптымізацыя. Як зьнікаюць беларускія вёскі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG