Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі прапануюць пашырыць зоны «бязьвізу» і павялічыць яго тэрмін


На прэс-канфэрэнцыі 21 чэрвеня ў Міністэрстве спорту і турызму прадстаўнік ведамства Віталь Грыцэвіч заявіў пра магчымыя зьмены ў бязьвізавым рэжыме для замежных турыстаў у Беларусі.

Пра што гаворка?

Ад лютага 2017 году грамадзяне больш як 70 краінаў могуць прыехаць у Беларусь бязь візы на:

  • 5 дзён, калі турыст прылятае праз аэрапорт «Менск-2»;
  • 10 дзён для наведнікаў паркаў «Аўгустоўскі канал» і «Белавеская пушча», а таксама асобных раёнаў Берасьцейшчыны і Горадзеншчыны.

Што хочуць зьмяніць?

  • Аб’яднаць зоны «бязьвізу» у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях.

Крокі па аб’яднаньню не канкрэтызуюцца. У мінспорту і турызму назіраюць попыт на роварныя і пешыя маршруты ў Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, піша БелаПАН. Грыцэвіч лічыць, што аб’яднаньне гэтых зонаў дало б «большы эфэкт».

  • Пашырыць бязьвізавыя тэрыторыі.

Грыцэвіч апавёў, што «палякам было б цікава наведаць Наваградак». Цяпер міністэрства аналізуе эфэктыўнасьць пашырэньня «бязьвізу», якое адбылося ў сьнежні 2017 году.

  • Павялічыць тэрмін бязьвізавага знаходжаньня.

Міністэрства цікавіць павелічэньне «бязьвізу» да 15 дзён для кліентаў санаторыяў, піша БелТА.

Колькі бязьвізавых турыстаў прыехала ў Беларусь ад пачатку году?

  • Праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» — 120 тысяч чалавек.
  • На Горадзеншчыну — 30 тысяч турыстаў.
  • У турыстычную зону «Берасьце» і Белавескую пушчу — больш 5 тысяч чалавек.

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка павялічыў бязьвізавы тэрмін знаходжаньня замежных турыстаў з 5 да 10 дзён для грамадзянаў 77 краіны ў:

  • Горадні і Горадзенскім раёне;
  • Сьвіслацкім раёне Горадзеншчыны;
  • Берасьці і Берасьцескім раёне;
  • Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі раёнах Берасьцейшчыны.

12 лютага мінулага году Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў, што прыбываюць празь менскі аэрапорт. Гэтае рашэньне Менску выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG