Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 адрасоў за 5 дзён. Куды падацца «бязьвізаваму» турысту ў Беларусі


4 красавіка ў Менску адкрылася Міжнародная турыстычная выстава «Адпачынак-2018». Замежныя кампаніі тут імкнуцца прыцягнуць у свае краіны беларусаў, беларускія апэратары шукаюць, як завабіць іншаземцаў.

Летась Аляксандар Лукашэнка сваім указам увёў кароткатэрміновы (да пяці дзён) бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін сьвету, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Менск». У выніку, паводле статыстыкі Міністэрства спорту і турызму, за мінулы год загрузка аэрапорту павялічылася на траціну.

Аналягічны бязьвізавы рэжым для замежнікаў (да 10 дзён) ад канца мінулага году дзейнічае ў адносінах да шэрагу рэгіёнаў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей.

Падчас адкрыцьця выставы «Адпачынак-2018»
Падчас адкрыцьця выставы «Адпачынак-2018»

На стэндах «Белэкспа» Свабода сабрала 5 цікавостак, якія рэклямуюцца Нацыянальным агенцтвам па турызьме для гасьцей Беларусі, у тым ліку бязьвізавых. Дый беларусам варта наведаць гэтыя мясьціны.

Аўгустоўскі канал — Горадня

Да бязьвізавага рэжыму гарадзенскі рэгіён наведвала крыху больш як 4 тысячы арганізаваных турыстаў за год. За 2017 год адзін толькі Аўгустоўскі канал прыняў больш як 50 тысяч замежнікаў.

Гідратэхнічнае збудаваньне XIX стагодзьдзя злучыла басэйны Віслы і Нёмана, забясьпечыўшы на поўначы выхад да Балтыйскага мора, на поўдні — да Чорнага мора праз Агінскі канал, Бярэзінскую водную сыстэму і Дзьвіну. 100-кілямэтровы адрэзак пачынаецца ад возера Сэрва каля польскага Аўгустова і сканчаецца пад Горадняй. Падобныя каналы ёсьць толькі ў Вялікай Брытаніі (Каледонскі канал) і ў Швэцыі (Гота).

Доўгі час беларуская частка каналу была занядбаная. Нядаўна зрабілі рэканструкцыю, цяпер там ходзіць прагулачны цеплаход. Праўда, спадарожная інфраструктура па-ранейшаму маларазьвітая. Польскі бок каналу акультураны лепей.

Белавеская пушча — Берасьце

Белавескую пушчу варта наведаць хоць бы дзеля таго, каб пабачыць адзін з сымбаляў Беларусі — эўрапейскага зубра.

Спрадвек тут палявалі манаршыя асобы, а пасьля і партыйная намэнклятура. Барбарскае вынішчэньне паставіла жывёлу на мяжу выміраньня, але папуляцыю ўдалося захаваць і аднавіць. Цяпер пагалоўе зуброў зь беларускага і польскага бакоў пушчы — самае шматлікае ў Эўропе. Для наведнікаў абсталяваныя пляцоўкі, адкуль можна паназіраць за ляснымі волатамі.

У Белавескай пушчы таксама можна прагуляцца па рэліктавым лесе і зазірнуць у рэзыдэнцыю беларускага Дзеда Мароза.

Цэнтар Эўропы — Полацак

Фота Вольгі Кацюбы, ©Shutterstock
Фота Вольгі Кацюбы, ©Shutterstock

У Беларусі ўпэўненыя, што менавіта ў старажытнай сталіцы Полацкага княства знаходзіцца цэнтар Эўропы. 10 гадоў таму спэцыялісты прадпрыемства «Белаэракосмагеадэзія» ўдакладнілі ранейшыя кампутарныя разьлікі і абвясьцілі: цэнтар кантынэнту цяпер не пасярод возера Шо на мяжы Глыбоцкага, Ушацкага і Докшыцкага раёнаў, як меркавалася раней, а на ўскраіне Полацку.

Гарадзкія ўлады хутка скемілі, якія выгады нясе такое адкрыцьцё, і неўзабаве ў сквэры на праспэкце Маркса паміж гатэлем «Дзьвіна» і Галоўным паштамтам быў усталяваны памятны знак з каардынатамі цэнтру Эўропы — цяпер гэта ўлюбёнае месца фатаграфаваньня гасьцей гораду. Побач яшчэ адна беларуская адметнасьць — помнік літары Ў.

БелАЗ — Жодзіна

Некалькі гадоў таму вытворца гіганцкіх самазвалаў запусьціў экскурсійны праект. У 5-даляравы пакет для замежнікаў (1 даляр у эквіваленце для беларусаў) уваходзяць заводзкі музэй, выстава ўзораў тэхнікі, фатасэсія на кар’ернай тэхніцы грузападымальнасьцю ад 30 да 450 тон — самы вялікі самазвал, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Кульмінацыя — катаньне па выпрабавальным палігоне на 130-тоньніку, які па вышыні роўны пяціпавярховаму дому. На памяць уручаецца пасьведчаньне аб праходжаньні першапачатковага курсу кіраваньня БелАЗам. Гэтая прыемнасьць аплачваецца асобна і каштуе ў сярэднім 20 даляраў. Паслугу можна аформіць як падарункавы сэртыфікат.

За тры гады экстрэмальным турам у Жодзіна ўжо скарысталіся дзясяткі тысяч турыстаў з розных краін сьвету.

Краснасельскія кар’еры — Ваўкавыск

Кар’еры Краснасельскага цэмэнтнага заводу часьцяком называюць «беларускімі Мальдывамі». Насамрэч гэта прамысловая зона, дзе здабываюць крэйду для згаданага прадпрыемства.

Купацца тут небясьпечна, хоць некаторыя экстрэмалы забарону ігнаруюць. Затое фатаздымкі атрымліваюцца выдатныя: крутыя беласьнежныя берагі, нерэальна празрыстая бірузовая вада і бязьмежнае блакітнае неба.

Арганізаваныя групы сюды ня возяць, дабрацца да Краснасельскіх кар’ераў зручней за ўсё на машыне: спачатку курс на Ваўкавыск, а потым па знаках яшчэ хвілін 20 да пасёлку Краснасельскі.

У якасьці альтэрнатывы афіцыйны турыстычны партал Беларусі прапануе іншыя варыянты пяцідзённых беларускіх вакацый.

Прэзэнтацыйны стэнд «Лініі Сталіна» на выставе
Прэзэнтацыйны стэнд «Лініі Сталіна» на выставе

У топ-10 адметнасьцяў уваходзяць

  • Мірскі замак,
  • Нясьвіскі палац,
  • палац Сапегаў у Ружанах,
  • палац Пуслоўскіх у Косаве,
  • палац Булгакаў у Жылічах,
  • Гомельскі палацава-паркавы ансамбль,
  • маёнтак Агінскага ў Залесьсі,
  • касьцёл Сьвятой Тройцы ў Гервятах,
  • сталінскі ампір у Менску і
  • мілітарызаваная «Лінія Сталіна» побач з Заслаўем.

Гэта не Расея. Што пішуць эўрапейскія турысты, якія пабывалі ў Беларусі па 5-дзённым «бязьвізе»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG