Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест ліцэнзаваньня турфірмы будуць уносіць у дзяржрэестар


У Беларусі 24 cтудзеня ўступае ў сілу абноўлены закон «Аб турызьме». Мэта асноўных зьменаў, як тлумачаць у Дэпартамэнце па турызму, — абараніць інтарэсы беларусаў.

Дзеля гэтага ў законе ўпершыню зьявіўся артыкул «Адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб турызьме». Аднак кампэнсацыйны ці рэзэрвовы фонд, каб пакрываць страты турыстаў, якія трапілі ў форс-мажорныя абставіны, законам не прадугледжаны.

Упершыню ў краіне зьявіцца і рэестар субʼектаў турыстычнай дзейнасьці. Інфармацыю пра турагентаў і турапэратараў, якія працуюць у Беларусі, зьбірае Міністэрства спорту і турызму.

Дырэктар турыстычнага парталу holiday.by Андрэй Барашка выказаў Свабодзе думку, што ніякіх кардынальных зьменаў у новым «Законе аб турызьме» няма. Акрамя аднаго — стварэньня дзяржаўнага рэестру турыстычных кампаніяў:

— З аднаго боку, гэта добра. Гэта зручней, чым ліцэнзаваньне, бо чалавек можа зайсьці на дзяржаўны сайт, якому ён давярае, і паглядзець, ці ёсьць у сьпісе турарганізацыя, якая яго цікавіць, ці няма.

Але асабіста ў мяне выклікае сумнеў заяўны прынцып, які прапісаны ў абноўленым законе. То бок гэта ня платная паслуга, кампанія не павінна плаціць, каб трапіць у гэты дзяржрэестар. Заяўны прынцып азначае, што хтосьці хоча трапіць у гэты сьпіс, а хтосьці можа там і ня быць.

Я тут ня ўбачыў яўнага блякаваньня на шляху якіх-небудзь нядобрасумленных кампаніяў

То бок я тут ня ўбачыў яўнага блякаваньня на шляху якіх-небудзь нядобрасумленных кампаніяў, якія ўнясуць сябе ў дзяржрэестар. Мэханізм у законе не прапісаны. Магчыма, ён будзе выпрацаваны ў працэсе, але хацелася б яго бачыць са старту. Пакуль выглядае, што на сайце Мінспорту і турызму зьявіцца проста каталёг турыстычных арганізацыяў.

Ці дасьць ён магчымасьць турысту абараніцца ад нядобрасумленных кампаній, мне цяжка сказаць. Як кажуць юрысты, няма правапрымяняльнай практыкі. Зараз галоўнае — не дапусьціць якіх-небудзь спэкуляцыяў на гэтую тэму, бо мы ведаем сумны расейскі вопыт. Але цяпер у Расеі дзейнасьць усіх туркампаніяў жорстка ўпарадкаваная. Там працэдура, каб трапіць у дзяржрэестар, даволі складаная, аналягічная ліцэнзаваньню, якое некалі было і ў Беларусі. На мой погляд, у Расеі гэтая працэдура выглядае сурʼёзьней, і рэестар становіцца пэўным інструмэнтам у першую чаргу для турыста. А ў Беларусі гэты заяўны прынцып не палепшыць каньюнктуру рынку.

— У Беларусі абмяркоўвалася пытаньне пра стварэньне кампэнсацыйнага ці рэзэрвовага фонду для турыстаў, але прапанова не знайшла адлюстраваньня ў законе.

— Для нас кампэнсацыйны фонд у выпадку, калі ён будзе прыняты, стане навінкай. Так, былі абмеркаваньні, гаворка ішла пра тое, што гэта патрэбна. Але ўдзельнікі рынку выказваюць палярныя меркаваньні што да сум, якія неабходна будзе пералічваць у гэты кампэнсацыйны фонд. Тут дзяржава павінна разумець адну простую ісьціну: у Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, рынак у асноўным турагенцкі. То бок турагенцтвы — гэта невялікія кампаніі турапэратараў, якіх на беларускім рынку працуе дзясяткі два. Ёсьць маленькія беларускія турапэратары, якія зьяўляюцца арганізатарамі нейкіх сэзонных ланцужкоў. Іх яшчэ дзясятка паўтара набярэцца. Гэта кампаніі, якія рэальна крыху-крыху адрозьніваюцца ад турагенцтваў. То бок называць іх турапэратарамі і ставіць у адзін шэраг з буйнымі міжнароднымі кампаніямі будзе няправільна. Гэта калі казаць пра сумы, якія яны павінны адлічваць дзяржаве, ствараючы ў пэрспэктыве кампэнсацыйны фонд. А на сёньняшнім этапе — за права быць у дзяржаўным рэестры. Тут пакуль яшчэ ёсьць пра што дыскутаваць, і галоўнае — не перагнуць палку. І ня трэба рабіць з гэтага рэестру «страшылку».

Андрэй Барашка
Андрэй Барашка

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2015 годзе ў Беларусі турызмам займаліся 1364 турагенцтвы і турапэратары. За 2016 год статыстыкі пакуль няма. На сёньняшні дзень каля 200 юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць турпаслугі, падалі зьвесткі ў Дэпартамэнт па турызму. Сьпіс турфірмаў будзе даступны ў інтэрнэце.

У Беларусі за апошнія пару гадоў было некалькі выпадкаў падману турыстаў.

У жніўні 2016 году намесьнік дырэктара фірмы «СТВ Ваяж» зьбег з грашыма кліентаў. У 2015 годзе дырэктар менскага «Бюро моладзевых падарожжаў» зьбег, прыхапіўшы з сабой 600 тысяч даляраў. Абодва дагэтуль у вышуку.

На пачатку мінулага году здарыўся скандал з кампаніяй «Аўрора-тур», калі турысты купілі танныя туры і не змаглі паехаць на адпачынак.

У Віцебску Сьледчы камітэт расьсьледуе справу ў дачыненьні да дырэктаркі турагенцтва па факце махлярства ў асабліва буйных памерах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG