Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршалак Падляскага ваяводзтва: Вядзём перамовы, каб і беларусы да нас маглі езьдзіць бязь візаў


Маршалак Падляскага ваяводзтва Ежы Ляшчынскі (зьлева) і старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў (справа)

Ад 26 кастрычніка пачаў дзейнічаць бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у Беларусь у адмысловы турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя да яго тэрыторыі. Падарожнічаць бязь візы турысты змогуць да пяці сутак.

Першымі турыстамі, якія ўехалі бязь візаў, стала польская дэлегацыя зь Беластоку на чале з маршалкам Падляскага ваяводзтва Ежы Ляшчынскім. Дэлегацыя перасекла мяжу на памежным пераходзе «Лясная — Рудаўка» на прагулачным катэры. Сустракаў польскую дэлегацыю старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў.

Ежы Ляшчынскі, ступіўшы на бераг Аўгустоўскага канала, сказаў журналістам, што першыя ўражаньні ад падарожжа станоўчыя. Паводле яго, і на польскім баку шмат робіцца, каб разбудаваць інфраструктуру і зрабіць Аўгустоўскі канал суднаходным на ўсім яго працягу. Маршалак выказаў спадзяваньне, што гэта ня толькі палепшыць стасункі паміж людзьмі, але і стане штуршком для пашырэньня эканамічных кантактаў.

Журналістаў адразу зацікавіла пытаньне — ці мае намеры польскі бок, у прыватнасьці Падляскае ваяводзтва, зрабіць падобны крок для беларусаў — адкрыць бязьвізавы ўезд.

Ежы Ляшчынскі (зьлева) і Ўладзімер Краўцоў (справа)
Ежы Ляшчынскі (зьлева) і Ўладзімер Краўцоў (справа)

«Так, мы хацелі б гэта зрабіць, вядзем перамовы з нашым дыпляматычным корпусам, і думаю, што гэта таксама цалкам магчыма. Але гэтае пытаньне павінны будуць вырашыць нашы дыпляматы ў Брусэлі», — адказаў Ляшчынскі.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў заўважыў, што бязьвізавы рэжым адкрывае новыя магчымасьці ня толькі ў разьвіцьці турызму, але і ў разьвіцьці бізнэсу. Паводле яго, навіна выклікала вялікую цікаўнасьць у многіх краінах, і мы, маўляў, будзем імкнуцца гэта выкарыстаць.

«Мы ўжо цяпер па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва ўдзельнічаем у 70 праектах і павінны зрабіць значна болей. Да прыкладу, задзейнічаць нашы магчымасьці на чыгунцы, а таксама магчымасьці нашага аэрапорту. Падарожжы таннымі лініямі лаўкостараў сёньня даволі папулярныя ў сьвеце, то чаму мы ня можам выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці?», — сказаў Краўцоў.

На Аўгустоўскім канале польская дэлегацыя наведала музэй канала, а таксама памежны пераход «Сафіёва — Ліпчаны». У Горадні сёньня быў урачыста адкрыты інфармацыйна-турыстычны цэнтар Падляскага ваяводзтва. Інфармацыйная прадукцыя пра Падляскае ваяводзтва, якую прапануюць у цэнтры, — пераважна на расейскай мове, ёсьць яшчэ па-польску і па-літоўску.

Ежы Ляшчынскі і Ўладзімер Краўцоў урачыста адкрываюць інфармацыйна-турыстычны цэнтар Падляскага ваяводзтва ў Горадні
Ежы Ляшчынскі і Ўладзімер Краўцоў урачыста адкрываюць інфармацыйна-турыстычны цэнтар Падляскага ваяводзтва ў Горадні

Кіраўнік інфармацыйнага цэнтру ў Горадні Сяргей Каляда назваў сёньняшнюю падзею гістарычнай і прапанаваў маршалку Ляшчынскаму павесіць у рамачку дакумэнт № 1, які ён атрымаў на права ўезду пры бязьвізавым рэжыме. Паводле Каляды, інфармацыйны цэнтар падрыхтаваўся для таго, каб інфармаваць турыстаў з усёй Эўропы.

Сяргей Каляда, кіраўнік Гарадзенскага абласнога інфармацыйнага цэнтру
Сяргей Каляда, кіраўнік Гарадзенскага абласнога інфармацыйнага цэнтру

«Я сёньня адключыў тэлефон, бо вельмі шмат тэлефанаваньняў, прычым з самых розных краін Эўропы: немцы тэлефанавалі, чэхі, літоўцы, дзяўчына з Італіі тэлефанавала. Я сёньня папросту ня ў стане адказваць на гэтыя тэлефанаваньні, а заўтра буду гэтым займацца. Вось нядаўна сёньня зарэгістраваліся два гішпанцы, хочуць прыехаць да нас. Падобна, што ўсё закруцілася, і мы да гэтага падрыхтаваліся. У нас ёсьць у інфармацыйным цэнтры адмыслоўцы зь веданьнем і ангельскай, і нямецкай, і польскай, і іншых моваў. Так што будзем працаваць».

Уезд на тэрыторыю Беларусі бязь візы можна праз памежныя пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая») — на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») — на мяжы зь Літвой.

У Беларусь замежнікаў будуць пускаць бязь візы ня больш як на пяць дзён і толькі ў парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя тэрыторыі. Гэтымі прылеглымі тэрыторыямі лічацца Горадня, а таксама пяць сельсаветаў: Адэльскі, Госкі, Капцёўскі, Падлабенскі і Сапоцкінскі.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG