Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта не Расея. Што пішуць эўрапейскія турысты, якія пабывалі ў Беларусі па 5-дзённым «бязьвізе»


Бязьвізавы ўезд у Беларусь на 5 дзён даў магчымасьць заходнім эўрапейцам наведаць Менск і іншыя гарады краіны і падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад вандровак. Свабода сабрала некаторыя з такіх водгукаў на заходніх сайтах.

Рэкамэндуюць Менск і Віцебск, радзіму Шагала

«Пасьля таго як прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка адкрыў Беларусь для ўсяго сьвету, няма прычын, каб не пазнаёміцца з гэтай краінай», — піша нарвэскі турыстычны сайт Vagabond. Інтэрнэт-гід заклікае пачаць знаёмства зь беларускай сталіцы, старажытнага Менску з 1000-гадовай гісторыяй, а потым заехаць на радзіму Марка Шагала ў Віцебск.

Зімовы Віцебск
Зімовы Віцебск

«Пяці дзён цалкам дастаткова для першага знаёмства з гісторыяй, побытам і кухняй краіны», — піша нарвэскі сайт.

Менск — гэта гучыць экзатычна

Тым часам на форумах інтэрнэт-выданьняў Паўночнай і Паўночна-Заходняй Эўропы, а таксама ў нарвэскіх, швэдзкіх, галяндзкіх ды бэльгійскіх сацыяльных сетках можна ўбачыць нямала пытаньняў ад людзей, якія рыхтуюцца да такой паездкі, а таксама водгукаў тых, хто ўжо наведаў Беларусь.

Visningar (Швэцыя): «Менск — гэта гучыць экзатычна, хоць параўнальна недалёка ад Швэцыі. Хацелася б на выходных цягам 4–5 дзён пабываць там. Я ўжо раней пабывала ў Кіеве, некаторых іншых гарадах Усходняй Эўропы. Трохі зачараваная савецкім архітэктурным стылем, які быў распаўсюджаны пасьля Другой усясьветнай вайны. Кажуць, Менск і ёсьць самае тое».

Dirgis (Швэцыя): «У такіх выпадках найлепш зьвязвацца зь мясцовым насельніцтвам. Я звычайна раблю праз каўчсэрфінг. Вы спыняецеся ў мясцовых жыхароў, знаёміцеся зь іншымі падарожнікамі, арганізуеце сумесныя вандроўкі, непасрэдна самі плаціце менавіта таму, хто вам дапамагае. Беларусь — дзіўная краіна».

Затрымлівацца доўга тут няма сэнсу

Турысты зь Нідэрляндаў дзеляцца ўражаньнямі ад паездкі па маршруце Польшча — Беларусь — Украіна.

Lotte: «Лічу, што Беларусь трэба наведваць асобна. Цікавы досьвед. З аднаго боку, надзвычайная гасьціннасьць. Зь іншага боку, шмат што рабілася ў жорсткім рэжыме. Нібыта ў альпінізьме».

«Апошняя дыктатура Эўропы» мае свае строгія правілы ў выглядзе візавых патрабаваньняў, падарожжаў з рознымі абмежаваньнямі. Праўда, цяпер для турыстаў зьявілася нейкае сьвятло ў тунэлі, і наведаць закрытую краіну грамадзянам ЭЗ значна прасьцей. Вабіць тое, што сюды можна прыехаць проста на выходныя. Затрымлівацца надоўга тут ня мае сэнсу».

Stéphanie: «У беларускай сталіцы часам адчуваеш сябе як у заходнім горадзе. Можна езьдзіць на мэтро, тут вялікія крамы, кавярні ды рэстарацыі зь міжнароднай і нацыянальнай кухняй. Але сапраўдная Беларусь іншая. Шырокія вуліцы нагадваюць пра камуністычную эпоху. Плошча Леніна, помнік Леніну. Беларусь — зямля аднастайных савецкіх кватэр, строгіх правілаў, зь дзяржаўнай прэсай. Вы ня можаце рабіць пікнік на траве ў сквэры, амаль на кожным кроку ўбачыце розныя лёзунгі. Але Беларусь — ня толькі савецкі музэй пад адкрытым небам. Той, хто робіць намаганьне, каб наведаць гэтую краіну, будзе за гэта ўзнагароджаны. Беларусь — краіна з унікальнай гісторыяй».

Беларусь — ня вольнае грамадзтва, але і ня жорсткая дыктатура

Такую выснову, наведаўшы краіну, зрабіў бэльгійскі прафэсар Джонатан Холсан. У сваіх нататках пра Ўсходнюю Эўропу, зьмешчаных на сайце knack.be, аўтар піша пра Беларусь як маланаселеную краіну.

«Аднак гэты момант не зьмяншае яе стратэгічнага значэньня. І для яе ўсходняй суседкі Расеі, і таксама для яе заходніх суседзяў Польшчы і Літвы яна як прыфрантавая дзяржава паміж эўрапейскім Усходам ды Захадам. Калі для палякаў ды літоўцаў Беларусь — патэнцыйная база для расейскіх войскаў, калі тыя калі-небудзь уступяць у канфлікт, то Масква бачыць у краіне апірышча супраць Захаду».

Беларусь сапраўды залежыць ад расейцаў, піша аўтар.

«Але гэта іншая краіна. Беларусы — не расейцы, якія, калі іх загоняць у кут, будуць выкарыстоўваць любую магчымую зброю. Беларусь ня вольнае грамадзтва, але гэта ня жорсткая дыктатура».

Беларусь — не Расея

Нідэрляндзкае выданьне Оpinie24 падзяляе такую думку.

«Той імідж, які стварыла краіне аўтарытарнае кіраваньне прэзыдэнта Лукашэнкі, ня ўдасца зьмяніць у адзін момант. Але ж... Пачнём з таго, што Беларусь сапраўды ня тое ж самае, што Расея. Хоць некалі, зь яе тады яшчэ дзесяцімільённым насельніцтвам яна належала да СССР, тэрыторыі, якая традыцыйна называлася на Захадзе Расеяй. Сёньня гэта незалежная дзяржава, хоць для Расеі і расейцаў усё гэта ўспрымаецца як фармальнасьць. Яны ўспрымаюць краіну як нейкі ўласны двор, магчыма, таму, што эканамічна краіна моцна залежыць ад сваёй усходняй суседкі».

Як адзначае выданьне, для галяндзкіх турыстаў Беларусь па-ранейшаму застаецца незаўважанай. І гэта, з гледзішча аўтараў, несправядліва. У адрозьненьне ад Нідэрляндаў, тут шмат некранутай прыроды, так што краіна магла б стаць ідэальнай зонай для адпачынку. Рэкі ўсё яшчэ бескантрольна цякуць па ўсёй краіне, яе раўніны і лясы здаюцца бясконцымі.

«Жыцьцё ў Беларусі — ня тое, што варта было б рэкамэндаваць. Па-першае, яно дарагое. Аўтарытарная атмасфэра адчувальная. Прэзыдэнт ужо даўно ва ўладзе, і карупцыя расьце з кожным днём. Тут адзінае месца ў Эўропе, дзе ўжывацца сьмяротнае пакараньне. Існуе перасьлед за палітычныя погляды. Калі вы гей, то знаходзіцца ў Беларусі вам ня надта бясьпечна. Аднак, без сумневу, празь некаторы час краіна можа стаць № 1 у галіне турызму для моладзі, маладых параў ды семʼяў зь невялікім бюджэтам».

Суровы шарм і зямля парадоксаў. Эўрапейскія СМІ аб прывабнасьці Беларусі для турыстаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG