Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні выдалі альтэрнатыўную мапу для турыстаў — з аленем Лявонам


Турыстычную мапу цэнтру Горадні стварыў незалежны гарадзкі партал Hrodna.Life. Гістарычныя месцы і кавярні гасьцям пакажа віртуальны пэрсанаж алень Лявон. З аркуша мапы можна скласьці знакавы горадзенскі будынак — палац Сапегаў (Баторыеўку).

Чатыры мовы, расейскай няма

Мапа «Зроблена тутэйшымі» можа стаць ёмістай альтэрнатывай афіцыйнаму «Пашпарту турыста» — буклету, які горадзенскія ўлады распрацоўвалі амаль паўтара года, але выдалі пакуль безь беларускамоўнага варыянту.

Мапа ахоплівае цэнтар гораду. На ёй пазначаны чыгуначны і аўтобусны вакзалы, Стары і Новы замкі, заапарк, касьцёлы, цэрквы, сынагога, лютэранская кірха, драмтэатар, тэатар лялек, помнік Леніну, помнік Давыду Горадзенскаму, які неўзабаве маюць усталяваць, і іншыя вартыя наведваньня месцы. Госьці знойдуць таксама сьпісы кавярняў, гатэляў і сувэнірных крамаў, пазначаных на гарадзкой тэрыторыі.

Мапу выдалі ў чатырох варыянтах: на беларускай, ангельскай, польскай і літоўскай мовах. Агульны наклад — 4000 асобнікаў, кожнага варыянту па 1000.

Каардынатарка праекту Ірына Новік з мапай
Каардынатарка праекту Ірына Новік з мапай

«Зроблена тутэйшымі»

Каардынатарка праекту і журналістка Ірына Новік кажа, што ў першую чаргу мапа створаная для бязьвізавых турыстаў.

«Мы мяркуем, што галоўны складнік гасьціннасьці — тое, што людзі могуць зрабіць для людзей. Клясна, калі ты прыяжджаеш у горад і там цябе нехта чакае, просты звычайны чалавек, мясцовы, тутэйшы. Мы свой праект так і назвалі: „Зроблена тутэйшымі“», — кажа яна.

Паводле Ірыны, гасьцям прапануюць кавярні, якія самі супрацоўнікі парталу любяць наведваць, крамы сувэніраў, зробленыя тутэйшымі. Так горад, на яе думку, стане болей сяброўскім для наведнікаў.

Алень-экскурсавод

Аўтары мапы зьвяртаюць увагу на ейную адметнасьць — па Горадні езьдзіць, робіць сэлфі або плыве ў чоўне алень Лявон — нашчадак аленя сьвятога Губэрта, які адлюстраваны на гербе гораду. Гэта ўжо вядомы гараджанам пэрсанаж парталу Hrodna.Life.

«У нас ёсьць стыкерпак у Telegram. Адзін з мэмаў, калі алень Лявон пытаецца: „Дзе Горадня?“ — і адказвае: „Тут“, паказваючы на сэрца. Мы спадзяёмся, калі турысты пройдуцца па нашай мапе зь Лявонам, то змогуць таксама адказаць на пытаньне „Дзе Горадня?“», — працягвае каардынатарка праекту.

Палац Сапегаў у арыгамі

На адваротным баку мапы выяўлены фрагмэнт гравюры невядомага аўтара XVII стагодзьдзя «Сэйм у палацы Сапегаў». Склаўшы аркуш па пазначаных лініях, як арыгамі, турыст атрымае аб’ёмны будынак палаца Сапегаў, больш вядомы ў горадзе як Баторыеўка. Цяпер гэта жылы дом з крамай «Баторыя».

Над праектам працавалі тры асобы: каардынатарка Ірына Новік, дызайнэрка Вольга Новік і гісторык Алесь Перагудаў. Гэта першы досьвед падобнай працы. Распрацоўка заняла каля паўгода.

Выдаць мапу дапамаглі мясцовыя прадпрымальнікі. Атрымаць яе задарма можна ў інфармацыйным цэнтры каля чыгуначнага вакзалу, а таксама ў шэрагу іншых пунктаў.

Натоўпы турыстаў — норма. Што «бязьвіз» нарабіў у Горадні за год

Летась, пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму на 5 дзён, у зону «Аўгустоўскі канал» і Горадню прыехалі 55 тысяч турыстаў — у 10 разоў больш, чым было да «бязьвізу». Гарадзенскі рэгіён зарабіў на «бязьвізавых» турыстах каля 12 мільёнаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG