Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі рэкамэндаваў устрымацца ад Мальдываў і рыхтавацца да бязьвізу з Калюмбіяй 


Царква Ляс-Ляхас у Калюмбіі. Фота: Diego Delso via Wikimedia, CC BY-SA 4.0
Царква Ляс-Ляхас у Калюмбіі. Фота: Diego Delso via Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Беларускія і расейскія экспэрты, якія займаюцца праблемамі ўзаемнага прызнаньня візаў паміж дзьвюма краінамі, правядуць чарговы раўнд на наступным тыдні на тэрыторыі Беларусі, заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Напярэдадні амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што, на яго думку, гэты раўнд перамоваў можа стаць апошнім, а само пагадненьне будзе падпісанае ў красавіку альбо ў траўні.

Па бязьвіз у Калюмбію

Тым часам намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Павал Шастакоў накіраваўся зь візытам у Эквадор і Калюмбію. Асноўная тэма дыскусій – пэрспэктывы эканамічнага партнэрства: беларускі бок хоча нарасьціць аб’ёмы і пашырыць асартымэнт прадукцыі, якая ідзе ў гэтыя краіны.

Пакуль зь Беларусі туды паступаюць пераважна ўгнаеньні і нафтапрадукты. Беларусы, пачынаючы ад 2014 году, могуць наведваць Эквадор бязь візы. Падчас свайго знаходжаньня ў Калюмбіі Павал Шастакоў абмяркуе скасаваньне візаў для грамадзянаў абедзьвюх краін з кіраўніцтвам МЗС Калюмбіі.

Устрымацца ад паездак на Мальдывы

Міністэрства замежных спраў Беларусі раіць беларускім турыстам устрымацца ад наведваньня Мальдываў, дзе сама меней на 15 дзён уведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Дзьмітры Мірончык нагадаў, што ў Беларусі няма дыпляматычнага прадстаўніцтва на Мальдывах, найбліжэйшая беларуская місія знаходзіцца ў Індыі, а гэта прыкладна 2800 кілямэтраў. Да таго ж беларускія дыпляматы, якія працуюць у Індыі, не акрэдытаваныя на Мальдывах, таму могуць узьнікнуць складанасьці. Няма на Мальдывах і амбасады Расейскай Фэдэрацыі. Але калі хтосьці зь беларусаў трапіць у складанае становішча, ён зможа зьвярнуцца да іншых дыпляматаў. Інфармацыя пра тое, да якіх канкрэтна і ў якой краіне, разьмешчаная на афіцыйным сайце МЗС.

Прэзыдэнт Мальдыўскай Рэспублікі Абдула Ямін увёў у краіне надзвычайнае становішча на 15 дзён. Такое рашэньне ён прыняў пасьля рашэньня Вярхоўнага суду краіны. 1 лютага суд пастанавіў вызваліць васьмярых палітычных лідэраў і былога прэзыдэнта Магамэда Нашыда, зрынутага ў 2012 годзе. Усіх іх пасадзілі ў турму па абвінавачваньнях у тэрарызьме, дзяржаўнай здрадзе і карупцыі. Нашыду прысудзілі 13 гадоў пазбаўленьня волі ў 2013 годзе. Цяпер ён знаходзіцца ў Вялікай Брытаніі на лячэньні. Пачаліся хваляваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG