Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Курапатах немагчымы кампраміс


Каляж. Крыжы ў ахоўнай зоне Курапатаў

Гляджу, як неахвотна рэагуюць чыноўнікі на Курапацкі крызыс, і разумею, што рашэньне пра «Бульбаш-хол» прымаў асабіста «адказны за ўсё, што адбываецца ў краіне». Неяк так:

— Аляксандар Рыгоравіч, што з гэтымі Курапатамі рабіць будзем?

— А вы не чапайце іх. Пабудуйце там побач рэстаранчык які-небудзь…

Нават калі так не сказана, дык пачута і зроблена так. Для «кампрамісу». І цяпер толькі ён, «адказны за ўсё», можа даць задні ход. Але даваць задні ход ён не прывык, пагатоў ягоная палітыка «кампрамісу» застаецца нязьменнай.

Апошні прыклад — новыя назвы вуліц у Менску. У сьпісе герояў — расстраляны энкавэдыстамі паэт Дудар і энкавэдыст Міркоўскі, які «з 1927 да 1940 году служыў у памежных войсках на заходняй мяжы», гэта значыць, там і тады, дзе былі «выкрытыя» дзясяткі тысяч «польскіх шпіёнаў» — звычайных беларускіх сялян, якія з такой фармулёўкай атрымлівалі адзін прысуд — расстрэл.

Бізнэсоўцы, вядома ж, улічваюць палітыку «кампрамісу», інакш ніхто б ня стаў так упарта паскудзіцца гэтым «Бульбаш-холам». Пра гэта шчыра сказаў Аркадзь Ізраілевіч:

«А як вы ставіцеся, што вось тут ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, а праз 50 км — „лінія Сталіна“? Ці праз 10 км — помнік Леніну, які ўсё гэта арганізаваў? А што б вы тады сказалі, калі б у Ерусаліме побач зь „Яд ва-Шэм“ стаяў дом-музэй Гітлера?!»

Інакш кажучы, у Ізраілі гэта немагчыма, а тут, у Беларусі, — калі ласка. «Музэй Гітлера» побач з мэмарыялам Галакосту ня толькі магчымы, а цалкам прымальны як «кампраміс», у выніку чаго Курапацкі крызыс нібыта ператвараецца ў тэхнічнае пытаньне:

«Бізнэсовец заклікае шукаць кампраміс з уладальнікамі рэстарану і мяркуе, што радыкальнае разьвіцьцё падзеяў адпалохвае ад Беларусі замежных інвэстараў».

Кампраміс паміж «музэем Гітлера» і «Яд ва-Шэм»?

Ня буду нічога казаць пра маральнасьць — гэта яўна не пра сёньняшнюю ўладу. За «кампрамісам» і пераводам тэмы ў тэхнічную плоскасьць стаіць прадуманая палітыка прытупленьня памяці. Дзеля гэтага зьявіўся рэстаран у Курапатах, дзеля гэтага не зьявілася шыльда #БНР100, дзеля гэтага тысячы вуліц па ўсёй краіне носяць імёны бальшавіцкіх важакоў, па сутнасьці бандытаў.

Але ня можа быць кампрамісу з памяцьцю, бо памяць — не тэхнічнае пытаньне. Тут або — або. Або памяць, або кампраміс.

Памяць, казаў Васіль Быкаў, гэта адзінае, чым нармальныя людзі могуць супрацьстаяць бальшавікам. «Памяць для бальшавікоў — жах, злачынства, крамола, бо гэта заўжды памяць пра іхныя злачынствы ды іхныя ахвяры».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG