Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма ня мае канца. Сёньня прэзэнтацыя новай кнігі Свабоды «Турма, мужчына і жанчына»


Як сядзяць у сучаснай Беларусі. Буктрэйлер кнігі Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:22 0:00

Буктрэйлер. Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі.

​«Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — так называецца новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі выбраныя перадачы праграмы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011-2017 гадоў вяла на РС журналістка Алена Струвэ.

На старонках кнігі — дакумэнтальныя споведзі палітвязьняў і людзей з крымінальным досьведам, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў аўторак, 19 чэрвеня, на сядзібе БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага, 3). Пачатак а 18:00.

Замовіць друкаваны асобнік можна тут.

Турма мае пачатак, але ня мае канца

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Прадмова Аляксандра Лукашука да кнігі ​«Турма, мужчына і жанчына»

— У Беларусі ня могуць сядзець, як у Швэцыі, — кажа Зьміцер Дашкевіч.

Палітвязень Дашкевіч, які прайшоў, здаецца, усе турмы і калёніі ад Горадні да Мазыра, зьведаў ад турэмнай адміністрацыі ўсе формы пакараньня, ад псыхалягічнага гвалту, пазбаўленьня спатканьняў да карцэра, які за кратамі ажаніўся, страціў маці і яго не пусьцілі на пахаваньне, які гаварыў з зэкамі і наглядчыкамі па-беларуску і па-беларуску маліўся, які бачыў усе абліччы жыцьця за калючым дротам і не падпісаў паперку, якая вярнула б яго па гэты бок свабоды, пра турэмную рэформу сказаў так:

— Адну траціну вызваліць адразу, бо сядзяць ні за што, другой траціне даць па срацы і адправіць да мамкі, а рэшту — сапраўдных злачынцаў — трымаць за кратамі.

Турма — натуральная частка любой дзяржавы. Кодэкс Хамурапі, якому амаль чатыры тысячы гадоў, і крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь выконваюць адну задачу — кажуць сваім грамадзянам, што можна рабіць, чаго нельга.

Справа ў тым, што́ і як кажуць. У старажытным Бабілёне нормай лічылася аддаць вока за вока, у антычнай Грэцыі на зьмену ідэі помсты прыйшла ідэя пакараньня, элемэнты сучаснай турэмнай сыстэмы, дзе спалучаюцца пакараньне і выпраўленьне, зьявіліся ўжо ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагодзьдзі. Статут ВКЛ вызначаў верхнюю мяжу зьняволеньня — адзін год і шэсьць тыдняў, але мала хто выходзіў зь цямніцы здаровым: голад, холад, вільгаць, цемра, ланцуг на шыі.

Сучасная пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі нагадвае машыну часу, якая працуе стацыянарна: тут паняцьці часоў Хамурапі суседнічаюць з правіламі Мандэлы, як называюць мінімальныя стандарты ААН што да абыходжаньня са зьняволенымі.

У Швэцыі сядзяць па-швэдзку, але галоўнае там — ня душ у камэрах, доступ да мэдыцыны або адукацыі, а стаўленьне да забойцаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў, зладзеяў, наркаманаў як да людзей, мужчын і жанчын.

— Яны ўчынілі злачынствы і нясуць пакараньне, але застаюцца ў ліку людзей, — кажа Дашкевіч.

Турма мае пачатак, але ня мае канца — ня ў простым сэнсе рэцыдываў, а таму, што яна — частка грамадзтва, і яе ўплыў не канчаецца за калючым дротам. Узровень цывілізаванасьці грамадзтва вызначае ўзровень цывілізаванасьці турмы — і наадварот.

У катэгорыі бяды турма стаіць адразу перад сьмерцю.

А ўсё, што стаіць перад сьмерцю, называецца жыцьцём.

Гэтая кніга — пра жыцьцё.

«Турэмная энцыкляпэдыя», — гісторык і палітвязень Зьміцер Дрозд пра новую кнігу Свабоды

Павал Севярынец і Аляксандар Фядута пра новую кнігу Свабоды

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG