Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турэмная энцыкляпэдыя», — гісторык і палітвязень Зьміцер Дрозд пра новую кнігу Свабоды


«Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — так называецца новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі выбраныя перадачы праграмы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011-2017 гадоў вяла на РС журналістка Алена Струвэ.

На старонках кнігі — дакумэнтальныя споведзі палітвязьняў і людзей з крымінальным досьведам, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 19 чэрвеня ў Менску на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3). Пачатак а 18-00.

Сваімі першымі чытацкімі водгукамі пра кнігу дзеліцца гісторык-архівіст, былы палітвязень Зьміцер Дрозд.

Дрозд: «З гэтай кнігі даведаесься пра турмы і зоны ўсё»

Я зусім ня чуў перадач «Свабода ў турмах» і ня ўсе тэксты з гэтай сэрыі чытаў

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

на сайце Радыё Свабода. Таму кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» стала для мяне і нечаканасьцю, і прыемным сюрпрызам — у некаторых з артыкулаў я фігурую самым непасрэдным чынам. Але тое, што гэтыя артыкулы выйдуць асобнай кнігай, я й думаць ня мог. І вось я трымаю ў руках сапраўдную кнігу, аб’ёмам больш за 400 старонак!

Я ўдзячны аўтарцы за тое, што яна ўбачыла ў маёй асобе экспэрта ў гэтай тэме, хаця мой тэрмін у турме быў ня надта значны (пасьля 19 сьнежня 2010 году 10 сутак «адміністрацыйкі» і 7 месяцаў «крыміналкі» — на Акрэсьціна, у жодзінскай турме, на «Валадарцы», у бабруйскай калёніі. Думаю, што большае значэньне тут мела маё прафэсійнае вывучэньне гісторыі менскага турэмнага («Пішчалаўскага») замка, а ня мой асабісты турэмны досьвед.

Гэтым нязначным досьведам у асяродзьдзі беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў ды іншых грамадзянаў з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй нікога ня зьдзівіш. Яшчэ гадоў пяць таму, зьбіраючыся на нейкія агульныя сьвяты — нашы дні нараджэньня ці ўжо дні нараджэньня нашых дзяцей — мы сьмяяліся: за сталом амаль усе дарослыя, не выключаючы маладых дзяўчат, ужо мелі турэмны ці судовы досьвед. Усе прайшлі праз штрафы, «суткі» ці нават сапраўдныя турмы і зоны. Звычайная сямʼя: бацька — дзесяць сутак, канфіскацыя маёмасьці за нявыплату штрафаў, маці — «суткі» і штраф, хросны — два крымінальныя тэрміны, госьці — тэрміны, «суткі», штрафы...

У сучаснай Беларусі шлях у палітыку ідзе праз турму

​Напэўна, пасьля такога апісаньня ў чытача створыцца ўражаньне, што гэта «блатныя» сабраліся на сходку «на маліне». Зусім не. Пераважна гэта маладыя актывісты і актывісткі розных кампаній, рухаў, партыяў, удзельнікі акцыяў пратэсту, выбарчых штабоў і ініцыятыўных групаў... І ўсім ёсьць што расказаць. Як арыштоўвалі, запужвалі, зьбівалі, як «расьсьледавалі» і «судзілі»... Гэта вельмі скрушнае і страшнае ўсьведамленьне, што ў сучаснай Беларусі шлях грамадзкага актывіста менавіта такі.

Азіраючыся назад, думаю, што самымі шчасьлівымі былі тыя разважныя і прагматычныя людзі, якія прыйшлі ў «палітыку» з разьлікам: паактыўнічаю, памахаю сьцягам, пасяджу, «пасьвячуся» ў прэсе — і звалю за мяжу на палітычны прыстанак... Яны ўжо там, у іншым жыцьці.

Тыя ж, хто прыйшоў са шчырай надзеяй нешта зьмяніць у гэтай краіне, ідуць па коле: свабода — арышт — штраф альбо «суткі» — свабода... І сёньня мы кожны дзень чытаем пра дзясятак новых пратаколаў за чарговую абарону Курапатаў...Чытаем пра новыя крымінальныя справы: прафсаюз РЭП, БелаПАН... Аднак гэта жыцьцё тых, хто сьвядома выбраў свой нялёгкі шлях — барацьбу за зьмены да лепшага ў нашай краіне.

Турма як частка жыцьця беларусаў

Але, выйшаўшы з гэтага вузкага кола ў кола крышачку шырэйшае, у свой двор, у якім я пражыў усё жыцьцё, бачу тое ж. У першым падʼезьдзе адзін сусед пасьля шматгадовай «адседкі» выйшаў, каб памерці праз тыдзень. Відавочна, што яго адпусьцілі, калі стала зразумела, што ён ужо не жылец — каб не псаваў турэмную статыстыку чарговай сьмерцю. У маім падʼезьдзе другі сусед доўгі час хадзіў па двары пʼяны — ішло расьсьледаваньне, суды (эканамічная справа). Увесь гэты час ён заставаўся на свабодзе і ведаў, што хутчэй за ўсё «сядзе»... Яшчэ адзін, з вышэйшага паверху, атрымаў 12 гадоў за выраб і гандаль наркотыкамі... І такіх лёсаў у звычайным дзевяціпавярховым доме зь пяці падʼездаў — дзясятак. Турма па-ранейшаму засталася часткаю жыцьця, ад якое нельга заракацца.

І, чытаючы кнігу «Турма, мужчына і жанчына», разумееш: гэтая тэма калі ня вечная (не хацелася б!), то неверагодна актуальная. Старонка за старонкай перад чытачом праходзяць лёсы, адзін больш трагічны за другі...

Дык жа яны ўсе злачынцы, яны самі выбралі сваё жыцьцё, заслужылі... Хай бы было менавіта так. Але...

На старонках кнігі, акрамя тых, чые прысуды прызнаныя палітычна матываванымі, гісторыі звычайных людзей — Пятра Кучуры і Аляксандра Буд-Гусаіма. Яны атрымалі велізарныя тэрміны за злачынствы, якіх не ўчынялі. Першы яшчэ ў турме. Хоць пра пэрыпэтыі яго справы, дзякуючы актыўнай пазыцыі ягонай жонкі Людмілы Кучуры, якая стала вядомай праваабаронцай, ведаюць беларускія ўлады на ўсіх узроўнях. Ведаюць, што ён не вінаваты, але ён па-ранейшаму за кратамі, дзе неаднаразова зазнаваў зьдзекі і катаваньні.

Другі, хоць быў асуджаны на пажыцьцёвае, змог дабіцца зьмены прысуду і выйшаў на волю, дзе... неўзабаве памёр.

І такіх лёсаў — загубленых сфабрыкаванымі сьледзтвамі і прысудамі — сотні.

Можна згадаць і зусім нядаўнюю гісторыю з асуджаным гімназістам Данатам Скакуном. Яшчэ да канца сьледзтва і тым больш суду вінаватым яго прызначыў сам міністар унутраных спраў.

За кароткі час майго знаходжаньня за кратамі я чуў дзясяткі гісторый ад людзей, якія, ні на што не спадзеючыся, хацелі падзяліцца са мной сваёй трагедыяй: сяджу за тое, чаго не рабіў.

Жудасны сьвет беларускіх турмаў і зонаў

Старонка за старонкай кніга ўводзіць чытача ў гэты жудасны сьвет — сьвет беларускіх турмаў і зонаў. Адзін аспэкт турэмнага жыцьця раскрываецца за другім. Раскрываецца глыбока, шматгранна, з разуменьнем кожнай дэталі: умовы ўтрыманьня, касты зьняволеных, мэдыцына, стаўленьне да зьняволеных, псыхалёгія арыштаванага... І ўсё гэта на падставе самых праўдзівых сьведчаньняў не тэарэтыкаў, а тых, хто правёў за кратамі месяцы, гады, дзесяцігодзьдзі...

Якасная турэмная літаратура ў сучаснай Беларусі — далёка не навінка. Можна згадаць сэрыю «Беларуская турэмная літаратура», у якой ужо выйшлі 4 кнігі, у тым ліку і кніга аўтара гэтых радкоў «Бунт Ботаников» (прэмія Францішка Аляхновіча 2017 году). А яшчэ кнігі А. Бяляцкага, А. Саньнікава, В. Някляева, А. Фядуты, А. Лябедзькі, І. Аліневіча, М. Дзядка, П. Севярынца, З. Дашкевіча...

Але кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына» тут зусім па-за канкурэнцыяй. Бо справа не ў гісторыі аднаго зьняволенага. Гэта сапраўднае шматгалосьсе лёсаў — у імянным паказьніку больш за дзьвесьце пэрсонаў, сярод якіх такія аўтарытэты, як Мікалай Аўтуховіч, Ігар Аліневіч, Андрэй Бандарэнка, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, а таксама дзясяткі нікому не вядомых вязьняў, чый агульны тэрмін «адседкі», напэўна, пераваліць за некалькі стагодзьдзяў. Дзясяткі гісторый чальцоў сем’яў вязьняў. Ёсьць погляд і з другога боку — таго, хто ахоўваў: Алег Алкаеў. Дзякуючы гэтаму, а таксама сыстэмнаму прадуманаму падыходу аўтаркі кніга без нацяжкі можа лічыцца сапраўднай турэмнай энцыкляпэдыяй.

Упэўнены, што гэтая кніга абавязковая для ўсіх, хто так ці іначай зьвязаны зь беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмай: праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, саміх турэмшчыкаў.... І напэўна, калі па маім двары будзе хадзіць чарговы патэнцыйны «першапраход» (гэта значыць яшчэ несудзімы, нявопытны арыштант, які нічога ня ведае пра ўмовы і жыцьцё ў нашых турмах), сусед, які чакае суду, выраку і зоны, я яму парэкамэндую: «Абавязкова прачытай „Турма, мужчына і жанчына“. Даведаесься пра турмы і зоны ўсё».

Яўдаха: «Вытрымкі з кніг сябры мне перапісвалі і дасылалі ў турму ў лістах»

Алесь Яўдаха
Алесь Яўдаха

«Аб праграме „Свабода ў турмах“ не магу нічога сказаць, ніколі ня слухаў. Але тое, што бачыў у інтэрнэце, безумоўна, мае каштоўнасьць. Тэма важная. І вельмі добра, што яна ўвасобленая цяпер у кнізе Алены Струвэ.

Скажу за сябе. Першае, што я хацеў перадаць сябру, які апынуўся за кратамі, гэта кніга Юрыя Бандажэўскага „Турма і здароўе“ зь „Бібліятэкі Свабоды“. Тое самае хацеў бы атрымаць і сам, калі раптам і мяне напаткала такая неспадзяванка. На жаль, пэнітэнцыярная сыстэма цяпер вельмі абмяжоўвае перадачу кніг у СІЗА, таму вытрымкі з кнігі мае сябры проста перапісвалі часткамі мне ў лістах. Тое самае і я рабіў для свайго сябра.

Што да зьменаў у судовай і турэмнай сыстэме Беларусі... Дзякуючы выхаду падобных кніг, толькі такім чынам (праз розгалас) яны і адбываюцца. Ведаю гэта і на сваім прыкладзе, і на прыкладах сваіх сяброў. Таму вартасьць кніг на гэтую тэму будзе заставацца вялікай, пакуль значная колькасьць нашых суайчыньнікаў знаходзяцца за кратамі», — падзяліўся сваімі ўражаньнямі гандляр кнігамі Алесь Яўдаха.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG