Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга пра беларускія турмы. Менская прэзэнтацыя адбудзецца 19 чэрвеня


«Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — так называецца новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.

Кніга напісаная на аснове перадачы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011–2017 гадоў вяла журналістка Алена Струвэ. На старонках кнігі — дакумэнтальныя споведзі палітвязьняў і людзей з крымінальным мінулым, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 19 чэрвеня ў Менску ў сядзібе Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3). Пачатак у 18.00.

Фядута: «Гэтая кніга — сьведчаньне гвалту, які дзяржава прымяняе да сваіх грамадзян»

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад кнігі дзеліцца палітоляг і былы палітвязень Аляксандар Фядута.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

«Уяўляючы сабе мэханізмы функцыянаваньня беларускай улады, я вельмі скептычна стаўлюся да думкі, што любая кніга, хай нават самая моцная, можа паўплываць на ўладу і змусіць яе зьмяніцца. Калі б гэта было магчыма, то сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ўжо даўно не было б.

Аднак гэта не азначае, што праца Алены Струвэ бессэнсоўная. Наадварот, яе кніга вельмі патрэбная.

Гэтая кніга — гістарычны дакумэнт. Я ня ведаю, як уладкаваны інтэрнэт, і не выключаю, што ён калі-небудзь зьнікне. Радыёперадачы застануцца ў выглядзе запісаў і падкаставых расшыфровак. Але кніга зойме сваё месца на паліцах бібліятэк, і дасьледнікі беларускага правасудзьдзя, беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы будуць абавязаныя на яе спасылацца.

Так, менавіта абавязаныя. Спэцыяліст, што сябе паважае, якіх бы поглядаў ён ні прытрымліваўся, абавязкова працытуе гэтую кнігу — як фактычнае сьведчаньне таго гвалту, які дзяржава прымяняе ў дачыненьні да сваіх грамадзян і свайго народу.

Менавіта ў гэтым палягае мэханізм узьдзеяньня гэтай кнігі і на цяперашнюю ўладу таксама. Чыноўнікі баяцца застацца ў Гісторыі; яны выбіраюць зьнікнуць з памяці назаўсёды. А пакуль працуе Алена Струвэ, гэта ў іх не атрымаецца. Фіксуюцца іх імёны, учынкі, падпісаныя імі дакумэнты. І іхным дзецям і ўнукам давядзецца чырванець за тое, што ўчынілі іх бацькі і дзяды. Можа, дзякуючы ўсьведамленьню гэтага што-небудзь і зьменіцца».

Севярынец: «Тое, што беларусы пішуць зь няволі на волю, абуджае салідарнасьць»

Палітык, былы палітвязень Павал Севярынец ацэньвае новую кнігу Свабоды.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Кнігі „турэмнай прозы“, сьведчаньні пра „Валадарку“, „Амэрыканку“ ды „Акрэсьціна“ ў сёньняшняй Беларусі — бадай, самая запатрабаваная літаратура. Кожны беларус апошнія чвэрць стагодзьдзя прымярае плошчу камэры на сябе. Кажу „кожны“, маючы на ўвазе ня толькі абывацеляў, але і чыноўнікаў, і сілавікоў рэжыму: яны ведаюць, што часы, бывае, мяняюцца. І кніга Алены Струвэ — з такіх запатрабаваных.

Разам з тым турэмныя дзёньнікі ды эсэ — гэта тэксты, якія шакуюць грамадзтва і могуць зьмяніць становішча за кратамі. Дастаткова згадаць 2011 год і рэха Плошчы.

І нарэшце. Тое, што беларусы пішуць зь няволі на волю, наймацней абуджае салідарнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG