Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабісты Януковіча заплацілі экс-палітыкам ЭЗ каля 2 млн даляраў


Пол Манафорт.
Пол Манафорт.

Атачэньне былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў пачатку 2010-х гадоў выдаткавала каля 2 мільёнаў даляраў на лабісцкія паслугі, якія аказвалі былыя высокапастаўленыя палітыкі з краінаў Эўропы. Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на дакумэнты расьсьледаваньня, якое вядзе ў ЗША спэцпрокурор Робэрт Мюлер у дачыненьні да Пола Манафорта, былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Дональда Трампа, які раней працаваў на Януковіча.

У так званую «гамбурскую групу», зь якой у часы прэзыдэнцтва Януковіча ўзаемадзейнічаў Манафорт, уваходзілі, як піша «Нямецкая хваля», былы канцлер Аўстрыі Альфрэд Гузэнбауэр, экс-прэм’ер Італіі Рамана Продзі, а таксама, магчыма, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Паведамляецца, што гэтыя палітыкі выступалі на розных канфэрэнцыях у ЗША і ЭЗ у абарону палітыкі Януковіча, у прыватнасьці, падкрэсьліваючы неабходнасьць для ЭЗ падтрымліваць адносіны з Украінай, нягледзячы на тое, што за кратамі тады знаходзілася тагачасная лідэрка апазыцыі Юлія Цімашэнка. За выступы яны атрымлівалі грошы. Гузэнбауэр пацьвердзіў гэты факт, падкрэсьліўшы, што ў такой дзейнасьці няма нічога незаконнага, і ён заплаціў усе падаткі.

Пол Манафорт — ключавы абвінавачаны па справе аб расейскім умяшаньні ў выбары ў ЗША. У дадзены момант, аднак, абвінавачваньні, выстаўленыя яму Робэртам Мюлерам, тычацца галоўным чынам яго дзейнасьці ва Ўкраіне. Напярэдадні Манафорт быў узяты судом пад варту. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў гэтае рашэньне, назваўшы яго несправядлівым, і пры гэтым падкрэсьліў, што Манафорт зусім нядоўга працаваў на яго кампанію.

Януковіч у 2014 годзе пасьля Эўрамайдану ці Рэвалюцыі годнасьці ўцёк з Украіны і быў адхілены ад улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG