Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцпракурор ЗША выставіў новыя абвінавачаньні супраць лабіста Януковіча


Робэрт Мюлер
Робэрт Мюлер

Спэцыяльны пракурор ЗША Робэрт Мюлер, які ўзначальвае расьсьледаваньне меркаванага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскую прэзыдэнцкую кампанію 2016 году, выставіў новыя абвінавачваньні супраць Пола Манафорта — былога кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа. Паводле Мюлера, Манафорт спрабаваў паўплываць на сьведак у справе.

Мюлер заявіў у звароце ў суд, што Пол Манафорт, вызвалены з-пад варты пад заклад у чаканьні суду, неаднаразова спрабаваў зьвязацца з двума чалавекамі з «Габсбурскай групы» — суполкі палітыкаў, зь якой ён працаваў да 2014 году, калі прасоўваў інтарэсы былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

У заяве суду гаворыцца, што ФБР мае дакумэнты, сьведчаньні і тэлефонныя запісы, якія даводзяць, што Манафорт спрабаваў зьвязацца з патэнцыяльнымі сьведкамі ў лютым, парушыўшы ўмовы свайго вызваленьня пад заклад.

Пол Манафорт
Пол Манафорт

У сваім у звароце ў суд акругі Калюмбія Мюлер просіць адклікаць ці перагледзець парадак вызваленьня Манафорта да суду. Манафорт быў зьмешчаны пад хатні арышт пасьля таго, як у кастрычніку яму прад’явілі абвінавачваньні ў адмываньні грошай, а таксама ў банкаўскім і падатковым махлярстве. Ён не прызнаў сябе вінаватым.

Мюлер запатрабаваў ад судзьдзі зьмяніць меру стрыманьня для Манафорта. Суд у справе Манафорта мае адбыцца 17 верасьня ў Вашынгтоне.

У сярэдзіне 2016 году Манафорт кароткі час узначальваў выбарчы штаб Дональда Трампа. Аднак ніводнае з вылучаных супраць яго яго абвінавачваньняў не зьвязана зь ягонай дзейнасьцю на гэтай пасадзе. Шэраг абвінавачваньняў тычыцца ягонай працы ад імя колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, які быў адхілены ад улады ў выніку вулічных пратэстаў у 2014 годзе і цяпер жыве ў выгнаньні ў Расеі.

У абвінаваўчым заключэньні, зробленым на пачатку гэтага году, Мюлер абвінаваціў Манафорта ў таемным лабіяваньні ў Вашынгтоне і Эўропе інтарэсаў «былых высокапастаўленых эўрапейскіх палітыкаў» у 2012 і 2013 гадах ад імя ўраду Януковіча. Былыя палітыкі, якім было выплачана больш за 2 мільёны эўра за працу, не раскрывалі, што ім плацяць за лабіяваньне, як таго патрабуе закон ЗША. «Плян быў у тым, каб былыя палітыкі, неафіцыйна званыя "Габсбурскай групай", з выгляду падавалі свае незалежныя ацэнкі дзеяньняў ураду Ўкраіны, калі на самай справе былі платнымі лабістамі, якія прадстаўлялі інтарэсы Ўкраіны», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG