Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лес ля вёскі Хайсы пад Віцебскам улады не прызналі месцам сталінскіх расстрэлаў


Адміністрацыя Віцебскага раёну настойвае, каб знойдзеныя два гады таму чалавечыя косьці былі пахаваныя як парэшткі ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, і не дазваляе ўдзельнікам ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» пазнаёміцца з высновамі пошукавікаў 52-га спэцыяльнага батальёну, якія працавалі на раскопках.

«Сувязь з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны» ўлады прасачылі ўсяго па дзьвюх знаходках

Заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў атрымаў адказ зь Віцебскага райвыканкаму, куды ён зьвяртаўся па зьвесткі пра знойдзеныя ўвесну 2017 году чалавечыя парэшткі. У лісьце з подпісам намесьніцы старшыні Жаны Чаркуновай актывісту пераказалі невялікія фрагмэнты справаздачы 52-га пашуковага батальёну, які працаваў у гэтых мясьцінах у красавіку-траўні мінулага году.

У «віцебскіх Курапатах» новыя страшныя знаходкі — вандалы раскапалі 7 брацкіх магілаў

Парэшткі ў «віцебскіх Курапатах» (архіўнае фота)
Парэшткі ў «віцебскіх Курапатах» (архіўнае фота)

Паводле гэтых фрагмэнтаў, апрача костак і чарапоў, у раскопах былі знойдзены артэфакты 1930-х гадоў. А таксама часткі абутку, які мог ужывацца і да 1941-га, і пасьля 1941-га году. Таксама былі знойдзеныя асобныя фрагмэнты абутку нямецкага жаўнера і байца Чырвонай арміі. На падставе гэтага ўлады агучылі вэрдыкт: паколькі безыменныя магілы першапачаткова былі ўскрытыя марадэрамі, нельга вызначыць дакладны час пахаваньняў, але адзінкавыя знаходкі сьведчаць пра тое, што «сувязь гэтага пахаваньня з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны відавочная».

Раскоп, зроблены «чорнымі капальнікамі» (архіўнае фота)
Раскоп, зроблены «чорнымі капальнікамі» (архіўнае фота)

Зь мінулага лета Ян Дзяржаўцаў пісаў запыты, каб яму дазволілі пазнаёміцца з высновамі пошукавікаў у поўным аб’ёме. Аднак даць гэтую інфармацыю адмовіліся і ў вайсковай частцы, і ў райвыканкаме — маўляў, гэтыя дакумэнты зьмяшчаюць тайну дзяржаўнай перапіскі. Актывіст змог пазнаёміцца хіба толькі з высновамі навукоўца Алега Іова, які прыяжджаў на раскопкі і лічыць, што пахаваньне ў лесе каля вёскі Хайсы дужа падобнае да бачанага ім у Курапатах.

Паказаньні сьведак райвыканкам праігнараваў

У лісьце, дасланым Яну Дзяржаўцаву, чыноўнікі паведамляюць, што шукалі відавочцаў падзей 1937-1939 гадоў. І што ў блізкіх вёсках Хайсы, Дрыкольле і Лужасна не знайшлося «прамых сьведак расстрэлаў».

Сьведка расстрэлу, 90-гадовы Дзьмітры Ганчароў (архіўнае фота)
Сьведка расстрэлу, 90-гадовы Дзьмітры Ганчароў (архіўнае фота)

На працягу мінулых чатырох год актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» запісалі больш за 30 сьведчаньняў мясцовых жыхароў пра сталінскія расстрэлы. Частка зь іх пераказвала аповеды старэйшых сваякоў, некаторыя сьведкі ўжо пайшлі з жыцьця. Але жывыя сьведкі таксама засталіся — прыкладам, Дзьмітры Ганчароў, які маленькім хлапчуком на свае вочы бачыў супрацоўнікаў НКВД у суседнім лесе. Ягоным словам чыноўнікі веры не даюць.

І ня хочуць чакаць высноваў экспэртызы, куды адправілі некалькі знаходак. У тым ліку жаночы грабеньчык з часткай прозьвішча, надрапанага на ім. З гэтых літар удзельнікі грамадзкай ініцыятывы высьветлілі імавернае прозьвішча закатаванай жанчыны — 27-гадовай настаўніцы Вольгі Данцыт, расстралянай 30 красавіка 1938 году. Пагадзіцца з высновамі актывістаў ня хочуць ні мясцовыя ўлады, ні вайсковыя археолягі: паводле адказу з райвыканкаму, ужо некалькі месяцаў вядуцца архіўныя пошукі ўладальніцы грабеньчыка.

Сымбалічнае пахаваньне Вольгі Данцыт (архіўнае фота)
Сымбалічнае пахаваньне Вольгі Данцыт (архіўнае фота)

Аднак перапахаваньне парэшткаў можа адбыцца раней, чымсьці закончыцца праца ў архіве: ужо створаны аргкамітэт для перапахаваньня, куды актывістаў ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» ня толькі не запрашаюць, але й знарок не ўключаюць.

Ян Дзяржаўцаў: паўтараецца ўсё тое, што ўжо было ў 2016 годзе

Упершыню чалавечыя парэшткі былі знойдзены ў лесе пад Хайсамі ў лістападзе 2014-га. Знаходкі шакавалі старшыню сельвыканкаму Леаніда Дубіну, але ён практычна адразу заявіў: «Не спадзявайцеся, на мэмарыялы ў мяне няма грошай».

Пахаваньне на брацкіх могілках (архіўнае фота)
Пахаваньне на брацкіх могілках (архіўнае фота)

Ён выклікаў пошукавы батальён, і эксгумаваныя парэшткі пахавалі на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна як «ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны». Падставай для гэтага стаў нібыта знойдзены пошукавікамі «фрагмэнт тканіны, ідэнтычнай той, зь якой выраблялася вайсковая форма нямецкіх жаўнэраў».

Ян Дзяржаўцаў (архіўнае фота)
Ян Дзяржаўцаў (архіўнае фота)

Ян Дзяржаўцаў перакананы: сцэнар двухгадовай даўніны будзе паўтораны і зараз.

«Парэшткі, знойдзеныя першымі, у 2016 годзе пахавалі ў вайсковай магіле з салютам! І ўсё праз тое, што вайскоўцы знайшлі кавалак нібыта нямецкага кіцеля. Зрэшты, гэта не вялікае дзіва: у гады вайны на гэтай тэрыторыі ішлі баі, таму ў зямлі могуць быць фрагмэнты адзеньня і абутку жаўнераў. Але яны адзінкавыя! Аргумэнтаў на карысьць таго, што ў Хайсах расстрэльвалі ахвяраў сталінізму, куды болей! Гэта і сьведчаньні мясцовых людзей, і высновы навукоўцаў Вяргей, Крывальцэвіча, Іова, і адтуліны ад куль у чарапах, і гільзы ад „расстрэльнай зброі“, якую мела менавіта НКВД. Але гэта ігнаруецца!» — кажа Дзяржаўцаў.

Удзельнікам ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», дзякуючы якім грамадзкасьці стала вядома пра «могілкі ў лесе», чыноўнікі адмовіліся прыняць у склад «аргкамітэту ўшанаваньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў», створанага для перапахаваньня парэшткаў. Актывістам застаецца толькі ўшаноўваць памяць рэпрэсаваных уласнымі высілкамі: менш як за чатыры гады яны стварылі тут народны мэмарыял.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG