Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкант, праездам


Аляксандар Лукашук.
Аляксандар Лукашук.

Аднойчы мы зь сябрам выпівалі і слухалі Акуджаву. А тут якраз яго жонка дадому вярнулася, і кажа: ага, Акуджава — значыць другую бутэльку пачалі. Яна мела рацыю, хоць я слухаў яго тысячу разоў і без бутэлькі — Акуджава забіраў мацней за любы напой.

А першы і апошні раз размаўляў зь ім ў 1996 годзе, калі ён быў госьцем Радыё Свабода ў Празе.

Тады Акуджава ўразіў мяне тым, як добра ён стаў сьпяваць, як вярнулася звонкасьць і сіла ў ягоны голас. Пасьля некалькіх песьняў мы размаўлялі і я зрабіў небездакорны камплімэнт: Булат Шалвавіч, вы цяпер сьпяваеце лепш, чым раней. Акуджава вельмі прыязна заўсьміхаўся і сказаў: сапраўды, усе мае сябры мне так кажуць, што голас стаў лепшым.

У гэты кароткі момант у мяне было выразнае, пэўнае і поўнае адчуваньне, што я таксама яго сябар, уключаны ў яго кола. Так я аднойчы адкрыў ліст ад Быкава зь Фінляндыі і пабачыў «Саша, дарагі дружа».

Божа мой. Мой Божа, зеленавокі мой, як сьпявае Акуджава.

1996 год. Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе. Булат Акуджава адказвае Аляксандру Лукашуку.
1996 год. Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе. Булат Акуджава адказвае Аляксандру Лукашуку.

Тады, у Празе, я задаў пытаньне, якое даўно мяне цікавіла. У канцы 1980-х, калі атамны выбух свабоды ствараў новы сьвет, я пабачыў па тэлебачаньні Акуджаву. Ён сьпяваў песьню пра надзею, пра перамены, якую я з таго часу ня мог забыць. Сканчалася яна нечакана:

А если все не так, а все, как прежде, будет,
пусть Бог меня простит, пусть сын меня осудит,
что зря я распахнул счастливые крыла.
Что ж делать, надежда была...

Я быў моцна ўражаны гэтым аптымістычным і трагічным пасылам, які спраўджваўся на вачах. І нідзе ня мог знайсьці тэксту ці запісу. У тым самым 1988, на другім баку плянэты Леанард Коэн напісаў і прасьпяваў «Everybody knows»: усе ведаюць, што вайна скончылася, усе ведаюць, што нашы прайгралі. Але перад гэтым была «Алілуя» зь яе мэлянхоліяй і надзеяй.

Я спытаўся ў Акуджавы, ці памятае ён песьню пра крылы шчасьлівыя, дзе можна ўзяць словы? Акуджава, мне падалося, узрадаваўся і кажа, што верш нідзе не друкаваўся, можа, у нейкім абласным часопісе. І сказаў таксама, што песьня для яго таксама важная і дарагая.

Ужо пасьля сьмерці Акуджавы праз год, калі пачалі выходзіць ягоныя зборнікі, я набыў кнігу, дзе быў тэкст песьні «На Сретенке ночной» (Когда опустеет Париж).

На Сретенке ночной надежды голос слышен.
Он слаб и одинок, но сладок и возвышен.

Ён мог памерці разам са сваёй сям’ёй у ГУЛАГу, дзе зьнік ягоны бацька. Ён мог загінуць на вайне, як большасьць ягонага пакаленьня.

Уже который раз он разрывает тьму...
И хочется верить ему

Заўсёды ў яго, як і ў Быкава, прысутнічае гэтая тэма, якую ён змог гэтак нечакана пачуць — надзея ўжо была, будучыня ўжо была.

Сёньня — дзень яго сьмерці, 12 чэрвеня.

Вось што я слухаў з раніцы: «Союз друзей», «Молитва», «О Володе Высоцком», «А как первая любовь», «Вот так она любит меня», «Старый пиджак», «Заезжий музыкант».

Жыцьцё наша, музыкант праездам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG