Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прабачце, маліцеся». У Гомлі ўчыніла самагубства маці дваіх дзяцей


Дом адбылося здарэньне
Дом адбылося здарэньне

10 чэрвеня пайшла з жыцьця праз самагубства 43-гадовая жыхарка Гомля Алена. У яе засталіся муж, дзеці — Саша, які скончыў трэцюю клясу, і Наста — днямі атрымала атэстат за дзявятую. Суседзі кажуць, што жанчына пайшла на такі крок, бо не магла знайсьці працы.

Жыве сямʼя, у якой здарылася трагедыя, у тыповай «хрушчоўцы» ў спальным раёне.

«Жах. Што яна нарабіла... На каго б падумаў — толькі не на іх! Такая прыстойная сям’я, такая дружная! Усюды разам — на возера, на лецішча, у вёску. Ніколі ня тое каб ці алькаголь ужывалі, ці скандал быў — нават голас ніхто зь іх ніколі не падвышаў!» — сказаў Свабодзе сусед Мікалай (імя зьменена па яго просьбе).

Як ён кажа, на кожныя выходныя ўся сям’я езьдзіла ў вёску. У мінулую суботу, на дзіва, Алена не паехала. На лецішча выправіліся муж зь дзецьмі і сваякі.

«Відаць, яна даўно рыхтавалася. Таму неяк схітрыла і засталася дома. У нядзелю да яе хацела зайсьці сваячка, а яна кажа: „Дык як ты зойдзеш, мы зь Сяргеем на лецішчы...“ А сама была дома. Апошні год яна не магла знайсьці працу. Але трымалася — заўсёды віталася, усьміхалася, хоць відаць было, што нешта зь ёй ня так. Ідзе, усьміхнецца, і нібыта такая бадзёрая», — кажа сусед.

У нядзелю вечарам Сяргей зь дзецьмі вярнуліся зь лецішча.

«Саша, меншы іх, выскачыў з аўтамабіля зь вялізным букетам васількоў, кажа: „Во маці васількоў настрыг!“. Наста, старэйшая, пайшла першая ў пад’езд. Сяргей застаўся каля машыны — паказваў, якую рыбу злавіў. Мы яшчэ кажам, што не дарма ноч на беразе сядзеў, пасмажыць на ўсю сямʼю хопіць. І тут — страшны крык. Наста крычала...» — ледзьве падбірае словы Мікалай.

Потым прыехала хуткая дапамога, міліцыя. Кажуць, што знайшлі перадсьмяротную запіску.

«Там была, кажуць, цэлая пэтыцыя. Яна ўсё тлумачыла... Пісала, што ёй сорамна, што яна не працуе, ня можа забясьпечыць дзяцей. Апошнія словы былі: „Прабачце, маліцеся“», — перадаў сусед.

Перад самагубствам жанчына, па словах суседа, выдаліла старонкі ў сацыяльных сетках. Але адна старонка засталася.Сярод зацікаўленасьцяў — толькі дзьве «групы» і «цікавыя старонкі», абедзьве — «Работа в Гомеле».

Іншая суседка дадае, што Алена зьняла крыжык і пярсьцёнак «перад гэтым», бо «ведала, што гэта грэх». Пэнсіянэрка кажа, што жанчына хадзіла ў царкву па сьвятах.

«Нарабіла дык нарабіла. Хіба праз працу накладаць на сябе рукі? А ў каго цяпер ёсьць тая праца?» — кажа пэнсіянэрка.

Яна ўзгадвае, што два гады таму ў суседнім доме таксама пайшла з жыцьця маладая жанчына. У яе было дзіця-інвалід, праблемы з працаўладкаваньнем, безграшоўе.

Сусед Мікалай зноў вяртаецца да тэмы беспрацоўя, кажа, што сам са сьнежня ня можа нікуды ўладкавацца: «Жыву на адной бульбе з алеем».

З прычынамі і абставінамі трагедыі разьбіраюцца праваахоўныя органы.

Беднасьць і алькагалізм. Чаму беларусы ідуць на самагубства

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG