Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Зона Х. Пажыцьцёвае


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона Х. Пажыцьцёвае»: Пажыцьцёвае як альтэрнатыва расстрэлу. Гісторыя нерэабілітаванага Аляксандра Буд-Гусаіма. Суд за пяць гадзінаў. Справы нібы пад капірку. Апошняе інтэрвію перад сьмерцю. Неправасудныя выракі і прэзыдэнцкая ласка. Гісторыя асуджанага на 24 гады Раміза Мамедава. Як суд адмовіў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Як памілавалі пухавіцкіх забойцаў.

ЗОНА Х. ПАЖЫЦЬЦЁВАЕ


У Беларусі з часу абвяшчэньня яе незалежнасьці (ад 1991 да 2017 году) было выканана больш за 330 расстрэлаў. Цяпер краіна застаецца адзінай у Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды. Інстанцыя, якая дае асуджанаму на сьмерць хоць маленькую, але ўсё ж надзею на жыцьцё — інстытут прэзыдэнцкага памілаваньня. Ад канца 1990-х у якасьці альтэрнатывы расстрэлу ў краіне ўжываецца такая выключная мера крымінальнага пакараньня, як пажыцьцёвае зьняволеньне (ПЗ).


Суд за пяць гадзінаў


Былы асуджаны-пажыцьцёвік з Салігорску Аляксандар Буд-Гусаім кароткі час быў на волі адзіным сьведкам таго, што ўяўляе сабой гэты самы суровы турэмны рэжым. Пасьля вызваленьня ён пражыў няшмат. Памёр ад раптоўнага спыненьня сэрца ў траўні 2017-га на 59-м годзе жыцьця.

Менскі журналіст Васіль Сямашка прыгадвае, што пра Буд-Гусаіма ўпершыню пачуў недзе ў 2001 годзе, калі той ужо сядзеў у Жодзіне. Васіль працаваў тады ў «БДГ» і, рыхтуючы нейкі артыкул, зьвярнуўся з пытаньнем да аднаго з супрацоўнікаў МУС. Той і расказаў пра здарэньне ў сьнежні 1998-га, калі ў адным з палескіх запаведнікаў быў забіты егер. Крайнім у гісторыі незразумела як стаў сваяк суразмоўцы журналіста, хоць падазрэньні і падалі на аднаго зь мясцовых міліцыянтаў.

Сямашку далі пачытаць справу Буд-Гусаіма. Дакумэнты ўражвалі шматлікімі нестыкоўкамі. Васіль вырашыў паехаць на месца здарэньня, у вёску да бацькоў пажыцьцёвіка.

Васіль Сямашка
Васіль Сямашка

Паляваньнем у вёсцы Вейна, што ў цэнтры Старобінскага запаведніку, у самым пачатку беларускага Палесься, займаліся многія. Амаль кожны жыхар меў ліцэнзію, належаў да Таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Таксама любілі там паляваць мясцовыя міліцыянты ды госьці са сталіцы.

Ад Васіля Сямашкі

— Буд-Гусаімы прапанавалі мне начлег у адным з пакояў. Раніцай бацька запрог каня і павёз мяне па вёсцы, дзе ўсе дамы былі акуратныя ды дагледжаныя. Вяскоўцы самі падыходзілі да мяне, казалі, што ня вераць у вінаватасьць Аляксандра, бо ведалі яго з маленства.

Ён скончыў школу, вывучыўся на гадзіньнікавага майстра, аднак у 1990-я прыйшлося думаць пра выжываньне. Як і многія ў тыя часы, езьдзіў на заробкі ў Расею. Ён шмат што ўмеў рабіць, а таму браўся за любы занятак, пераважна ў розных будаўнічых спэцыяльнасьцях. Паводле вяскоўцаў, быў добрым працаўніком, узорным сем’янінам, ня меў ніводнага прыводу ў міліцыю.

У той самы дзень журналіст сустрэўся зь мясцовым міліцыянтам. Было відаць, што той ня надта хоча размаўляць. Чым далей, тым справа выглядала ўсё больш падазронай. Адзіным доказам супраць Буд-Гусаіма было тое, што знойдзены ў ягоным доме шрот належаў да той самай групы, як і той, якім быў забіты егер. Нічога дзіўнага ва ўмовах вёскі, дзе ўсе палявалі. Шрот усе набывалі ў той самай краме, нярэдка мясцовыя ўмельцы самі рабілі яго і прадавалі ня толькі ў сваёй, але і ў навакольных вёсках.

Аляксандар Буд-Гусаім
Аляксандар Буд-Гусаім

Пасьля некалькіх сутак, якія Аляксандар як падазраваны правёў у РАУС, ён сам прызнаўся ў забойстве. Падпісаў паперу, што страляў па цёмнай пляме. На судзе, аднак, адмовіўся ад гэтых паказаньняў, паколькі падчас допытаў (без адваката) яго моцна зьбівалі, а п’яны сьледчы да таго ж пагражаў пісталетам. Суд не прыняў да ўвагі гэтай заявы і прызнаў, што абвінавачаны страляў і пры гэтым «добра бачыў па кім».

Як вынікала з матэрыялаў справы, міліцыянты на судзе блыталіся. Але справа была рэзананснай — забойства дзяржаўнага чыноўніка падчас выкананьня службовых абавязкаў. Працэс зрабілі паказальным. Ведамства аховы прыроды напісала прадстаўленьне аб пасьмяротным узнагароджаньні егера за мужнасьць. Буд-Гусаіму за тое, што ў судзе адмовіўся ад ранейшага прызнаньня, далі пажыцьцёвае. Суд праходзіў усяго пяць гадзінаў. Перад абедам пачалі, да вечара далі ПЗ.

У сваім артыкуле («БДГ» № 83 ад 29.11.2001) Васіль Сямашка выклаў у тым ліку і ўласную вэрсію выпадку на паляваньні. Акурат перад Новым 1999 годам два егеры ведамства аховы прыроды ў суправаджэньні міліцыянтаў праводзілі чарговы рэйд. Спачатку, як прынята ў такіх выпадках, выпілі, потым у лесе паміж імі адбылася сварка. Здарыўся няшчасны выпадак. Гонар мундзіра патрабаваў знайсьці вінаватага звонку.

Журналіст кажа, што пасьля публікацыі матэрыялу ў «БДГ» (гэта быў час, калі недзяржаўную прэсу чыталі), ён рэгулярна наведваў нацыянальны прэс-цэнтар і пастаянна задаваў генпракурору пытаньне пра Буд-Гусаіма. Казаў так:

— Прашу лічыць маю вусную заяву падставай для праверкі крымінальнай справы, і калі гэта ня так, можаце прыцягнуць мяне да адказнасьці за паклёп.

Гэтыя заявы ня надта падабаліся, аднак за паклёп ніхто журналіста не прыцягнуў. Потым, калі сямейнікі ды блізкія, а таксама абаронца Буд-Гусаіма пісалі скаргі да апэляцыі, каб перагледзець справу ды адмяніць прысуд, яны прыкладалі ў якасьці падставы публікацыі з «БДГ». У адказ з розных інстанцыяў прыходзілі аднолькавыя адпіскі.

Споведзь пажыцьцёва зьняволеннага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:42 0:00
Наўпроставы лінк

Публікацыю Сямашкі ўдалося пераслаць самому Буд-Гусаіму. Журналіст і асуджаны ліставаліся — і калі Аляксандар сядзеў у Жодзіне, і калі яго праз 10 гадоў перавялі ў Глыбокае, а потым у Наваполацак ды Гезгалы. Першы і апошні раз яны сустрэліся восеньню 2014-га ў Салігорску, дзе ў той час жыла сям’я. Фамільны дом у вёсцы быў прададзены сваяком, і Аляксандар быў гэтым вельмі засмучаны.​

Справы нібы пад капірку

Актывістка грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд» Людміла Кучура ўпершыню пра справу Буд-Гусаіма пачула ў канцы 2006 году. Празь нейкі час, калі яна ўжо была знаёмая з жонкай Аляксандра Марыяй, ёй удалося ўбачыць тыя дакумэнты. Паводле Людмілы, часам складалася ўражаньне, што справа Буд-Гусаіма і яе мужа Пятра, заведзеныя з розьніцай у тры гады, напісаныя ледзь не пад капірку.

Пятро Кучура, якому цяпер за шэсьцьдзесят, ужо больш за дванаццаць гадоў з прысуджаных васямнаццаці ўтрымліваецца за кратамі. Яму гэтаксама, як і Буд-Гусаіму, інкрымінаванае забойства адказнага чыноўніка пры абцяжлівых абставінах. Як высьветліла потым Людміла, творцам абедзьвюх справаў была тая самая службовая асоба.

Жонцы Буд-Гусаіма Людміла параіла зьвярнуцца да адвакаткі, якая вяла справу Пятра Кучуры. Было накіравана некалькі зваротаў у розныя інстанцыі. Вырашальным стаў зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Пасьля разгляду папераў на тым узроўні Генпракуратура вынесла пратэст. Замест пажыцьцёвага прызначылі абмежаваны тэрмін пакараньня.

Людміла Кучура
Людміла Кучура


Ад Людмілы Кучуры

— Для нас нават і такое рашэньне было радасьцю. Нарэшце чалавек ужо ня будзе зажыва гніць ва ўмовах вязьніцы, дзе ў лепшым выпадку сьвежым паветрам падыхаеш 30 хвілінаў за дзень, дзе кавалак неба бачыш толькі праз краты турэмнага дворыка, а такіх элемэнтарных рэчаў, як трава і дрэвы, ня бачыш увогуле.

Людміла ўспамінае, як неўзабаве пасьля вызваленьня Аляксандар разам з Машай пабывалі ў яе дома ў Менску:

— Я тады ўбачыла яго ўпершыню. Гэта было нечаканае ўражаньне. Чалавек, які каля 12 гадоў сядзеў з самымі жорсткімі забойцамі, абсалютна не адпавядаў вобразу мацёрага крымінальніка. Гэта была сьветлая і чыстая асоба. Падцягнуты, акуратны, апрануты сьціпла, але з густам. У размове ніякага жаргону. Культурны, разумны, ветлівы. Пасьля мы пачалі часта перазвоньвацца. Мяне кожны раз зьдзіўляла, што ў гэтым чалавеку не было ніякай азлобленасьці.

На волі Аляксандар Буд-Гусаім не пражыў і трох гадоў. Аднак дэ-юрэ ён заставаўся асуджаным нават на свабодзе. У 2010-м Вярхоўны Суд толькі замяніў ПЗ на абмежаваны тэрмін пакараньня: дваццаць гадоў няволі, а з улікам розных амністый — сямнаццаць.

Восеньню 2014-га адбылася замена на яшчэ больш мяккі рэжым — «хатнюю хімію». Вярнуўшыся дадому, у сям’ю, Буд-Гусаім, як і любы іншы «хімік», мусіў рэгулярна зьяўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі ці проста на прафіляктычныя размовы, ня мог без папярэдняй згоды зь міліцыянтамі пакідаць месца рэгістрацыі.

А.Буд-Гусаім з жонкай, 2014 год, здымак, зроблены неўзабаве пасьля вызваленьня
А.Буд-Гусаім з жонкай, 2014 год, здымак, зроблены неўзабаве пасьля вызваленьня

Ад вечара да раніцы, нават сярод ночы, да яго маглі прыйсьці праваахоўнікі, каб праверыць, ці дома ён. Таксама ягоны працадаўца ў адказ на звароты сілавікоў мусіў накіроўваць зьвесткі аб паводзінах.

Сталы міліцэйскі нагляд праяўляўся ня толькі ў гэтым. Калі пасьля вяртаньня дадому Аляксандар Буд-Гусаім даў інтэрвію Свабодзе, яго папярэдзілі: ня хочаш непрыемнасьцяў — маўчы. Для міліцыі (і ня толькі для яе) ён усё роўна заставаўся асуджаным за забойства (арт. 139, ч. 2.) Забойцам ён як нерэабілітаваны юрыдычна застаецца і цяпер.

Афіцыйна суджанасьць была зьнятая напярэдадні 2017 году. Праўда, паводле Аляксандра Сьцяпанавіча, яму зноў на восем наступных гадоў прызначылі міліцэйскі кантроль, але больш мяккі за папярэдні. Нейкіх абмежаваньняў ужо не было, не папярэджвалі таксама і наконт размоваў са СМІ.

Сваё другое і апошняе інтэрвію за два месяцы да сьмерці Аляксандар Буд-Гусаім даў «Свабодзе ў турмах».

Неправасудныя выракі і прэзыдэнцкая ласка

Стан правасудзьдзя ў краіне ацэньваюць не па колькасьці абвінаваўчых, а па колькасьці апраўдальных прысудаў. Сыходзячы з усясьветнай практыкі, цалкам прымальна, калі гэта 10–15%.

Калі ўзяць Беларусь, то тут гэты паказчык, як і ў суседняй Расеі, меншы за 1%. Так на канец 2015 — пачатак 2016-га (паводле афіцыйных дадзеных) на 400 асуджаных па крымінальнай справе прыпадаў толькі адзін апраўданы. Калі параўнаць з пэрыядам сталінскіх рэпрэсіяў (1937–1939 гг.), то тады адсотак апраўдальных прысудаў перавышаў 10%.


Гісторыя асуджанага на 24 гады Раміза Мамедава


Раміз Мамедаў, якому цяпер крыху за 30, быў асуджаны ў 2004 годзе на 24 гады і адзін месяц зьняволеньня нібыта за забойства стрыечнай сястры Валерыі Арловай, якой было 14 гадоў. Да апошняга дня дзяўчына жыла ў бабулі. Крыху раней памерла ад раку яе маці, і бабуля Галіна забрала ўнучку жыць да сябе, замкнуўшы кватэру нябожчыцы-дачкі.

Вясельны здымак Раміза з жонкай Валяй
Вясельны здымак Раміза з жонкай Валяй

Нам невядома, наколькі дапамагае сьледзтву ва ўмовах Рэспублікі Беларусь прылада, вядомая пад назвай «паліграф». Калі яе працягваюць выкарыстоўваць, то, можа, і дапамагае. Але ў выпадку Раміза Мамедава, які расьсьледаваў Сяргей Астраўцоў, здарылася штосьці малазразумелае.

Ад Галіны Мамедавай

«14 верасьня 2003-га, у нядзелю, было забойства, а ў аўторак прывезьлі паліграф зь Менску», — распавядае маці хлопца Галіна Мамедава. Спачатку, кажа яна, праверылі аднаклясьніка Валерыі.

— Потым правяралі бацьку Леры. І Раміза таксама дапыталі на паліграфе. Высновы паліграфа: ня мае дачыненьня, не валодае інфармацыяй пра забойства.

На месцы злачынства не знайшлі ні сьлядоў Раміза, ні адбіткаў пальцаў, ні прылады забойства. Матыву таксама не было. Але матыў знайшлі. Маўляў, хлопец прагнуў завалодаць кватэрай сястры. І яго пасадзілі. Пазьней, праўда, абласны суд у Горадні скасаваў карысьлівы матыў.

— Ён толькі ў трэцюю або чацьвёртую чаргу мог быць спадчыньнікам. Мы палічылі: яму шэсьць чалавек трэба забіваць тады, ня зь Леры пачынаць. Бабуля тады была прызнаная апякункай. Ніякага доказу ягонай віны. Нават экспэртызы сьведчаць хутчэй на ягоную карысьць. Яго адправілі ў Навінкі, судова-псыхіятрычную экспэртызу праводзілі. І сказалі па яе выніках: ён ня можа па ўласьцівасьцях свайго характару падмануць паліграф. Ён тройчы дапытваўся на паліграфе: не датычны. У 2003 годзе, у 2009-м і ў 2013-м.

Валерыю Арлову забілі сотняй колатых ранаў. Суседзі чулі, што ў кватэры была кампанія.

Сьледчы экспэрымэнт праводзіцца дзеля таго, каб падазраваны паказаў на месцы злачынства, што ён і як рабіў. Аднак, паводле маці, Раміза на месца злачынства, у кватэру ягонай бабулі, не дапусьцілі:

— На судзе Раміз патлумачыў, што яму сказалі, маўляў, няма чаго табе туды ісьці, ты можаш там усё наблытаць. А ў пратаколе напісалі, што адмовіўся з прычыны таго, што яму цяжка знаходзіцца на месца злачынства.

Як суд адмовіў прэзыдэнцкай адміністрацыі

Пасьля забойства Валерыі Арловай пацярпелымі прызналі яе бацьку (які пазьней памёр) і бабулю. Ні бабуля — Галіна Ўладзімераўна Варановіч, ні Рамізава маці ні на каліва ня вераць, што ён забойца, і змагаюцца за яго. Яны распавядаюць, як ён заўсёды дбаў пра Леру, дапамагаў ёй. Бабуля вельмі любіла ўнучку, але і за ўнука працягвае змагацца, як можа, разам са сваёй дачкой Галінай, ягонай маці.

Тое, што родныя ня вераць суду, што Раміз для іх быў і застаецца невінаватым — звычайная рэч. Унікальнасьць гісторыі ў тым, што хібнасьць прысуду прызналі і «адпаведныя органы», куды не стамляліся зьвяртацца сваякі хлопца.

У 2010 годзе вынікі даў зварот у Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) пры прэзыдэнце, успамінае Галіна Мамедава. Цэнтрам кіраваў тады Віктар Лукашэнка. Праверка паказала:

«...Выкладзеныя ў заключэньні пракурора і ў матэрыялах справы абставіны сьведчаць аб неадпаведнасьці высноваў суду, выкладзеных у прысудзе, фактычным акалічнасьцям справы».

14 кастрычніка 2010 году распараджэньнем кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея была створаная працоўная група, каб вывучыць абставіны справы Раміза Мамедава. Група прыйшла да высновы:

«Па сутнасьці абвінаваўчы прысуд грунтуецца на паказаньнях двух асноўных сьведак па справе, у аб’ектыўнасьці якіх існуюць пэўныя сумненьні».

Галіна Мамедава паказвае копію яшчэ аднаго важнага дакумэнту:

«Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Васілевічу Р. А.

Паважаны Рыгор Аляксеевіч!

Працоўнай групай, створанай распараджэньнем кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з удзелам прадстаўніка Генэральнай пракуратуры, вывучаны факты, выкладзеныя ў звароце Г. Л. Мамедавай у адносінах да асуджэньня Р. Р. Мамедава.

Па выніках дадзенага дасьледаваньня працоўная група прыйшла да высновы, што пры ажыцьцяўленьні вытворчасьці па крымінальнай справе ў адносінах да Р. Р. Мамедава, прызнанага вінаватым ва ўчыненьні забойства з асаблівай жорсткасьцю і асуджанага на 24 гады пазбаўленьня волі, органамі, якія вядуць крымінальны працэс, ня высьветленыя і не ацэненыя ў поўным аб’ёме акалічнасьці ўчыненьня гэтага злачынства, у тым ліку датычнасьць іншых асобаў да ўчыненьня злачынства, мэханізм нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, прыналежнасьць сьлядоў злачынства.

У якасьці доказаў віны Р. Р. Мамедава пакладзеныя паказаньні сьведак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, у тым ліку прызнаныя ў далейшым фальшывымі, існуе шэраг працэсуальных парушэньняў. Пры гэтым пры дасудовай і судовай вытворчасьці, у тым ліку пры ўзбуджэньні вытворчасьці па наноў адкрытых акалічнасьцях, не дасьледаваныя паказаньні ўсіх сьведак, уключаючы асобаў, якія паказалі, што Р. Р. Мамедаў у момант учыненьня злачынства знаходзіўся ў іншым населеным пункце.

З улікам выкладзенага просьба правесьці праверку наноў адкрытых акалічнасьцяў, выкладзеных у даведцы працоўнай групы, у мэтах аднаўленьня вытворчасьці па крымінальнай справе ў адпаведнасьці з разьдзелам 43 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і далейшага дакладу кіраўніку дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь У. Макей.

29 сьнежня 2010 году».

Як бачым, вынікі павінны былі легчы на стол Аляксандру Лукашэнку.
5 ліпеня 2011 году судовая калегія (старшыня — А. Райдулін) па крымінальных справах Вярхоўнага Суду вызначыла: аднавіць вытворчасьць па крымінальнай справе з нагоды наноў адкрытых акалічнасьцяў, адмяніць прысуд, а справу перадаць Генэральнаму пракурору для правядзеньня новага папярэдняга расьсьледаваньня.

Новае сьледзтва сапраўды правялі. Матэрыялы па Мамедаве ў 2013 годзе перадалі зноў у Горадзенскі абласны суд, іх разглядаў новы склад судзьдзяў. Аднак вынік быў той самы: вінаваты, 24 гады турмы. Хоць у перапынку нехта з судзьдзяў аптымістычна сказаў маці: вельмі вялікія шанцы, што лёс яе сына пераменіцца.

Галіна Мамедава пра прысуд сыну і распад сям’і
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00

Што ж здарылася? Чаму Раміза Мамедава не апраўдалі? Напэўна, таму, што ўсе, хто прызнаў Раміза вінаватым, працуюць і сёньня, мяркуе маці, усе на сваіх пасадах. Хто ж прызнае, што пасадзіў невінаватага і катаваў яго з тым, каб дамагчыся прызнальных паказаньняў?

Адзін чыноўнік у сталіцы прызнаўся Галіне Мамедавай: «Такой справы, як справа вашага сына, у Беларусі больш няма!» Гэта ўжо было пасьля прысуду 2013 году. Паводле жанчыны, тады нібыта і прасьвет паявіўся, але нешта зноў павярнулася ня ў той бок.

Галіна Мамедава ня лічыць, што ёй мог пашкодзіць зварот па дапамогу да праваабаронцаў, а ня толькі ў дзяржаўныя ўстановы:

— У свой час нашай справай зацікавілася «Плятформа». Мы сустракаліся з Андрэем Бандарэнкам, з Алёнай Красоўскай некалькі разоў. Яны на прысуд прыехалі, прапанавалі ўзяць адваката. Але вельмі вялікая сума была для азнаямленьня з матэрыяламі справы. У нас такой няма.

Галіна Мамедава ўсе гэтыя гады думае: чаму выбар паў менавіта на яе сына?

— Нехта непрыхільна кінуў: ён жа азэрбайджанец. Але ж ён беларусам лічыцца, мясцовы, азэрбайджанец толькі напалову, ён там ніколі й ня быў нават.

Як памілавалі пухавіцкіх забойцаў

Выпадак, які ў 2009 годзе ўскалыхнуў Беларусь, здарыўся ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну. Наш карэспандэнт наведаў месца падзеяў празь пяць гадоў — пра тое, як тады ў Пухавічах трое мужчын сярэдняга веку і адна маладая жанчына забілі аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, мала хто ўзгадваў. Яшчэ менш памяталі пра тое, што стала прычынай таго злачынства — падазрэньне ў тым, што мужчына падпальваў стагі сена ды гаспадарчыя пабудовы.

Суд над жыхарамі Пухавічаў, якія ўчынілі самасуд. На здымку (зьлева направа): Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч, Тацьцяна Юхневіч, Сяргей Аліферовіч.
Суд над жыхарамі Пухавічаў, якія ўчынілі самасуд. На здымку (зьлева направа): Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч, Тацьцяна Юхневіч, Сяргей Аліферовіч.

Тады па факце забойства арыштавалі Сяргея Аліфяровіча, Ігара Макарэвіча, Тацяну Юхневіч і Аляксандра Петручэню. Але неўзабаве іх адпусьцілі — умяшаўся прэзыдэнт. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж прапанаваў старшыні Вярхоўнага Суду Валянціну Сукалу «ляяльна весьці гэтую крымінальную справу», бо забіты быў «нягоднікам» ды «тэрарызаваў цэлую вёску».

Як вынікала са стэнаграмы нарады, кіраўнік дзяржавы дакладна сказаў наступнае:

— Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, і ўсе ж простыя людзі на іх баку... Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах бадзяўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску.

Прэзыдэнт таксама папрасіў старшыню Вярхоўнага Суду: «Калі ласка, адвязіце людзей у вёску, і хай гэтыя старыя (а ім на момант забойства ня споўнілася і сарака. — Аўтар) працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем’ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце, гэта для іх будзе лепш, чым сядзець у сьледчым ізалятары».

Ад таго часу ўсіх чацьвярых вазілі на допыт, а потым і ў суд міліцэйскай машынай ці аўтобусам. Гомельскі абласны суд асудзіў Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча, якіх абвінавачвалі ў тым, што забілі аднавяскоўца сякерамі, а цела спалілі, адпаведна на пяць і тры гады пазбаўленьня волі.

Магіла Мікалая Макарэвіча
Магіла Мікалая Макарэвіча

У калёнію іх не адправілі — пакараньне адбывалі пад хатнім арыштам. Дзеяньні памагатых у забойстве — Тацяны Юхневіч і Аляксандра Петручэні — суд перакваліфікаваў на ўкрывальніцтва сьлядоў асабліва цяжкага злачынства. Абое атрымалі па два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу.

На час кароткай сустрэчы з карэспандэнтам Свабоды галоўны фігурант гучнай справы, Сяргей Аліфяровіч, які працягваў жыць у Пухавічах, трымаўся на адлегласьці два мэтры. Размаўляць адмаўляўся — спасылаўся на занятасьць гаспадаркай і дзецьмі. І акурат так, як і перад судом, цьвердзіў: «Усе пытаньні да адваката».

Што да забітага Мікалая Макарэвіча, то ня ўсе людзі ў Пухавічах па ім бедавалі, бо шмат хто лічыў яго падпальшчыкам.

— Самасуд — гэта кепска. Дабра няма, калі самасуд, — разважаюць адны вяскоўцы.

Іншы, які назваўся Мікалаем, згадваў, што тыя, хто меў на забітага крыўду, нават узрадаваліся, што былога загадчыка фэрмы Макарэвіча, які вярнуўся з турмы і нідзе не працаваў, больш ня стала:

— Каго ён паліў, да каго ноччу прыходзіў, у вокны стукаў і дзьверы рваў, тыя рады былі. За яго тут мала хто быў.

Сястра забітага Мікалая Валянціна Макарэвіч казала, што пасьля замены забойцам пакараньня на хатні арышт, тыя адчулі сваю перавагу і нават дэманстравалі яе:

— Паводзілі сябе вульгарна ў дачыненьні да нас. Мне шмат было пагрозаў.

Тое, што забойцы (хай сабе яны забілі нават нягодніка) прэзыдэнцкай ласкай былі вызваленыя з-пад адказнасьці і ў выніку ніводнага дня не прабылі ў месцах пазбаўленьня волі, выклікала непаразуменьне сярод юрыстаў, праваабаронцаў, грамадзкасьці.

Папярэднія публікацыі

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG