Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Зона падтрымкі


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона падтрымкі»: Сядзім разам. Малітвы маці могуць дастаць з дна марскога. Спадзяваньні на самапомач. Дапамог сайт «Я з табой». Дапамога палітыкаў. Маўчаць ці крычаць?

Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ЗОНА ПАДТРЫМКІ

Зэкі вельмі даражаць падтрымкай з волі. Чалавеку за кратамі патрабуюцца кантакты зь некім яшчэ апрача суседзяў па камэры і аховы.

У пакоі прыёму перадач Бабруйскай калёніі № 2 жыхарка Ваўкавыску Марына Ш. зьявілася раніцай адной зь першых, зь дзьвюма валізкамі агульнай вагой 30 кіло. У гэтай папраўчай установе для першаходаў два гады адбывае пакараньне яе сын Антон. Акрамя перадачы на сёньня прызначанае кароткае спатканьне, праз тэлефон і шкло.

Бабруйская калёнія
Бабруйская калёнія

На Бабруйскі вакзал жанчына прыбыла ў тры гадзіны раніцы. Машыны ў сям’і няма, таму ехаць даводзіцца цягніком. Але без перасадак. Сядае безь дзесяці восем у Ваўкавыску і празь сем гадзінаў у Бабруйску. Да паловы восьмай сядзіць на вакзале, чакаючы, пакуль у калёніі пачнецца прыём перадач. Потым бярэ таксоўку.

Ад Марыны Ш.

Жанчына гаворыць так, быццам бы сядзіць разам з сынам:

— Мы сядзім па артыкуле 328, далі восем гадоў, засталося яшчэ шэсьць. Вядома, любой маці цяжка, калі сына пасадзілі. Як маральна, так і фінансава таксама. Калі хто ў сям’і сядзіць, то даводзіцца працаваць выключна на турму. Падаражэла ўсё, а даходы засталіся тыя самыя. Вось так неяк і круцімся паміж воляй і турмой. Пасьля двух гадоў, калі мы нічога ня зробім, пойдзем на палепшаны рэжым, ужо будзе больш спатканьняў, дасьць Бог.

Дошка абвестак у калёніі
Дошка абвестак у калёніі

Сядзім разам

«Калі мы нічога ня зробім, пойдзем на палепшаны рэжым», паўтарае Марына з Ваўкавыску. Слова «мы» ў такім кантэксьце ужывае ня толькі яна. Калі бліжэй знаёмісься з жанчынамі, чый родны чалавек сядзіць за кратамі, гэтае «мы» гучыць спрэс.

Нездарма кажуць, што разам са зьняволенымі сядзяць іх блізкія, найперш, маці, жонкі, сёстры, дочкі.

Пра крымінальны артыкул і турэмны тэрмін амаль усе яны кажуць прыкладна так: «Мы тут паводле арт. 339 (хуліганства), хутка будзе тры гады, і выходзім на волю», або «У нас 139-ты (забойства), сядзім ужо 12-ты год, засталося столькі ж», або: «У нас 328-мы. Адседзелі ўжо шэсьць з васьмі». Аднойчы ад адной маці давялося пачуць: «Мы асуджаныя да расстрэлу».

Гэтыя жанчыны надзіва лёгка знаёмяцца паміж сабой паўсюль, дзе толькі можна — у чэргах у пунктах прыёму перадач, на кароткіх і працяглых спатканьнях, на рынках каля шапікаў са спэцыфічнымі таварамі (кшталту кашаў хуткага прыгатаваньня і спэцадзеньня), у грамадзкім транспарце, на пошце, на інтэрнэт-форумах і г. д.

Чарга на прыём перадач у Бабруйскай калёніі
Чарга на прыём перадач у Бабруйскай калёніі

Ня менш лёгка яны дамаўляюцца паміж сабой, каб перадаць некалькі кіляграмаў прадуктаў і рэчаў, або каб пакласьці грошы на рахунак іншага арыштанта, або каб дапамагчы з транспартам. Бадай усе прызнаюць, што без такіх сувязяў ім было б цяжка вытрымаць выпрабаваньні, якія на іх зваліліся.

У адным з напісаных ужо на волі артыкулаў на турэмную тэму Ігар Аліневіч, былы палітвязень-анархіст і інжынэр-праграміст паводле адукацыі, параўнаў дзейнасьць жонак, маці, сясьцёр, дачок, якія чакаюць сваіх блізкіх з-за кратаў — як верных сябровак зэкаў ён іх называе «зэчкамі» — з своеасаблівай «нэўроннай сеткай», матэматычным альгарытмам, які дапамагае штучнаму інтэлекту выбраць найбольш верны сярод многіх іншых варыянт.

У гэтай сетцы, піша ён, цыркулюе шмат карыснай інфармацыі. Ролю «нэўронных сувязяў» у справе ўзаемадапамогі паміж самімі арыштантамі нельга пераацаніць. Так блізкія самога Аліневіча часта даведваліся пра тое, што ён у штрафным ізалятары (ШЫЗА), менавіта ад гэтых жанчын, збольшага абсалютна незнаёмых ягоным сямейнікам.

Сваякі з перадачамі ля турмы
Сваякі з перадачамі ля турмы

Малітвы маці могуць дастаць з дна марскога

28-гадовага менчука анархіста Ігара Аліневіча арыштавалі восеньню 2010-га паводле абвінавачаньня ў нападзе на расейскую амбасаду, празь некалькі месяцаў асудзілі за злоснае хуліганства, а таксама за пашкоджаньне маёмасьці небясьпечным спосабам на восем гадоў турмы. Восеньню 2015-га ён быў вызвалены з-за кратаў праз прэзыдэнцкі дэкрэт аб памілаваньні. Міжнародная праваабарончая грамадзкасьць прызнала прысуд палітычна матываваным.

Маці Ігара Валянціна Аліневіч, кажа, што разам з сваім сынам «адседзела» пяць гадоў: у «Амэрыканцы», папраўчых установах у Наваполацку ды Віцебску.

Ад Валянціны Аліневіч

— У лістападзе 2010-га я з інтэрнэту даведалася пра арышт Ігара ў Маскве і пра тое, што яго этапавалі ў Менск. Гэта ўсё было нечакана. Напачатку быў адчай, поўны ступар, а потым мы пачалі шукаць хоць нейкую інфармацыю.

На жаль, адвакаты нам тады не дапамагалі. Ці то ў сілу сваёй прафэсійнай зашоранасьці, ці то таму, што далі нейкую падпіску аб неразгалошваньні.

Валянціна Аліневіч чытае ліст ад сына з турмы, 2014
Валянціна Аліневіч чытае ліст ад сына з турмы, 2014

Ад абаронцаў як адзінай нітачкі, якая павінна была зьвязваць мяне з сынам, на той момант вязьнем «Амэрыканкі», я так і не даведалася, што ў камэры СІЗА КДБ вельмі холадна, што ў яго няма цёплага адзеньня ды абутку, а замест адабраных чаравікаў яму выдалі са складу нейкія тапкі, як потым жартаваў сын, тое, што ў іх ляжала з 1937 году.

Але ж адкуль я магла гэта ведаць? Спатканьняў нам не давалі, самы першы ліст ад Ігара канфіскавалі, дый наступны прыйшоў няхутка.

Я недзе месяц насіла ў якасьці перадачаў розную драбязу, пакуль мне выпадкова не пашчасьціла пагутарыць з адной жанчынай, чый сын сядзеў у СІЗА ўжо год. Яна ня вельмі ішла на кантакт, але, мабыць, убачыўшы маю разгубленасьць ды няправільнае ўяўленьне пра тую сытуацыю, сказала: у першую чаргу вам трэба прынесьці коўдру, ваўняныя шкарпэткі, вітаміны, бо там вельмі холадна.

А потым за кратамі апынуліся ўдзельнікі сьнежаньскіх падзеяў. Аднойчы ў чарзе зь перадачамі — а там былі пераважна адны жанчыны — я сама раіла гэтым маці, жонкам ды сёстрам, каб прынесьлі сваім коўдры ды цёплыя шкарпэткі.

Ліст ад Ігара Аліневіча да маці з калёніі, 2014
Ліст ад Ігара Аліневіча да маці з калёніі, 2014

Паціху я пазнаёмілася з многімі з тых чэргаў. Адны жанчыны былі вельмі прыгнечаныя, іншыя, наадварот, паводзіліся мужна. Мы падтрымлівалі адна адну. Калі ты сам імкнесься дапамагчы камусьці, гэта неяк адцягвае цябе ад уласных праблем. Такая падтрымка ў экстрэмальныя моманты шмат што значыць.

Потым, калі людзі ўжо выходзілі з-за кратаў, яны ўсе без выключэньня казалі, што галоўным для іх была такая, як кажа Ігар, «нэўронная сувязь», адчуваньне таго, што родныя ў курсе: іх блізкія трымаюцца. Такі духоўны кантакт быў двухбаковы. Мы стараліся дапамагчы ім, яны імкнуліся дапамагчы нам.

Гэта працягвалася і ў іншых турмах. Ігара вельмі часта пазбаўлялі перадач. Я зьвярталася да іншых жанчын, часьцей за ўсё да незнаёмых, тых, чые дзеці або мужы сядзелі ў Наваполацкай калёніі, прасіла, каб яны ўклалі ў 30-кіляграмовую перадачу для свайго нейкі кіляграм для Ігара. І людзі заўсёды ішлі насустрач.

Людзі сымпатызавалі палітычным і такім чынам выказвалі сваю салідарнасьць зь імі. Яны не хацелі нават і чуць пра нейкую падзяку за гэта.

Ігар Аліневіч з маці ў дзень вызваленьня з калёніі, 2015
Ігар Аліневіч з маці ў дзень вызваленьня з калёніі, 2015

Спадзяваньні на самапомач

Увесну 2016-га ў вязьня Магілёўскай калёніі № 15, 62-гадовага менчука Пятра Кучуры зьявіліся законныя падставы для замены неадбытай часткі пакараньня на больш мяккае (ЗПБМ) і для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ад пакараньня (УДВ).

Пятро трапіў за краты ў сьнежні 2004-га і хутка быў асуджаны на васямнаццаць гадоў зьняволеньня за забойства. З улікам году амністыі сядзець да званка атрымліваецца сямнаццаць. Усе спробы скарыстацца гэтымі інстытутамі ў яго, ужо немаладога і хворага чалавека зь вельмі цьмянай ды заблытанай крымінальнай справай, так і застаюцца беспасьпяховымі

Пятро Кучура не прызнае сябе вінаватым. Гэтак жа лічыць і ягоная сям’я — жонка і сын.

Ад Людмілы Кучуры

Жонка, хатняя гаспадыня Людміла, кажа, што разам з мужам «сядзіць» ужо 13 гадоў. З таго сьнежаньскага вечара, калі ён, раней ніколі ня суджаны кіроўца-дальнабойшчык, паехаў на паляваньне і, як той казаў, апынуўся ня ў тым месцы і ня ў той час.

Людміла Кучура
Людміла Кучура

— Пятру не пашанцавала, што тады непадалёк ад вёскі Масьцішча паляваў ня толькі ён зь сябрам, але і кампанія беларускіх чыноўнікаў на чале з тагачасным дзяржсакратаром Рады бясьпекі Беларусі, а ў хуткім часе кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, — кажа жанчына. — Нейкім чынам у той фатальны дзень быў забіты дзяржінспэктар па ахове жывёльнага ды расьліннага сьвету. І, як нярэдка здараецца, потым сьледзтва ды суд устанавілі: «Дзяржінспэктар знаходзіўся ў плянавым рэйдзе па выяўленьні і затрыманьні асоб, якія займаюцца незаконным паляваньнем, і стаў ахвярай браканьера Кучуры».

Як вынікала з судовага вэрдыкту, гэта было наўмыснае забойства з тым, каб пазьбегнуць затрыманьня і прыцягненьня да адказнасьці за незаконнае паляваньне. Пятру далі 18 гадоў. Не дапамаглі ні адвакацкія довады з грунтоўным расьсьледаваньнем, ні паліграф, якія сьведчылі пра ягоную невінаватасьць.

Усе гэтыя гады Людміла Кучура рэгулярна і беспасьпяхова наведвае розныя высокія інстанцыі, спрабуючы аспрэчыць несправядлівы, як яна лічыць, прысуд мужу. У 2009-м напісала ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе выказала думку пра тое, што датычным да гэтай справы мог быць адзін высокі беларускі чыноўнік. Менавіта ён наведаў яе мужа неўзабаве пасьля трагедыі ў камэры ізалятару часовага ўтрыманьня (насуперак закону) і ўсяляк пераконваў яго ўзяць віну на сябе.

На гэтым фота яшчэ ўся сям'я Кучураў разам
На гэтым фота яшчэ ўся сям'я Кучураў разам

— Куды я толькі гэтыя гады не пісала. І прэзыдэнту, у Вярхоўны Суд, у пракуратуру, у КДБ. Хоць раней у мяне адна думка пра гэтую арганізацыю выклікала страх... Як кажуць, бяда ня ходзіць адна. Адчуў на сабе перасьлед мой сын. Мне прыйшлося змагацца ўжо за абодвух. З сынам усё ўдалося. З мужам — не.

Ежджу ўвесь гэты час за Пятром паўсюль. Ён і на «Валадарцы» быў, і ў Жодзіне, і ў калёніях розных, і ў Магілёўскай «крытай» турме. Кожны раз узгадваю словы нашага адваката, якія пачула яшчэ падчас мужавага суду. Ён сказаў так: «Паверце, побач з жаночымі турмамі вы ня ўбачыце чэргаў з мужчын. Гэта толькі жанчыны так могуць».

Стоячы ў чэргах у грамадзкіх прыёмных Вярхоўнага Суду, Генпракуратуры, Адміністрацыі прэзыдэнта, жанчыне ўдалося пазнаёміцца зь немалой колькасьцю таварышак па няшчасьці, якія гэтак жа, як і яна, ня верылі ў правамоцнасьць прысудаў для іх мужоў ды дзяцей. Так узьнікла іх нефармальная група. Каб ня толькі паасобку, але і разам змагацца за справядлівасьць у судах.

Людміла Кучура стала актывісткай грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд»
Людміла Кучура стала актывісткай грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд»

Як кажа Людміла Кучура, самым вялікім дасягненьнем групы стала тое, што некалькі гадоў таму агульнымі сіламі ўдалося дамагчыся перагляду справы несправядліва асуджанага на пажыцьцёвае Аляксандра Буд-Гусаіма.

На сёньняшні дзень, мяркуе Людміла Кучура, засталася пераважна «самапомач».

— Калі ў чалавека бяда, то яму нельга быць аднаму. Нягледзячы на тое, што мы з удзельнікамі нашай ініцыятывы жывём у розных месцах, мы ў кантакце, сазвоньваемся. Калі ў Менску нейкі прыём у міністра ўнутраных спраў, звонім сваім дзяўчатам: рыхтуйся, прыяжджай, могуць быць нейкія навіны ў справе. Мы ўжо падрабязнасьці гэтых спраў ведаем, прозьвішчы ўсіх сьведак нават павывучвалі. Таму што кантактуем пастаянна.

Дапамог сайт „Я з табой“

Грамадзкая актывістка Алёна Красоўская стала сяброўкай па няшчасьці з жонкамі асуджаных паводле ўласнае волі. У сваю бытнасьць мэдсястрой турэмнага шпіталю яна закахалася ў вязьня-рэцыдывіста і пабралася зь ім шлюбам. Але не пазьбегла службовага скандалу ды звальненьня. І на сабе спазнала, што значыць быць жонкай зьняволенага.

Алёна Красоўская
Алёна Красоўская

Ад Алёны Красоўскай

— У мяне тады ўзьнікла адчуваньне, што я адзіная ва ўсім сьвеце, хто мае такія праблемы. Пры гэтым я ўсё ж разумела, што і акрамя мяне ёсьць людзі, чые блізкія таксама ў месцах пазбаўленьня волі, а таму шукала кантактаў зь імі.

Так я выйшла на сайт «Я з табой» для родных зьняволеных. Ён быў створаны дзяўчынай, якая чакала мужа зь месцаў пазбаўленьня волі.

Я стала наведніцай сайта. Зразумела, дзялілася ўласным досьведам, а ў адказ атрымлівала нейкую вельмі важную для мяне інфармацыю ад іншых людзей ды іх падтрымку.

Зь цягам часу я сама пачала дапамагаць іншым. Нашы асуджаныя былі не палітвязьнямі, а звычайнымі крымінальнікамі, і часам за іх плячыма, як і ў майго мужа, былі вельмі жорсткія злачынствы. Таму абсалютная большасьць з нас, як і я сама, адчувалі сябе ізгоямі. Сярод нашага кола вельмі многія трымалі ў сакрэце, што іх блізкія сядзяць. Гэта было сорамна, гэта нярэдка выклікала неразуменьне, а часам і зусім непрыемную рэакцыю звонку.

Жанчыны перад брамай турмы
Жанчыны перад брамай турмы

Мы падтрымлівалі адны адных, у тым ліку і каб самім ня выпасьці з соцыюму. Бо калі ўзяць, напрыклад, маю сям’ю, то яна, за выключэньнем маёй дачкі, катэгарычна не прымала мой выбар.

Да нас на сайт прыйшлі тыя, хто жыў у замежжы, але іх сваякі сядзелі за кратамі ў Беларусі. Зразумела, гэта цяжка, калі ты ў Расеі, ва Ўкраіне, у ЭЗ — сабраць ды накіраваць харчовую пасылку ў беларускую калёнію. Таму пасылкі зьбіраліся непасрэдна ў Беларусі.

Мы не прасілі, а тым больш не патрабавалі нейкай перадаплаты. Грошы за выдаткі (па чэку) атрымлівалі толькі потым. Такога, каб хто не аддаваў, не было ні разу. Гэтак сама мы рабілі і з мэдыкамэнтамі.

Сайт «Я з табой» праіснаваў чатыры гады. Яго заснавальніца адышла ад спраў, бо вызваліўся з-за кратаў яе муж.

Дапамога палітыкаў

Колішняя дэпутатка Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава шчыльна сутыкнулася з праблемай зьняволеных адразу пасьля яе першага абраньня ў заканадаўчы орган, у 1996 годзе. Напачатку да яе на прыём прыходзілі выбарцы, чые сваякі сядзелі за кратамі, потым дэпутатка пачала атрымліваць вялікую колькасьць лістоў зь месцаў пазбаўленьня волі.

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава

Ад Вольгі Абрамавай

Многія былі хворымі на сухоты, і па выхадзе з калёніі іх чакала незайздроснае існаваньне з адсутнасьцю жыльля і сродкаў. Падчас знаходжаньня за кратамі людзей выпісвалі з кватэраў, а без прапіскі шанцаў нармальна працаўладкавацца фактычна не было. Заставалася хіба што бамжаваць.

— У нулявыя такіх зьняволеных стала значна больш. Даводзілася пераконваць, што, асуджаючы чалавека на несвабоду, яго не асуджаюць на скарачэньне яго жыцьця або фактычна на ўзаконенае забойства. І, па-другое, выходзячы на волю, носьбіты хваробы ўвесь час сутыкаюцца са здаровымі людзьмі. А гэта вялікая рызыка, асабліва для здароўя дзяцей ды старых.

Паводле Вольгі Абрамавай, стаўленьне дэпутацкага корпусу да праблемы было прыкладна такім самым, як і стаўленьне грамадзтва ў цэлым. Сярод аднадумцаў дэпутаткі былі пераважна жанчыны.

Вольга Абрамава, 2012
Вольга Абрамава, 2012

— Па меры магчымасьці мы разам з калегамі наведвалі турмы і калёніі. Мы дамагаліся і таго, каб павялічылі фінансаваньне гэтых установаў.
У гэтыя калёніі я таксама накіроўвала кнігі і аднойчы нават пераканала калегаў зрабіць такую дабрачынную акцыю. Гэта было пад Новы год. Дзякуючы напорыстасьці, нам удалося выбіць ад ураду на гэтыя мэты даволі вялікую, як на той час, суму. Таксама мы зьбіралі грошы сярод парлямэнтароў. А потым куплялі кнігі на розных кірмашах. Аднак каля 15% з нашага дэпутацкага корпусу рэзка адмовіліся здаваць грошы: навошта нешта дарыць гэтым злачынцам?

На жаль, у нашым грамадзтве, якое мае рэпрэсіўнае мінулае, сфармавалася такое стаўленьне да людзей за кратамі, і гэта ня можа не адкладацца ў масавай сьвядомасьці некалькіх пакаленьняў. Каб ва ўмовах цяперашняй Беларусі палітык ці грамадзкі дзяяч прасоўваў падобныя пытаньні, гэта павінна быць яго ўнутраным перакананьнем.

Маўчаць ці крычаць?

Калі змагаесься за блізкага чалавека за кратамі і ведаеш пра ціск на яго з боку адміністрацыі, што лепш — пісаць скаргі ў высокія інстанцыі, агучваць сытуацыю ў СМІ, сацсетках, на розных форумах ці наадварот — маўчаць, каб не было яшчэ горш? Якія мэтады змаганьня могуць дапамагчы асуджанаму, а якія, наадварот, пашкодзіць?


Валянціна Аліневіч

— На мой погляд, трэба агучваць праблему, але пры гэтым імкнуцца не абразіць процілеглы бок. Хоць хацелася б. Проста крычаць — лічу контрапрадуктыўным. Наконт замоўчваньня — была спачатку такая баязьлівая думка, але пасьля роздумаў я ўсё ж вырашыла змагацца. Бо лічыла, што мая справа — гэта сьвятое.

Алёна Красоўская

— Розныя эмоцыі ў СМІ пры недахопе фактаў — залішнія. Публічнасьць на нейкі час зробіць цябе вядомым, але пры наяўнай сыстэме гэта можа вельмі нэгатыўна адбіцца на канкрэтнай сытуацыі і канкрэтным лёсе.


Людміла Кучура

— Змагацца за таго, каго прызналі злачынцам — вельмі няпроста. Па-першае, маральна, таму што грамадзтва, незалежна ад таго, вінаватыя яны або не, стыгматызуе такіх людзей. Па-другое, цяжка фізычна. Большасьць жанчын, каб падтрымаць чалавека за кратамі, вымушаныя вельмі цяжка працаваць, нягледзячы на свой далёка не малады век і далёка ня моцнае здароўе. Тое, што здароўе страчвае ня толькі вязень, але і яго блізкія — гэта абсалютная праўда. Але змагацца, на маю думку, трэба.

Вольга Абрамава

— Сёньня, каб дамагчыся нейкіх зрухаў, неабходная масавая грамадзкая рэакцыя, бо толькі яна можа вярнуць зь нябёсаў на зямлю некаторых небажыхароў, якія спрабуюць вырашаць усё ў нашым жыцьці.

Папярэднія публікацыі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG