Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Палітзона


Зьняволеныя пашыхтаваныя ў калёны для адпраўкі ў сталовую на абед
Зьняволеныя пашыхтаваныя ў калёны для адпраўкі ў сталовую на абед

Крымінальнікі пра палітычных. «Не катаваньні, а зьдзек». Каго лічыць палітычнымі. Палітзьняволеныя СССР і сучасныя палітвязьні.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ПАЛІТЗОНА

Афіцыйна палітычных вязьняў не існуе: беларускія ўлады — ад прэзыдэнта да амбасадараў за мяжой — заўсёды пасьлядоўна заяўлялі, што ў Беларусі няма палітычных зьняволеных. Бо прызнаць, што ў кране пазбаўляюць волі за перакананьні, за мірныя дзеяньні, гарантаваныя канстытуцыяй — расьпісацца ў дыктатарскім характары палітычнага рэжыму. Такой тактыкі прытрымліваліся ўлады і за часоў СССР.

З 2011 па 2017 год, калі выходзіла перадача «Свабода ў турмах», паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», з палітычных матываў былі асуджаныя сорак чалавек. Дваццаць пяць зь іх трапілі за краты ў 2011-м. Гэта былі пераважна фігуранты Плошчы, тыя, хто ўдзельнічаў у масавых акцыях з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — вядомыя апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія ды моладзевыя актывісты, літаратары, студэнты, прадстаўнікі самых розных прафэсій і нават кандыдаты на прэзыдэнта.

Плошча-2010
Плошча-2010

Да 2015 году палітвязьняў Плошчы павызвалялі ў выніку чарговага «палітычнага гандлю» паміж беларускім урадам і міжнароднымі арганізацыямі. Але неўзабаве турэмныя ўстановы зноў папоўніліся палітычнымі — асуджанымі, як і раней, паводле крымінальных артыкулаў.

Пра палітвязьняў шмат гаварылася ў навінах ды аналітычных перадачах Радыё Свабода. Што да перадачы «Свабода ў турмах», то ў ёй галоўная ўвага аддавалася крымінальнаму турэмнаму кантынгенту.

Аднак некаторыя нашы «карэспандэнты на месцах» актыўна цікавіліся палітыкай, і калі да іх у калёнію прыбывалі палітвязьні, паведамлялі нам пра гэта і нават давалі свае ацэнкі таму або іншаму палітычнаму. Водгукі былі розныя. На пачатку 2010-х — збольшага прыязныя. Потым халаднейшыя, з доляй індыфэрэнтнасьці.



Крымінальнікі пра палітычных


Ад Аляксандра Буд-Гусаіма

Вязень Аляксандар Буд-Гусаім (1958–2017), які быў спачатку асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне, прыбыў у Наваполацкую калёнію па замене рэжыму. У сваім першым інтэрвію на волі за два гады да сьмерці ён узгадваў пра сустрэчу з палітвязьнем Андрэем Саньнікавым, асуджаным пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году на 5 гадоў нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Тая сустрэча зрабіла на Буд-Гусаіма вялікае ўражаньне.

Кніга Андрэя Саньнікава "Мая гісторыя"
Кніга Андрэя Саньнікава "Мая гісторыя"

— Калі ў атрад запусьцілі чалавека, у ім не адразу пазналі былога кандыдата на прэзыдэнта, таму што быў без барады. Толькі калі ён назваўся, мы здагадаліся, бо газэты ж чыталі, ведалі пра такога. Аказаўся вельмі прыемным і разумным чалавекам. Чыфіру яму заварылі, дык ён вытрымаў, папіў з намі. Пра палітыку пагаварыць зь ім было вельмі цікава. Зьмена ўлады — любімая тэма, Лукашэнка — самы нелюбімы пэрсанаж. Хоць працэнтаў дзесяць яго рашуча падтрымлівалі... Ад адміністрацыі яму даставалася напоўніцу. Нават напярэдадні пераводу ад нас зладзілі яму правакацыю — падкінулі самаробны ножык, запісалі парушэньне. Да нечага дрэннага, відаць, рыхтавалі.

Ад Алега Р.

Былы асуджаны Алег прыбыў у Віцебскую калёнію ў 2007-м. Там ужо сядзеў кандыдат на прэзыдэнта на папярэдніх выбарах. А вызваліўся Алег у 2012-м, калі ў тую самую калёнію этапавалі суперніка Аляксандра Лукашэнкі з наступных выбараў. Таго другога Алег фактычна ня ведаў, а вось за першага галасаваў у 2006-м ды сымпатызаваў яму як палітыку. Адразу пасьля карантыну ён падышоў да «свайго» кандыдата, павітаўся і спытаўся, як справы.

Мы знаёмыя? — пачуў ён у адказ.
Не. Толькі на Плошчы разам былі, я побач стаяў на прыступках ДК у 2006-м, калі выбары былі.
Добры дзень.
— Як вам тут? Нармальна? Ці ня крыўдзяць?
— Усё ў норме.

«Вось і ўся размова», — кажа Алег.

Потым яны выпадкова сустрэліся ў санчастцы. Вязень бачыў палітыка, калі той гуляў на стадыёне і карміў чаек. Экс-кандыдат на прэзыдэнта не імкнуўся да кантактаў з зэкамі, сярод якіх не адзін і ня двое галасавалі за яго.

Пазьней Алег даведаўся, што палітык, трапіўшы на «Віцьбу», напэўна, дзеля бясьпекі адразу папрасіўся ў першы атрад. У першым атрадзе былі так званыя «баландзёры» — тыя, хто працаваў у гаспадарчай частцы. Экс-кандыдат сядзеў там у «кашарцы» — кладоўцы, дзе захоўваюцца рэчы асуджаных. Туды яму з дому прывезьлі кнігі. Ягоная бібліятэка была лепшая за лягерную. Кнігамі ён дзяліўся.

Як да яго ставіліся? Паводле Алега, «асноўная маса, якая ня любіць думаць, „калгасныя галовы“, увесь час казалі: так яму і трэба. Ня трэба было лезьці ў прэзыдэнты». Іншым, пагатоў тым, хто, як ён, галасаваў за палітыка, той падаўся ціхім і «ніякім»: усё ж як апазыцыянэр, лідэр, былы дэсантнік мог бы сябе неяк і пазначыць, а не хавацца ад ЗК. Але ж тут ён, Алег, не судзьдзя...

У жніўні 2008 году Алег трапіў у ШЫЗА. У гэтым самым часе палітыка вызвалілі. Казалі, што праводзілі яго і начальнік калёніі, і намесьнік.

На прэсавай канфэрэнцыі вызваленага палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнты
На прэсавай канфэрэнцыі вызваленага палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнты

Калі Алег ужо ішоў на вызваленьне, на зону прыбыў яшчэ адзін знакавы «палітычны», таксама з кандыдатаў на прэзыдэнта. Было відавочна, што супраць яго нешта рыхтуецца і будуць чапляцца да кожнай дробязі. Так яно потым і здарылася.

Паводле Алега, на зоне гэта называюць «расстрэлам». У «Віцьбе» так і казалі: «Яго пачалі расстрэльваць». Фізычна, зразумела, чалавеку нічога ня зробяць, аднак пазьдзекуюцца ды істотна сапсуюць здароўе.

— «Расстрэльваюць» мэтадычна, за самую розную драбязу, абы загад зьверху. Напрыклад, абутак не турэмнага ўзору. Калі ты ў так званым «чорным сьпісе», то будуць «страляць» за тое, што ня так паголены. Яшчэ — паводле вопісу асабістых рэчаў. Ты мусіш мець пэўную колькасьць рэчаў, калі штосьці лішняе — складаецца акт. Гэта парушэньне, за якое могуць пазбавіць права на пасылку, бандэроль, спатканьне. А могуць палічыць гэта сур’ёзным парушэньнем і даць 10 сутак ШЫЗА. Можна атрымаць тры «дзясяткі» запар.

Потым ты мусіш выйсьці з ШЫЗА. І дзеля таго, каб вярнуць цябе ў гэты дысцыплінарны ізалятар, кантралёры могуць скамандаваць: «Ты, быдла, бяры мяцёлку і мяці!» Адмаўляесься — і зноў трапляеш на «дзясятку». Некаторыя так па паўгода не вылазілі з ізалятару.

Ісьці на кантакт з другім знакавым палітыкам у Алега, паводле яго, пасьля расчараваньня ў першым кандыдаце цікавасьці не было.

Як узгадваў Алег, пад канец ягонай адседкі на «Віцьбе» рэдка можна было сустрэць тую павагу да палітычных, якая назіралася ў часы савецкіх дысыдэнтаў:

Калёнія "Віцьба". Фота, перададзенае на Свабоду адным з асуджаных
Калёнія "Віцьба". Фота, перададзенае на Свабоду адным з асуджаных


— Статус палітвязьня хутчэй меў значэньне хіба што для супрацоўнікаў турэмнай адміністрацыі. Хоць збольшага ў іх у дачыненьні і да палітычных, і да крымінальных адна мэта — зламаць чалавека, а мэтады падбіраюцца індывідуальна. Што да «палітычных», то адміністрацыя імкнулася, каб і сам чалавек, і тыя, хто навокал, уцямілі: твае перакананьні нічога ня вартыя, ты звычайны злачынец.

А ў турме кожны чалавек, незалежна ад таго, чаму ён трапіў за краты, павінен прадэманстраваць набор пэўных якасьцяў, каб яго прызналі «прыстойным арыштантам».

Ад Аляксандра К.

Крымінальнік са стажам Аляксандар узгадвае, як пры ім у Горках (гэта было на пачатку 2010-х) сядзеў адзін палітычны:

— Малады, худзенькі хлопец. Размаўляў з усімі толькі па-беларуску. Яго адміністрацыя кінула ў ШЫЗА да «блатных», хоць звычайна ў камэру да іх саджалі выключна прадстаўнікоў іхнай касты. Хлопец нічым не парушаў зладзейскіх «паняцьцяў», аднак «блатныя» ў ШЫЗА, як расказвалі ў лягеры, пачалі зьдзекавацца зь яго і зь ягонай беларускай мовы. Звычайна зэкі не зьвяртаюць увагі на тое, як чалавек гаворыць. Але ў канкрэтным выпадку для тых вернападданых мова стала адным з раздражняльных фактараў.

Палітычнаму абсыпалі галаву цыгарэтнымі «бычкамі», вылівалі на яго кашу, зьбівалі. Гэта пераважна рабіў зэк па мянушцы «Магіла», расказвае Аляксандар:

— Здаровы такі, пад два мэтры ростам ды пад 120 кг вагой. А палітычны — хлопчык маленькі, худзенькі. Казалі, што з камэры былі чуваць ягоныя крыкі па-беларуску: «Ратуйце!» Аднак ніхто з кантралёраў на дапамогу не сьпяшаўся.

Калі тэрмін у ШЫЗА скончыўся, палітычнага перавялі ў атрад, дзе «смотрящим» быў... Магіла. Ён забараніў іншым зэкам кантактаваць з хлопцам, загадаў «адсадзіць» яго з агульнага стала. Цяперашнія сядзельцы — збольшага людзі зашуганыя, а таму зрабілі, як ім загадалі. Бязь ведама адміністрацыі і яе санкцыі такое бясчынства было б немагчымае. Хлопца празь нейкі час вывезьлі ў іншую зону.


Паводле Аляксандра, калі трэба пазьдзекавацца з палітычных або іншых паўторна асуджаных вязьняў, якія «не даспадобы», іх накіроўваюць менавіта ў Горкі ці Шклоў. Сам ён някепска ведаў таго Магілу:

— У звычайным штодзённым жыцьці быццам бы нармальны хлопец, добры бацька сваім дзецям. Цяпер вось на волі, езьдзіць па Эўропе. А тады выконваў загады адміністрацыі. Напэўна ж, каб яму добра сядзелася. Адміністрацыя можа знайсьці ў кожным сваю слабіну і выкарыстаць шантаж, каб не самой, а рукамі вось такіх усё і рабіць.

Ад Генадзя М.

Магілёвец Генадзь — у мінулым вязень Бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Быў асуджаны на чатыры гады за «хуліганку», але праз два гады вызваліўся па амністыі. У 2014-м сядзеў разам з Алесем Бяляцкім. Але, як і многія іншыя ЗК, на кантакты зь ім не наважваўся, бо адміністрацыя імкнулася ўсяляк ізаляваць праваабаронцу ад іншых вязьняў. Успамінае, што зьняволеныя нярэдка абмяркоўвалі лёс Бяляцкага і нічога кепскага пра яго не казалі:

— Нармальны мужчына, усе казалі. Размаўляў па-беларуску, успрымалася гэта цалкам нармальна. Іншая справа, што тыя, хто зь ім пагаварыў, наколькі ведаю, адразу атрымлівалі дзесяць сутак у ШЫЗА. Так і выходзіла, што ён быў фактычна ў ізаляцыі. Там жа стукануць, і ня будзеш ведаць, хто і калі. Адміністрацыі данясуць умомант. Як толькі ў 2014 годзе выйшла амністыя, яго тут жа з зоны прыбралі. Адміністрацыі было нявыгадна, што ён сядзеў у іх. Пра яго ж ніхто не забываў. У кожнай газэце, што мне прыходзіла, пра яго пісалі.

Алесь Бяляцкі пасьля зьняволеньня выпусьціў кнігу «Лісты салідарнасьці»
Алесь Бяляцкі пасьля зьняволеньня выпусьціў кнігу «Лісты салідарнасьці»

«Не катаваньні, а зьдзек»

Ад былога турэмніка

Былы начальнік «Валадаркі» і калёніі строгага рэжыму ў Навасадах Алег Алкаеў кажа, што заўсёды вылучаў палітычных сярод іншых вязьняў. Хоць у міліцэйскіх структурах усьлед за кіраўніцтвам краіны любілі паўтараць: маўляў, цяпер не савецкія часы, «палітычных» у сучаснай Беларусі няма, а ёсьць людзі, якіх саджаюць паводле крымінальных справаў.

Алкаеў узгадвае, што пры ім у менскім СІЗА сядзелі палітвязьні Міхаіл Чыгір, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Кудзінаў, Валеры Шчукін. Зь некаторымі ён працягвае сустракацца і цяпер:

— Асабістае ўражаньне ад «палітычных»? Нармальныя людзі. Яны ўсьведамлялі, што трапілі ў турму. Іншая справа — за што. Як начальнік турмы я зь імі праблемаў ня меў. Але ва ўсім сьвеце ў задачу адміністрацыі турмы не ўваходзіць заглыбляцца ў сьледчыя праблемы, рабіць рэвізію, правільна гэты вязень сядзіць або не. Гэтага чамусьці ня можа зразумець наша грамадзянская супольнасьць.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

У мяне многія пытаюцца пра катаваньні ў дачыненьні да палітвязьняў. Я б назваў гэта інакш — зьдзекам. Палітычныя як першаходы прыгнечаныя нават не турэмным побытам, а тымі ўмовамі, нярэдка спэцыяльна створанымі, калі прыніжаецца чалавечая годнасьць. І гэта віна цяперашняй адміністрацыі, якая, выконваючы загад зьверху, ідзе на розныя парушэньні, каб зламаць вязьня, прымусіць яго пакаяцца.

Тыя, хто некага забіў, згвалтаваў, нешта скраў, будуць маўчаць, калі, напрыклад, на той самай расьцяжцы іх у парушэньне ўсякіх інструкцый пратрымаюць не хвіліну, а дваццаць, бо вінаватыя. А ў палітычных, якія нічога такога не ўчынілі, гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні выклікаюць незадаволенасьць.

Я б сёньня ставіў пытаньне адносна судоў. У нас няма незалежнага суду. Корань зла — у несправядлівым прысудзе. Тыя самыя Статкевіч, Саньнікаў, Някляеў, Міхалевіч — людзі, якія трапілі за краты ні за што.

Каго лічыць палітычнымі

Ад праваабаронцаў

Згодна з дадзенымі вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый — такіх, як «Вясна», БХК, БАЖ, «Салідарнасьць», Цэнтар прававой трансфармацыі, Беларускі Дом правоў чалавека, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар і інш., — ад 1989 да 2017 году ў краіне ў адпаведнасьці са стандартамі ПАРЭ і Amnesty International палітычнымі прызнаныя 195 вязьняў.

Галоўны крытэр, паводле якога той або іншы вязень можа прызнавацца палітычным, — гэта «калі чалавек асуджаны з палітычных матываў незалежна ад таго, што гэта за матывы».

Усе палітвязьні дзеляцца на дзьве катэгорыі. Тыя, чыя віна не даказаная — і, такім чынам, чалавека асудзілі за погляды; і тыя, хто мае дачыненьне да рэальнага правапарушэньня, але з палітычных прычын атрымаў несправядлівы прысуд. У сваю чаргу, чалавек ня можа быць прызнаны палітвязьнем, калі ўчыніў гвалтоўнае правапарушэньне.

Праваабаронцы, якія не належаць да вядучых праваабарончых арганізацый, хоць і не аспрэчваюць гэтых крытэраў, аднак часта не пагаджаюцца зь «Вясной», калі тая надае або не надае той або іншай асобе статус палітзьняволенага.

Адна з такіх асобаў — Андрэй Бандарэнка, да 2014 году кіраўнік «Плятформы інавэйшн». У 2013 годзе «Вясна» ды іншыя назвалі яго найлепшым праваабаронцам году. У 2014-м быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі за «хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства ў дачыненьні да трох грамадзян».

Андрэй Бандарэнка, вызвалены з турмы, абдымае свайго бацьку. 31 сакавіка 2017 году
Андрэй Бандарэнка, вызвалены з турмы, абдымае свайго бацьку. 31 сакавіка 2017 году

Бандарэнка прызнаў віну часткова, сьцьвярджаючы, што падставай для пакараньня стала правакацыя. У выніку амністыі тэрмін скарацілі на год.

Нягледзячы на намаганьні і яго самога, і некаторых прадстаўнікоў праваабарончай супольнасьці, «Вясна» так і не прызнала яго палітвязьнем. Гэтаксама «Вясна» не прызнала яго палітычным і падчас першай адседкі ў 2009–2011 гадах, хоць шмат у якіх СМІ ён фігураваў як палітвязень — напэўна, паводле іншых праваабаронцаў.
Адразу пасьля вызваленьня ў сакавіку 2017-га Андрэй Бандарэнка сказаў у інтэрвію «Свабодзе»:

— Тое, што адбылося са мной — гэта была катастрофа, справакаваная менавіта «Вясной». Мая адседка была катаваньнем, жаданьнем зламаць псыхалягічна. Два з паловай гады я правёў у адзіночцы, і ўвесь час выкарыстоўвалася сытуацыя адсутнасьці падтрымкі звонку. Мне казалі: цябе ж нават «Вясна» палітвязьнем не прызнала. У цябе няма грошай, няма адваката, і будзеш сядзець. У Бабруйску я правёў самы жорсткі час. Чатыры месяцы сядзеў у камэры ШЫЗА.

Андрэй Бандарэнка — за тое, каб пытаньнямі наданьня статусу палітвязьня займалася прафэсійная супольнасьць праваабаронцаў.

— Мы сутыкнуліся з праблемай, якая прысутнічае цяпер, і гэта тычыцца антыфашыстаў і анархістаў, калі асобныя нашы праваабарончыя арганізацыі пачынаюць казаць, што ўсё ж тыя неяк парушылі закон. Фактычна такімі рашэньнямі гэтыя арганізацыі падтрымліваюць уладу ў яе рэпрэсіўных дзеяньнях.

Ад анархіста

Але ня ўсім, хто сам перакананы, што сеў за палітыку, настолькі істотна, каб гэта прызнала менавіта вядучая праваабарончая супольнасьць. Тым самым анархістам праваабаронцы надалі статус палітвязьняў далёка не адразу. Але, паводле колішняга палітвязьня, фігуранта справы анархістаў Ігара Аліневіча, самім зьняволеным гэта было ня так ужо і важна:

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч


— Асабіста мы, калі сядзелі, нават і ня думалі, ці прызнаюць нас палітвязьнямі. Для нас каштоўным было найперш прызнаньне грамадзкасьці.

Чалавек ні ў якім разе не павінен думаць, што ён лепшы за іншых, бо ён палітычны (інтэлігент, бізнэсовец і г. д.), а тыя, маўляў, крымінальнікі. Ён нічым ня лепшы за многіх арыштантаў, а таму не павінен ставіць сябе вышэй за астатніх, ён павінен навучыцца слухаць, разумець жыцьцё чалавека, не адштурхоўваць ад сябе людзей, бо закрыцца ад соцыюму азначае гарантаваную дэградацыю.

Палітзьняволеныя СССР і сучасныя палітвязьні

Ад дысыдэнта-лягерніка савецкіх часоў

Палітвязень хрушчоўскіх часоў, мянчук Сяргей Ханжанкоў (1942–2016) у 1963 годзе быў асуджаны на дзесяць гадоў лягераў (Мардовія) за «спробу ўчыніць дывэрсію» і за «антысавецкую агітацыю і прапаганду».

Падчас інтэрвію для «Свабоды ў турмах», якое адбылося за год да ягонай сьмерці, гаворка зайшла пра адрозьненьні паміж палітзьняволенымі савецкіх часоў і сучаснымі беларускімі палітвязьнямі.

— І тады, і цяпер палітзьняволеныя — гэта людзі, якія сядзяць за свае перакананьні, за спробы ўвасобіць іх у жыцьцё. Саджаць за гэта цалкам ненармальна. Зразумела, палітвязьні мінулых часоў і цяперашнія — гэта розныя асобы, характары.

Сучасныя людзі, якія пабывалі за кратамі, пераконваюцца, што гэта ўсё пакуль несвоечасова. Бо іх не падтрымліваюць. Гэта ўсё роўна, што лбом прабіваць сьцяну.

Сяргей Ханжанкоў
Сяргей Ханжанкоў

Тым больш, што ў беларускіх палітвязьняў усё замыкаецца на коле пытаньняў, якія зусім не хвалююць масы беларускага народу, калі можна так сказаць. Яны вельмі падобныя да нейкай сэкты, што ня ёсьць добра. Таму яны паступова ціхенька адыходзяць убок. Казулін, некаторыя іншыя, тая моладзь, якая прайшла праз арышты. Чалавек не абавязкова ломіцца, ён проста адыходзіць убок і дае праявіць сябе іншым.

Увогуле, чалавек павінен нешта выбіраць: або змагацца далей, або зусім адмаўляцца ад барацьбы, казаў Ханжанкоў. Сам ён ніколі не пісаў прашэньняў аб памілаваньні. У тым асяродзьдзі гэта было не прынята.

— Галоўнай мэтай рэпрэсіўнай сыстэмы быў ціск на ЗК, каб той пайшоў на супрацоўніцтва з адміністрацыяй і такім чынам быў зьнішчаны як асоба. Некаторыя ламаліся, некаторыя, наадварот, рабіліся мацнейшымі ды больш свабоднымі.

У тыя часы тэрмін «палітвязень» увогуле не існаваў, а існавала «ООГП» — «особо опасные государственные преступники». Наш мардоўскі лягер афіцыйна так і называўся лягерам для асабліва небясьпечных дзяржаўных злачынцаў. Там сядзелі колішнія вязьні Салаўкоў, калябаранты, літоўскія, украінскія нацыяналісты, пісьменьнікі-дысыдэнты Сіняўскі і Даніэль.

А зь беларусаў былі тыя, хто пасьля вайны трапіў на Захад, а потым быў закінуты ў СССР з мэтай антысавецкага супраціву. Як, напрыклад, Цімох Вострыкаў і Генадзь Касьцюк, якія прайшлі ў ЗША падрыхтоўку, а потым былі дэсантаваныя з вайсковага амэрыканскага самалёта на тэрыторыю БССР. Гэта быў 1952 год, яшчэ пры Сталіне, і выглядала гэта як сапраўднае самагубства. Тады і не такіх расстрэльвалі.

Магіла Цімоха Вострыкава ў Раманавічах на Гомельшчыне
Магіла Цімоха Вострыкава ў Раманавічах на Гомельшчыне

Касьцюк быў сьціплым і маўклівым, а вось кіраўнік дэсанту Вострыкаў быў сапраўдным завадатарам, увесь час размаўляў выключна па-беларуску. Вакол гэтай моцнай асобы групаваліся некаторыя іншыя беларусы, у тым ліку з пасьляваенных партызанаў. Як і ўсе палітзэкі, Цімох шмат чытаў, спрачаўся.

Прадстаўнікі той маленькай беларускай дыяспары не ішлі ні на якае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Гэта былі асобы зь непахіснымі перакананьнямі.

У мардоўскім лягеры для асабліва небясьпечных дзяржаўных злачынцаў Сяргей Ханжанкоў сядзеў «ад званка да званка». Выйшаў на волю ў 1973 годзе, ніколі не дамагаўся рэабілітацыі і памёр нерэабілітаваным.

Папярэднія публікацыі

Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Турма, мужчына і жанчына. Штрафная зона

Турма, мужчына і жанчына. Прамзона

Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона

Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона

Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя эзкаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG