Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узяў у рукі — маеш рэч. Папяровая газэта як настраёвая альтэрнатыва


Было б крывадушна з майго боку крытыкаваць сыход «Нашай Нівы» ў віртуальную прастору, бо сам даўно папяровых газэт не чытаю. Разумею, што для рэдакцыі гэта вымушаны крок. Не «натуральная сьмерць», вядома, бо нідзе ў сьвеце «папера» не памерла і не зьбіраецца.

Аб’ектыўная прычына — у манаполіі дзяржавы на распаўсюд прэсы, калі незалежнай «НН» не давалі і не дадуць рэалізоўваць усё большы наклад, а бяз росту газэта-будзіцелька страціць сваю галоўную матывацыю быць. А яшчэ прычына ў той дэпрэсіі, якую так старанна падтрымлівае рэжым, каб пазьбегнуць грамадзкага ўздыму. Думаю, для рэдакцыі гэта найперш настраёвы крок.

Прызнацца, ён прымусіў мяне задумацца: а чаму я не чытаю папяровых газэт? (Дакладней, проста газэт, бо партал — гэта іншы від СМІ.) Напэўна таму, што нічога ад іх не чакаю. Колішняе ўспрыманьне газэты як артэфакту, як выразна сфармуляванай рэдакцыйнай палітыкі, як «нашай агульнай справы», да якой ты адчуваеш сябе далучаным, разьвеялася за апошнія 20 гадоў у сеціўны дым. Добра гэта ці дрэнна? Дрэнна, бо на зьмену таму ўспрыманьню нічога сувымернага не прыйшло. «Папяровае поле» ў краіне стане цяпер яшчэ больш панылым.

Чытаньне на паперы патрабуе пэўных высілкаў і выпрацоўвае навык. Схадзіць-купіць-выпісаць-заплаціць-вызначыць час, месца, скласьці ў гадавік ці ўтылізаваць. У суме гэта параўнальна з гаварэньнем па-беларуску «на людзях». (Быць беларусам — гэта работа, навык, рытуал.) Зазірнуць на партал можна, вядома, калі ёсьць вольная хвіліна. А можна і не зазірнуць. Парадаксальным чынам можа аказацца, што папяровае выданьне і забясьпечвае парталу наведнікаў, бо яно — рэчыўны доказ прысутнасьці «НН» у рэальным жыцьці. Гэта як «пакажыце пашпарт», каб ведаць, з кім размаўляць.

«НН» накладам тры тысячы ўспрымаецца як альтэрнатыва «СБ» і ўсёй астатняй савецкай паводле духу прэсе разам з раёнкамі. Але не ўспрымаецца як альтэрнатыва парталу «СБ», як і партал «НН» не ўспрымаецца як альтэрнатыва папяровай «СБ». Нешта тут зь нечым не перасякаецца.

Калі я плачУ, значыць, я падтрымліваю. Газэта зьвяртаецца — мы падтрымліваем. Нараджэньне салідарнасьці, далучанасьці, адзінства. Колькі падпісак можна сабраць ужывую, напрыклад, на #БНР100? 500? І гэта ў часы дэпрэсіі. У часы грамадзкага ўздыму лічбы могуць узьлятаць стакроць, мы гэта бачылі. Тым часам клікі і лайкі — гэта віртуальная салідарнасьць. Як кажуць кіроўцы папутак, «спасіба на хлеб не намажаш».

Жывая газэта і абмяркоўваецца ўжывую. Віртуальная — увіртуальную. У сеціве гэта лябараторыя думкі, бурная дыскусія на тэму… оп!.. і ўжо іншая тэма. Ужывую тэма даводзіцца да высновы, да канца. Можа быць, з гэтага жывога прагаворваньня і нараджаецца часам грамадзкі ўздым? Ёсьць, вядома, свае законы ў калектыўнага несьвядомага. Ёсьць палітыка ўладаў, скіраваная супраць любога калектыўнага натхненьня. І ёсьць газэта са сваім унутраным уздымам. Памятаю, запрашэньне на самыя першыя Курапаты («Дзяды») на паперы клеілася на кожным (!) пад’езьдзе. Было страшна, бо ўпершыню, але прыйшлі дзясяткі тысяч. Цяпер яны чытаюць запрашэньне ў сеціве, а ўжывую прыходзяць дзясяткі.

Істотны грамадзкі ўздым магчымы толькі на тэму нацыянальнага. Мы бачылі і гэта. Як спрычыніцца? Дайце што-небудзь патрымаць у руках.

Як ні круці, поўны сыход у віртуальную прастору — гэта крок ад жывога жыцьця, жывых дачыненьняў, жывога жаданьня жывой Беларусі. У інтэрнэце ўсё гэта «і так ёсьць».

Цяжка прадбачыць грамадзкі ўздым. Але яго можна нарадзіць. У розныя часы газэтам гэта ўдавалася. Калі папяровае выданьне не зусім правальнае, яно, як і ўсё жывое, імкнецца да росту, пашырэньня. Калі газэты таўсьцеюць — гэта бізнэс, калі яны павялічваюць пэрыядычнасьць — гэта місія. Ня трэба 24 старонкі, дастаткова легендарнай шапкі, погляду ў заўтрашні дзень, разьліку на ўвесь народ, каб без аглядкі на дэпрэсію і магчымыя рэпрэсіі, з гатовасьцю сысьці з афіцыйнага поля, але да людзей, з думкай рабіць гісторыю самім. Тая матывацыя, якой сёньня бракуе.

Але настрой зьменіцца, бо грамадзкая дэпрэсія і застой не бываюць вечнымі, а значыць, рана ці позна зьявіцца патрэба ў матываванай газэце, якая будзе матываваць нас.

P.S. З кутка жаданьняў — чаго б хацелася. Калі акажацца, што рашэньне рэдакцыі — гэта пасьпяховы маркетынгавы крок з мэтай ацаніць сытуацыю, ажывіць інтарэс аўдыторыі і падняць свой уласны ўнутраны drive, асабіста я сярод першых падпішу на «паперу» сябе, сваякоў і сяброў. Страчваць — не набываць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG