Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Размова з польскім беларусам на азэрбайджанскім падворку


На азэрбайджанскім падворку ў час Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур у Горадні ў 2018 годзе
На азэрбайджанскім падворку ў час Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур у Горадні ў 2018 годзе

Горадня ўздыхнула. Перажыла дзясяткі тысяч людзей на нешырокіх вуліцах у гістарычнай забудове. У горадзе адбыўся фэстываль нацыянальных культур. Чарговы раз. Праходзіць кожныя два гады, першы — у 1996-м.

У мяне была адна нечаканая сустрэча. Заходжу на азэрбайджанскі падворак. Віруе натоўп. І стаіць самотны чалавек. Пазнаю адразу — гэта Ян Сычэўскі зь Беластоку. Трыццаць год, наколькі памятаю, узначальвае Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. Пачынаю прыязную размову. Аб тым, як давялося аднойчы начаваць у сядзібе БГКТ на вуліцы Варшаўскай. На падлозе. Мы накіроўваліся на Грунвальд, «Паходняй», на чале з прафэсарам Ткачовым. Было што ўспомніць.

Ян Сычэўскі кажа, што памяшканьне цяпер ва ўласнасьці БГКТ. Дзякуючы былому прэм’еру Цімашэвічу. Завочна і я гэтага палітыка добра ведаю. Яго бацька быў беларусам, зазначае Сычэўскі. Словам, размаўляем на агульныя тэмы. І раптам чалавек як абрэжа: зьнянацку сунуў руку на разьвітаньне — ну ўсё — да пабачэньня.

А што здарылася? Я палітыкі не чапаў. Ён сам стаў гаварыць аб тым, што ў Польшчы даволі варожа ставяцца да Расеі і Беларусі. І ўсё хочуць Амэрыцы спадабацца. Газ пачалі вазіць адтуль, а гэта ў тры разы даражэй!

Палітыка ёсьць палітыка, працягваю я, наш таварыш вунь з Вэнэсуэлы танкерамі нафту ў Адэсу вазіў, а затым чыгункай. Пачуўшы прозьвішча «Лукашэнка», Сычэўскі адразу перапыніў размову. Трошку асадак застаўся. Прычым мне вядома, што нехта іншы мог бы адразу з каверзнымі пытаньнямі, а я ж проста зацікаўлена з чалавекам зь Беластоку паразмаўляць хацеў. Для мяне ён найперш той, хто столькі часу займаецца беларускай культурай у Польшчы. А што ўладу беларускую падтрымлівае, дык у яго выйсьця няма: ня ён яе прыдумаў. Прычым у мяне ўсё ж жаданьне было гаварыць аб тым, што нас аб’ядноўвае. І ўспамінаць дзівосную «лягістыку», Вэнэсуэлу з Іранам, не зьбіраўся.

Тэарэтычна «бацька» мог нас усіх аб’ядноўваць, на справе — інакш.

Палякі

Польскі падворак заўжды быў побач з Новым замкам. Пляц вялікі, выгодны, турыстычныя групы пастаянна. Гэтым разам падворак разьмясьцілі за домам Элізы Ажэшкі, дзе месца зусім няшмат. Але ня гэта было маім галоўным уражаньнем.

На само сьвята можна часам ня трапіць, але калі ты бачыў шэсьце нацыянальных суполак, лічы, што ты на фэсьце пабываў. Што кінулася ў вочы, калі праходзілі беларускія палякі? Што ніводнага знаёмага твару. Я многіх зь іх даўно ведаю, у прыяцельскіх адносінах. Але факт застаецца фактам: аднойчы начальства стварыла канфліктную сытуацыю ў саюзе палякаў. Адзіная арганізацыя раскалолася, і тыя палякі, якіх я ведаю, цяпер нібы не такія, як трэба. Начальству. Іх удзел у сьвяточным шэсьці не прадугледжаны.

Уласна кажучы, хто падзяляе палякаў, той падзяляе і беларусаў, у тым ліку і за мяжой, у тым жа Беластоку. Несуцяшальны факт.

Яны вяртаюцца. Якую Беларусь шукаюць габрэйскія турысты?

Казакі

Апошнім часам у гарадзенскім фэсьце ўдзельнічаюць і расейскія казакі. Сьведкам чаго быў я сёлета? Як на нешырокай вуліцы, калі сьвяточнае шэсьце часова спынілася, казакі з гукам ляскалі пугамі па бруку, у паветры і нават па надзіманых шарыках. Няхай яны віртуозы, аднак відовішча выглядала небясьпечным: адбывалася паміж дзьвюх «сьценаў» людзей абапал вуліцы. Сярод якіх было мноства мам з малымі дзецьмі. І не знайшлося міліцыянта, які б гэта спыніў.

Літоўцы

Літоўскі падворак заўжды быў на дзядзінцы Старога замка. Сёньня літоўцы частавалі півам упершыню на Замкавай вуліцы. У замку будаўнічая пляцоўка. Не чутно стала пэрфаратараў, якімі разбурылі частку камяніцы над уязной брамай, дык цяпер працуюць бэтонамяшалкі, рабочыя «папраўляюць» колішніх будаўнікоў замка.

У літоўцаў і тут душэўная атмасфэра, якая прыцягвае многіх, таксама абласное начальства. Гэтым разам бачыў, як да іх наведаўся старшыня аблвыканкаму Краўцоў. Мне даводзілася бачыць у літоўцаў і ўсіх ранейшых «губэрнатараў». Дарэчы, у начальства на пінжаках букецік, які меў і Ян Сычэўскі. Гэта зразумела: ён жа па запрашэньні аблвыканкаму прыяжджае на фэст.

Літоўскае піва не пакідае абыякавых. Што праўда, у гарадзенскіх крамах яно цяпер таксама ёсьць. А на падворку стала заканчвацца, і яго пачалі наліваць у зусім малыя шклянкі, быццам каву. Пачастунак быў бясплатны.

Міністар культуры прапанаваў перайменаваць вуліцу, названую ў гонар расейскага тэрарыста

Міліцыя выглядала някідка

Першы раз на фэсьце не было вузкіх брамак для выкрыцьця мэталаў, не было татальнай праверкі ўсіх, хто прыйшоў. Не было соцень міліцыянтаў у экіпіроўцы. Публіку прапускалі цераз шырокія праходы, ля якіх стаялі звычайна людзі ў цывільным. Стаялі някідка, правяралі толькі зрэдку, калі ў каго была вялікая торба.

З прысмакам папсы

У Горадні дзьве плошчы — Савецкая і Леніна. На першай сьпявалі і скакалі народныя гурты. Габрэйскія, польскія і гэтак далей. Каля Леніна сьпявалі «Песьняры», гучала пераважна беларуская песьня.

А як надышоў вечар, пачалася на плошчах проста дыскатэка, якая ня мела да афарбоўкі сьвята ніякага дачыненьня. Кожны раз да ночы я чую нават праз зачыненыя вокны тую ж самую музыку, што рве паветра на плошчы на ўсе іншыя сьвяты — 3 ліпеня і гэтак далей.

Быццам арганізатары нацыянальнага фэсту бездапаможна выпадаюць з кантэксту. Можа, ім здаецца, што фальклёрная музыка на вечаровай сцэне будзе абураць моладзь? А насамрэч ніякай цяжкасьці няма. Па-першае: гэта час і месца для такіх гуртоў як «Палац» альбо Kriwi, для фолькроку, альбо тых, хто сьпявае рыцарскія песьні.

Ня трэба папсовых гуртоў з Масквы! Тым больш яны ня могуць каштаваць танна. Чаму не запрасіць замест іх гурты зь Беластоку, з Друскенік? Я ніколі ня чуў у Горадні літоўскага року. Ніколі не было. Але тады захоўвалася б цэласнасьць сьвята. А так яе няма: увечары гэта ўжо нешта іншае, проста дыскатэка. Да нацыянальных культур — ніякага дачыненьня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG