Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнікі беларускамоўнай школы не разумеюць беларускай мовы


Школа ў Астрыне
Школа ў Астрыне

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

30 траўня, акурат на «апошні званок» у школах, трапіў у мястэчка Астрынá ў Шчучынскім раёне. І мусіў перачакаць усю ўрачыстую лінейку, каб дамовіцца з настаўніцай — кіраўнічкай школьнага музэю Аляізы Пашкевіч пра наведваньне музэю.

Уражаньні ад падзеі цікавыя. Было даволі высокае кіраўніцтва абласнога і раённага маштабу, фігураваў праваслаўны сьвятар. Мерапрыемства моцна прыпамінала савецкія часы, калі сам быў школьнікам. Стаялі піянэры, толькі ня ў спрэс чырвоных, а чырвона-зялёных гальштуках, прамаўляла кіраўнічка саюзу моладзі, толькі не ВЛКСМ, а БРСМ, і прамовы, скіраваныя да выпускнікоў, у асноўным былі таго ж зьместу: «В добрый пуць!», «Аканчывайце вузы і вазврашчайцесь!»

Школа афіцыйна беларускамоўная, носіць імя Цёткі, але ніводзін чалавек не прамаўляў па-беларуску

Былі і сардэчныя прамовы, клясная кіраўнічка выпускнікоў не ўтрымала сьлязу, увогуле бывала нават урачыста і кранальна. Не сапсаваў настрою дзецям канвэер раздачы дыплёмаў — мо штук 50 — за самыя розныя дасягненьні. Праўда, выйшаў дырэктар мясцовага аграрнага прадпрыемства з больш канкрэтнай узнагародай — уручыў дзецям сваіх працаўнікоў за добрую вучобу і прыкладныя паводзіны прэміі па дзьве базавыя велічыні. Мяркую, шмат хто з дыплямантаў не адмовіўся б памяняць каляровую паперку на такі канвэрт хай зь невялікім, але рэальным зьместам.

Школа афіцыйна беларускамоўная, носіць імя Цёткі, але ніводзін чалавек не прамаўляў па-беларуску. Толькі школьніца-вядоўца прачытала даволі доўгі і ўвогуле неблагі верш аўтарства ранейшай выпускніцы астрынскай школы. А потым выступіла і сама аўтарка — сёньняшняя журналістка.

Пазьней задаў ёй пытанне: «Вось дзецям прачыталі ваш верш на беларускай мове, а вы прамаўлялі да іх па-расейску. Скажыце, а для каго вы пішаце?» Адказ быў такі, што яна напісала гэты верш яшчэ ў ХІ клясе, а па-расейску казала таму, што частка вучняў, асабліва малодшых клясаў... не разумеюць беларускую мову. Ну вось і прыплылі! Да сапраўднага «аканчацельнага решэнія вапроса беларускага языка».

Дарэчы, у музэй Аляізы Пашкевіч мяне так і не пусьцілі, пэўна, праз наяўнасьць відэакамэры. Рашэньне прымаў не малады пажыцьцёва перапалоханы дырэктар, а кіраўнік раённай шчучынскай адукацыі Уладзімір Раманавіч Дубок. Не дапамагло і пасьведчаньне аб сяброўстве ў Саюзе пісьменьнікаў. І дырэктар, і кіраўнічка музэю прасілі прабачэньня, апошняя сама была ў шоку, казала, такое ў іх упершыню. Беларуская рэальнасьць. Усё стабільна. Лукашэнка ляціць у Аўстрыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG