Украінскія актывісты прынесьлі да амбасады Расеі ў Кіеве кардонныя «труны» з намаляванымі на іх расейскімі сьцягамі і надпісамі «Груз 200. ЧВК Вагнера». Труны склалі ў надпіс «Их там нет», піша «Укрінформ».
Да варотаў амбасады ўдзельнікі акцыі прымацавалі фатаздымкі людзей з подпісамі пазыўных. Актывісты сьцьвярджаюць, што гэта байцы так званай «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра», якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны на баку прарасейскіх сэпаратыстаў.
Акцыя, як сьцьвярджаецца, прымеркаваная да Чэмпіянату сьвету ў футболе, які пройдзе ў Расіі ў ліпені.
Раней Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала запіс радыёперамоваў у раёне баявых дзеяньняў у Данбасе ў 2015 годзе. Ведамства называе ўдзельнікаў перамоваў «расейскімі вайскоўцамі» і «наймітамі кампаніі Вагнэра».
Фраза «их там нет» стала мэмам пасьля таго, як гэтыя словы ў 2014 годзе сказаў Уладзімір Пуцін адносна расейскіх войскаў у Крыме. Пасьля ў тым жа годзе сам Пуцін пацьвердзіў, што ў акупацыі ўкраінскага Крыму бралі ўдзел расейскія вайскоўцы.
У студзені прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб рэінтэграцыі Данбаса, згодна зь якім Расея прызнаная «краінай-агрэсарам». Масква сваё дачыненьне да падзеяў на ўсходзе Украіны адрынае і называе грамадзянаў Расеі, якія там ваююць, «наймітамі».