Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добраахвотнікі ці найміты: што здарылася з украінцамі, якія ваююць у ПВК Вагнэра


Гісторыя пра наёмнікаў з «Прыватнай вайской кампаніі Вагнера», якія загінулі ў Сырыі, атрымала нечаканы працяг. Пра гэта сьведчаць вынікі журналісцкага расьсьледаваньня праграмы радыё Свабода «Данбас. Рэаліі».

Сярод загінулых у баі пад Дэйр-эз-Зорам «вагнераўцаў» быў грамадзянін Украіны Ўладзімір Вінаградзенка (пазыўны «Апостал»). Аказалася, што ён не адзіны ўкраінец, які ваюе за грошы ў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК). Журналісты Свабоды вырашылі разабрацца: чаму ў складзе «ПВК Вагнера» утварылася асобнае ўкраінскае падразьдзяленьне, дзе вярбуюць наймітаў, і якія задачы яно выконваюць?

Паводле падлікаў амэрыканскіх вайскоўцаў, у ноч з 7 на 8 лютага пад агнём зьнішчальнікаў ЗША, ударных беспілётнікаў, баявых верталётаў Apache і стратэгічных бамбавікоў B-52 загінулі каля сотні байцоў сырыйскіх узброеных атрадаў, якія выступаюць у канфлікце на баку прэзыдэнта краіны Башара Асада.

Колькі сярод іх было расейцаў з «ПВК Вагнера» - да гэтага часу дакладна не вядома, у СМІ называюцца лічбы ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Праз некалькі дзён пасьля баю сваякі забітых расейцаў пачалі адкрыта прасіць вярнуць целы на радзіму. Пазьней зьявілася інфармацыя і аб гібелі пад Дэйр-эз-Зорам харкаўчаніка Ўладзімера Вінаградзенкі. Менавіта тады стала зразумела: сярод загіблых «вагнераўцаў» у Сырыі ёсьць украінцы.

Паводле некаторых дадзеных, у складзе калёны, якую разьбілі сілы кааліцыі, нібыта была цэлая група выхадцаў з Украіны. Як сьцьвярджаюць знаёмыя відавочцаў гэтага бою, група называецца «Карпаты». Пра тое, якія задачы перад ёй стаяць, распавёў былы паплечнік Ігара Стралкова (Гіркіна) Міхаіл Палынкоў у інтэрвію аднаму з YouTube-каналаў прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе:

«Гэта ядро атакі. Менавіта людзей, якія маюць вопыт баявых дзеяньняў у Данбасе, пасылаюць у самую, прашу прабачэньня, дупу. Яны ідуць першымі - "Карпаты" і "Вясна". Я ня ведаю чаму, але яны заўсёды, як гарматнае мяса, першымі ідуць наперад,» — распавёў Палынкоў.

У службе бясьпекі Украіны (СБУ) журналістам праекту «Данбас. Рэаліі» пацьвердзілі, што «ўкраінская група» у складзе «ПВК Вагнера» існуе. СБУ ўдалося атрымаць пэрсанальныя дадзеныя амаль двух тысяч «вагнераўцаў». Пры гэтым колькасьць ідэнтыфікаваных украінцаў у іх ліку — амаль 40 чалавек.

«У Службе бясьпекі Ўкраіны ёсьць інфармацыя, што пры фармаваньні кантынгенту так званай «ПВК Вагнера» для адпраўкі ў Сырыю асобную групу асобаў складалі менавіта выхадцы з Украіны, якія атрымалі ўмоўную назву — група — "Карпаты",» — сказаў у камэнтары «Данбас. Рэаліі» кіраўнік апарата старшыні СБУ Ігар Гуськоў.

«Карпаты» у «ПВК Вагнера»

З публікацыяў расейскага выданьня «Фантанка», якое ўжо некалькі гадоў адсочвае дзейнасьць «ПВК Вагнера», стала вядома, што спачатку падразьдзяленьне «Карпаты» стваралі для дывэрсіяў у тыле ўкраінскай арміі. Але праз слабую падрыхтоўку складу ад гэтай ідэі адмовіліся. Пасьля чаго ўкраінцаў пераправілі ў Сырыю.

«У 2017 годзе група была разгорнутая і пераназваная ў падразьдзяленьне „Вясна“ (па пазыўных яе камандзіра), яе колькасьць была даведзеная да 100-150 чалавек. Акрамя ўкраінцаў, у групу ўвайшлі жыхары „казачых“ рэгіёнаў Расеі і пятнаццаць-дваццаць ураджэнцаў Чачні» — гаворыцца ў паведамленьні выданьня.

Украінскае валянтэрскае таварыства «Іхтамнет», якая расьследуе дзейнасьць «ПВК Вагнера» ва Ўкраіне і ў Сырыі, яшчэ ў канцы студзеня апублікавала цікавы дакумэнт. Гэта рапарт, у якім камандзір роты «вагнераўцаў» паведамляе: у раёне Пальміры праз памылку камандзіра аддзяленьня беспілётнай разьведкі расейская артылерыя абстраляла байцоў «ПВК Вагнера». У выніку загінуў адзін найміт — украінец Эдуард Прыходзька. Дакладнасьць гэтай інфармацыі Радыё Свабода пацьвердзілі і ў СБУ.

Украінцы, якія загінулі ў Сырыі: дадзеныя СБУ

Усяго ж у СБУ ёсьць правераныя дадзеныя аб гібелі трох грамадзянаў Украіны ў Сырыі ў пэрыяд з сакавіка па красавік 2016 году.

Першы — Прыходзька Эдуард Яўгенавіч, пазыўны «Боцман». На момант гібелі яму было 48 гадоў. Зарэгістраваны ў Горлаўцы. Ён ваяваў на баку груповак «ЛНР» і «ДНР» у Данбасе. Загінуў у раёне сырыйскага гораду Пальміра 8 сакавіка 2016.

Другі — Канашэнкаў Аляксандар Сяргеевіч. Пазыўны «Конан», 27 гадоў. Родам з Новаградоўка, Данецкая вобласьць. Ваяваў у Данбасе ў шэрагах сэпаратыстаў. Асабісты нумар у «ПВК Вагнера» - М-1349. Загінуў 12 сакавіка 2016 году ў раёне Пальміры.

Трэці — Кіяшка Аляксандар Ігаравіч, пазыўны «Кеша», 23 гады, Данецк, Украіна. Ваяваў у Данбасе на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Загінуў у раёне сырыйскага горада Латакія 8 красавіка 2016 году.

«Мы фіксуем вельмі шмат асобаў, якія ўдзельнічалі (у баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны — РС) на баку незаконных узброеных фармаваньняў. І сярод іх ёсьць ня толькі выхадцы з часова акупаванай часткі Данбасу. Напрыклад, ёсьць выхадцы з Марыюпалю,» — кажа Ігар Гуськоў.

«Выгадная прапанова»

Чаму ўкраінскія сэпаратысты актыўна мяняюць Данбас на Сырыю, распавёў у інтэрвію Радыё Свабода атаман казацкага таварыства «Ховрино» Яўгеній Шабан. Ён увесь час мае зносіны з чальцамі «ПВК Вагнера» і ўжо пабываў у адным з шпіталяў, дзе лечаць параненых у Сырыі наймітаў.

«У нас ёсьць СІЗА ў Данецку, СІЗА ў Луганску, дзе людзей, у тым ліку і расейскіх грамадзянаў, утрымліваюць ужо больш за тры гады пасьля падпісаньня менскіх пагадненьняў. Гэтыя людзі не хацелі спыняцца, яны хацелі ісьці далей, абараняць сваю радзіму. А іх пасадзілі ў СІЗА без прад’яўленьня абвінавачваньня. Там не дзейнічае адвакатура, там усё па паняцьцях. І вось хлопцы сядзяць тры гады. Да іх прыходзяць вярбоўшчыкі і кажуць: альбо ты тут працягваеш гніць, альбо ты паедзеш ваяваць, можа, чаго-небудзь і заробіш. Гэта ня шантаж, а выгадная прапанова. Калі ты бачыш перад сабой такі выбар, ты ідзеш ваяваць — і не за 150 тысяч рублёў, як ваююць сталыя ПВКшнікі, а ідзеш у набор у „Вясну“, у „Карпаты“, дзе плацяць каля 100 тысячаў, ды і тое не заўсёды.

Вярбоўнікі працуюць і ва Ўкраіне, вэтэраны АТА таксама ёсьць у Сырыі. Там нікога не цікавіць зараз, хто туды прыедзе. І ў адным акопе могуць апынуцца тыя, хто ў Данбасе стралялі адзін у аднаго. Мы людзям гаворым, але яны ўжо не ўспрымаюць нічога. Таму што няма працы, рэальны эканамічны крызіс у краіне. Вядома, можна верыць, што мы выйшлі зь яго, падняліся з каленяў, але ведаеце, падняцца з каленяў і зваліцца на пятую кропку, гэта вельмі непрыемна».

Вось колькі каштуе жыцьцё наймітаў «ПВК Вагнера» па дадзеных журналістаў расейскага выданьня Republic (падобныя лічбы называлі і іншыя крыніцы, у тым ліку знаёмыя «вагнераўцаў» у інтэрвію Радыё Свабода):

  • у выпадку гібелі сямʼя забітага атрымлівае 5 мільёнаў рублёў;
  • за раненьні, у залежнасьці аб ступені іх цяжкасьці, выплачваюць ад 500 тысяч да 1 мільёна рублёў;
  • штомесячны заробак радавога — 240 тысяч рублёў.

Па дадзеных СБУ, сваю дзейнасьць у Данбасе «ПВК Вагнера» пачала ў Луганскай вобласьці: шматлікія сьведчаньні кажуць пра тое, што менавіта «вагнераўцы» удзельнічалі, напрыклад, у захопе аэрапорту Луганску.

Добраахвотнікі ці найміты?

Журналісты, якія даўно дасьледуюць дзейнасьць «ПВК Вагнера», пацьвярджаюць: там служаць не толькі ўкраінцы з падкантрольных сэпаратыстам «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыяў.

«Сустрэўшыся з хлопцамі, якія вызвалялі Пальміру, я пачуў такую падрабязнасьць, што пры вызваленьні Пальміры загінулі 11 украінцаў. Задаў ўдакладняльнае пытаньне: гэта грамадзяне Ўкраіны з тэрыторыі, кантраляванай так званымі "ЛНР" і "ДНР"? Не, гэта людзі з „унутранай“ частцы Ўкраіны. Людзі, якія мелі ва Ўкраіне нейкія праблемы з законам, зьніклі ў Расеі і знайшлі прытулак у так званай „ПВК Вагнера“,» — распавёў Радыё Свабода журналіст «Новай газэты» Ірэк Муртазін.

Тым часам сляды «Вагнера» у Данбасе праяўляюцца ўсё больш выразна. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра помнік, які зьявіўся ў Сырыі. Дасьледчыкі Conflict intelligence Team ўпэўненыя, што яго паставілі менавіта ў памяць аб загіблых «вагнераўцах». Больш за тое, нядаўна ў Луганску таксама ўсталявалі помнік «рускім добраахвотнікам». Падабенства — стопрацэнтнае.

Вось толькі тых, якія загінулі ў абодвух выпадках, замест «наймітаў» чамусьці называюць «добраахвотнікамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG