Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму закрылі «Мае сэнс», які сабраў мільён даляраў на сацыяльныя праекты?


Дзяніс Кандратовіч

«Мае сэнс» — адна зь першых краўдфандынгавых пляцовак. Цягам 8 год грошы на сацыяльныя праекты тут зьбіралі праз продаж сустрэчаў. Чаму заснавальнікі закрылі сайт maesens.by, за якую суму і каму хацелі б прадаць праект, пра гэта Свабодзе распавёў Дзяніс Кандратовіч — заснавальнік і ўласьнік «Мае сэнс».

«Хацелі спрасьціць сабе жыцьцё, а мусілі сысьці з працы дзеля „Мае сэнс“»

Дзянісу Кандратовічу быў 21 год, калі разам зь Міхаілам Карпіцкім ён стварыў групу «ЎКантакце» дзеля зьбіраньня грошай на дабрачыннасьць. У якасьці лотаў удзельнікі суполкі выстаўлялі сустрэчы з сабой: яны пагаджаліся сустрэцца з тым, хто прапануе найбольшую стаўку. Выручаныя грошы ішлі на дабрачыннасьць — на лекаваньне хворых дзяцей або на патрэбы дзіцячых дамоў.

Мадэраваньне суполкі забірала час, а таму сябры вырашылі аўтаматызаваць справу: распрацавалі адмысловы сайт. І адразу пасьля запуску ў іх дадалося працы: сайт maesens. by хутка стаў папулярным.

«Мы думалі, што спрашчаем сабе жыцьцё, — кажа Дзяніс Кандратовіч Свабодзе. — Але адразу нам давялося сысьці з нашых асноўных працаў на паўстаўкі дзеля „Мае сэнс“. Прайшло яшчэ паўгода, і мы цалкам сталі займацца гэтай справай».

Хобі ператварылася ў сацыяльна адказны бізнэс. Цяпер гэта называецца прыватна-дзяржаўным партнэрствам. Гэта калі бізнэс вырашае нейкія сацыяльныя праблемы, зь якімі складана справіцца за кошт бюджэтных арганізацый. За свае паслугі па пераводзе грошай Maesens. by як пасярэднік атрымліваў 20%.

За адзін год сабралі 250 тысяч даляраў

«Мае сэнс» зьбіраў грошы на дабрачыннасьць, але пляцоўка не была клясычным краўдфандынг-праектам. Асаблівасьць «Мае сэнс» была ў тым, што людзі прапаноўвалі сустрэцца з сабой. Да праекту часта запрашалі публічных людзей, сустрэчы зь якімі каштавалі па некалькі тысяч даляраў. Самай высокай за ўсе часы была стаўка на Юрыя Гурскага. За магчымасьць паразмаўляць з ІТ-прадпрымальнікам і інвэстарам заплацілі 12 тысяч даляраў.

«Гэта была адна сустрэча, але там было тры пераможцы, — тлумачыць Дзяніс. — Для сярэдняй кампаніі 4 тысячы даляраў — гэта няшмат. Бо кансультацыя Гурскага шмат сьвежых ідэй можа прынесьці».

За 8 год на «Мае сэнс» сабралі грошы больш як на 500 дабрачынных праектаў — прыватных і для арганізацый. На піку папулярнасьці сайта — у 2012–2013 гадах — «Мае сэнс» зьбіраў 250 тысяч даляраў на год. Агулам за восем год на сацыяльныя праекты праз плятформу ўдалося сабраць мільён даляраў.

За 8 год на «Мае сэнс» сабралі грошы больш як на 500 дабрачынных праектаў

Большасьць праектаў — гэта збор грошай на лекаваньне хворых дзяцей, падтрымку дзіцячых дамоў, або для грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца дабрачыннасьцю.

«Мае сэнс» займаўся тым, на што павінны былі б ісьці бюджэтныя грошы. Але супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі арганізацыямі калі і здаралася, то рэдка афішавалася.

«Для дзяржавы гэта нявыгадна, — кажа Дзяніс. — Гэта паказвае іх няздольнасьць даваць рады праблемам. Дзіцячым дамам дапамога патрэбная, але пра гэта нельга пісаць. Нельга паказваць, што ў іх усё дрэнна».

Аднак Аляксандар Скрабоўскі, дырэктар фонду «Добра» і кіраўнік Social Weekend, лічыць, што дзейнасьць краўдфандынгавых пляцовак нельга разглядаць як праяву беднасьці краіны.

«Гэта найпершы індыкатар уцягнутасьці грамадзкай супольнасьці ў вырашэньне ўласных праблемаў, — сказаў Скрабоўскі Свабодзе. — Зьяўленьне новых пляцовак — гэта прыкмета таго, што мы самі як грамадзяне незалежнай краіны становімся больш дарослымі. Ня варта спадзявацца, што дзяржава вырашыць усе пытаньні. Так не адбываецца ў ніводнай краіне сьвету».

Ня склаліся стасункі з другім інвэстарам, і касьцяк каманды сышоў

У 2013 годзе «Мае сэнс» перамог у намінацыі «Грамадзкая чыннасьць» у прэміі Люблю Беларусь, якую ладзіць «Малады Фронт»
У 2013 годзе «Мае сэнс» перамог у намінацыі «Грамадзкая чыннасьць» у прэміі Люблю Беларусь, якую ладзіць «Малады Фронт»

З 2011 году сайт імкліва разьвіваўся. Штодня сюды прыходзіла да 10 тысяч унікальных наведнікаў. Неўзабаве каманда вырашыла выйсьці з аналягічнымі праектамі на замежныя рынкі: спачатку ў Расеі, а потым у Штатах і Вялікай Брытаніі. У 2012 годзе распрацоўшчыкаў «Мае сэнс» запрасілі ў ЗША, дзе яны працавалі над праектам пад назвай Goodwillion. На некалькі месяцаў беларуская каманда пераехала ў Каліфорнію. Але замест выхаду на новы ўзровень тая вандроўка стала канцом праекту.

«Там былі вельмі добрыя пэрспэктывы, кампанію ацэньвалі ў шмат мільёнаў, — кажа Дзяніс. — Але ў нас ня склаліся стасункі з другім інвэстарам, і каманда развалілася. Касьцяк каманды сышоў».

У нас былі вялікія надзеі, а потым яны абарваліся. Гэта вельмі цяжка

У 2013 годзе з «Мае сэнс» сышлі ўсе сузаснавальнікі, акрамя Дзяніса Кандратовіча. Па яго словах, апошнія пяць год сайт быў у стагнацыі.

«У мяне яшчэ былі пляны. Але на той момант я вырашыў займацца іншым стартапам. Бо ўнутры ўжо ўсё перагарэла. У нас былі вялікія надзеі, а потым яны абарваліся. Гэта вельмі цяжка».

Новае жыцьцё праекту надаў Юры Зісер, які далучыўся да Maesens у 2014-м. Дзякуючы заснавальніку TUT. BY праект Social Weekend, які пачынаўся на «Мае сэнс», ператварыўся ў асобны конкурс. Там можна атрымаць грошы на разьвіцьцё свайго сацыяльнага праекту.

Трэба аддаць «Мае сэнс» у кіраваньне людзям, якія будуць гэтым гарэць

Дзяніс кажа, што выразна бачыць будучыню «Мае сэнс», у яго ёсьць не адна ідэя для разьвіцьця праекту. Напачатку трэба зрабіць перазапуск сайту з мабільнай аплікацыяй. Але самому займацца гэтым яму ўжо ня хочацца.

«Трэба аддаць „Мае сэнс“ у кіраваньне людзям, якія будуць гэтым гарэць».

Ад пачатку 2018 году сайт не працуе, бо шукаюць пакупніка. У 2012–2013 гадах за «Мае сэнс» прапаноўвалі да 150 тысяч даляраў. Сёньня ўласьнікі гатовыя аддаць увесь праект за 10 тысяч даляраў. У гэты кошт уваходзіць 40 гадзін кансультацыі Дзяніса Кандратовіча.

«Мы ня ставім задачы зарабіць на „Мае сэнс“, — кажа Дзяніс. — Асноўная мэта — каб праект працягваў жыць пад новым кіраўніцтвам».

У якасьці пакупнікоў ён бачыць ці дабрачынныя арганізацыі, якія б хацелі зьбіраць грошы на ўласныя праекты, ці сацыяльна-адказныя бізнэсы.

У Беларусі яшчэ процьма нішаў на рынку краўдфандынгавых праектаў

«Мы глядзім ня толькі на кошт, які прапануе пакупнік, — кажа Дзяніс. — Калі мы пабачым, што чалавек гарыць, магчыма, што зьдзелка адбудзецца і за меншыя грошы».

Сёньня на беларускім рынку краўдфандынгу ёсьць тры асноўныя пляцоўкі: «Улей», Talaka, часопіс «Имена». Але ці будзе тут месца для забытага, а апошнія паўгода яшчэ і закрытага «Мае сэнс»? Аляксандар Скрабоўскі лічыць, што месца на беларускім рынку краўдфандынгу яшчэ шмат. Па яго словах, толькі ў апошні час краўдфандынг-пляцоўкі пачалі спэцыялізавацца на праектах рознага кшталту.

«Цяпер адбываецца працэс першаснай сэгмэнтацыі, і гэта вельмі раньняя стадыя рынку. У нас яшчэ процьма нішаў», — сказаў Скрабоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG