Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэальных пастаўшчыкоў бачыў у калёніі 2–3 разы». Гутарка з чалавекам, які адседзеў «за наркотыкі» 7,5 года


Дзьмітры Дзегцяроў
Дзьмітры Дзегцяроў

29-гадовы гамяльчук Дзьмітры Дзегцяроў правёў у калёніі амаль усё дарослае жыцьцё.

22 траўня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка ў размове зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам выказаўся пра магчымыя паслабленьні крымінальнай адказнасьці ў «наркатычнай» сфэры.

«Можа, мы недзе дапусьцілі пралікі ці памылкі пры прыняцьці адпаведнага заканадаўства, — сказаў Лукашэнка. — Я тады настойваў на ўзмацненьні заканадаўства, асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыфэрэнцыяваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў».

Гэтай заяве папярэднічалі некалькі галадовак жанчын з аб’яднаньня «Маці 328», іх сустрэчы з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзыдэнта, шматлікія звароты з прапановамі ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс.

Свабода сустрэлася з чалавекам, які быў асуджаны па артыкуле 328 яшчэ да ўзмацненьня адказнасьці і літаральна адчуў на сабе дзеяньне «наркатычнага» дэкрэту № 6. Жыхар Гомля Дзьмітры Дзегцяроў вызваліўся ўвосень 2017 году пасьля 7,5 года ў магілёўскай калёніі. Ён расказвае пра свой судовы працэс, стаўленьне да «наркаманаў» на зоне і бачаньне таго, якія зьмены неабходныя ў сфэры заканадаўства.

«У мяне не знайшлі ні наркотыкаў, ні грошай»

У 2010 годзе 21-гадовага Дзьмітрыя абвінавацілі па частцы 3 артыкула 328 — «Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў, зьдзейсьненыя групай асобаў».

«Пасьля затрыманьня ў мяне не знайшлі ні наркотыкаў, ні грошай. У сябра былі памечаныя люмінэсцэнтным рэчывам грошы. На судзе высьветлілася, што гэтыя грошы сябру даў так званы „залегендаваны“ сьведка. Гэта значыць, што не называлася ні яго прозьвішча, ні нават імя. У выніку пракурор запатрабаваў 12 гадоў, судзьдзя даў 8 з паловай. Год зрэзала амністыя ў 2012-м. Судзілі нас паўтара года, усё ніяк не маглі асудзіць. Пракурор тройчы зьмяняўся. Апошні, які запатрабаваў 12 гадоў калёніі для мяне, прысутнічаў толькі на трох паседжаньнях».

14 сакавіка 2011 году Дзьмітры пачуў свой прысуд, яшчэ некалькі месяцаў пайшло на абскарджваньне. У калёнію асуджаны трапіў толькі летам. Кажа, што васьмі з паловай гадам нават крыху абрадаваўся. Думаў, будзе адзінаццаць.

«Мы былі найлепшыя зэкі краіны»

У магілёўскую калёнію, па словах былога асуджанага, ён ехаў з прадчуваньнем вызваленьня «гады праз чатыры». Нібыта яму пра гэта расказвалі нават супрацоўнікі КДБ. «Мы ўсе так думалі, — кажа Дзьмітры. — Умоўна-датэрміновае, амністыя. Але потым зьявіўся гэты дэкрэт (маецца на ўвазе дэкрэт № 6 „Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў“, прыняты ў 2014 годзе. — РС) І наша знаходжаньне за кратамі зацягнулася. Ён зьмяніў увогуле ўсё».

Дзьмітры кажа, што да прыняцьця «наркатычнага» Дэкрэту ўсе больш-менш значныя пасады ў калёніі займалі асуджаныя па 328 артыкуле. «Заўгасы, іншыя пасады, усе былі за „наркатычнымі“, — узгадвае ён. — Адміністрацыя такіх асуджаных адразу падцягвала да сябе, праводзіла тлумачальную гутарку. Людзі ж усе, як правіла, пры грашах. Ім казалі, што вось будзеце дапамагаць, скажам, на рамонт. А мы вас паставім на пасады нейкія. А пры першай магчымасьці вызвалім. Ну, першы час, напэўна, так і было».

Па словах былога зьняволенага, зьмены ў стаўленьні да асуджаных па 328 артыкуле закранулі амаль усе сфэры. Па-першае, рэзка скарацілася колькасьць дазволеных тэлефанаваньняў родным і блізкім. Калі асуджаныя па іншых артыкулах працягвалі званіць на волю 3–4 разы на месяц па 10–12 хвілін, то «наркаманам» (нефармальная назва асуджаных па 328 артыкуле ў калёніях. — РС) дазвалялі размаўляць ня больш за 7 хвілін і 2–3 разы. Па-другое, іх пачалі візуальна вылучаць на фоне іншых зьняволеных.

«„Наркаманам“ усім выдалі зялёныя біркі, — кажа Дзьмітры. — Усе зьняволеныя на вопратцы маюць адмысловыя біркі, там нумар артыкула, імя з прозьвішчам і тэрмін зьняволеньня. Біркі гэтыя белыя. Дык вось, пасьля 2014 году ў асуджаных па 328 артыкуле яны сталі зялёнымі. У некаторых калёніях гэтага не рабілі. Людзі адтуль прыяжджалі да нас і расказвалі, што такога не было. Але ў нас усё было паказальна. Бо, здаецца, у 2013 ці 2014 годзе наша магілёўская калёнія стала калёніяй году ў Беларусі. Найлепшыя зэкі краіны мы былі. Начальніку тады далі ордэн і адправілі на пэнсію».

Сярод іншых зьменаў, па словах Дзьмітрыя, было зьмяншэньне для «наркаманаў» магчымасьці «атаваркі» — дазволенай колькасьці прадуктаў і рэчаў, якія зьняволеныя маглі набыць у краме на тэрыторыі калёніі. Зьмянілася і стаўленьне супрацоўнікаў калёніі.

«Некаторыя асуджаныя абураліся, не хацелі насіць гэтыя зялёныя біркі, — расказвае Дзьмітры. — Казалі: навошта вы мяне выдзяляеце з натоўпу? На іх пісалі рапарты, зьмяшчалі ў ізалятары, памяшканьні камэрнага тыпу. На цалкам „крыты“ рэжым пераводзілі. Дзе ўсё адно прыходзілася насіць зялёныя біркі».

Яшчэ адно новаўвядзеньне, якое адчулі на сабе асуджаныя па 328 артыкуле ў магілёўскай калёніі, — адмысловыя супрацьнаркатычныя лекцыі. Яны праводзіліся пераважна па суботах і нядзелях у непрацоўны час. Па словах Дзьмітрыя, гэта моцна біла па зьняволеных, якіх фактычна пазбаўлялі права адпачываць ад працы.

«На дадатак „наркаманаў“ перасталі выпускаць па ўмоўна-датэрміновым. Хоць гэтая забарона нідзе не прапісвалася, — кажа Дзьмітры. — І ніхто нам нічога не тлумачыў аб прычынах. Скаргі пісаць з калёніі таксама сэнсу няма, нічога за яе сьцены ня выйдзе. Можна перадаць з роднымі, але згодна з заканадаўствам я павінен пісаць праз адміністрацыю. Дый калі шчыра, то ніхто асабліва ня піша, бо разумее бессэнсоўнасьць гэтага. Бо прыходзіцца скардзіцца на некага гэтаму самаму чалавеку».

Судовы працэс па артыкуле 328, ілюстрацыйнае фота
Судовы працэс па артыкуле 328, ілюстрацыйнае фота

«Па УДВ маглі выпусьціць за дзень да сканчэньня тэрміну»

Па словах Дзьмітрыя, аднавіліся ўмоўна-датэрміновыя вызваленьні па артыкуле 328 прыкладна праз год-паўтара пасьля выхаду дэкрэту. Прычым пад вызваленьне падпадалі збольшага асуджаныя па першай, самай «лёгкай» частцы артыкула (выраб, захоўваньне, перапрацоўка наркатычных сродкаў бяз мэты збыту). Былы асуджаны расказвае, што часам датэрмінова маглі вызваліць, калі зьняволенаму заставалася адбываць пакараньне ўсяго некалькі месяцаў, а то і дзён.

«Я ведаю выпадак, калі чалавек умоўна-датэрмінова выходзіў за адзін дзень да завяршэньня тэрміну, — кажа Дзьмітры. — А ніхто не пазначае, колькі яму заставалася. УДВ і УДВ, у статыстыку яно ўвайшло».

Па словах былога зьняволенага, пачынаючы з 2015 году, калі ўступіў у сілу «антынаркатычны» Дэкрэт, асуджаных па артыкуле 328 пачалі прыцягваць да самай цяжкой і некваліфікаванай працы. У ягоным выпадку — чысьціць мэталічныя драты нажом.

«7 кіляграмаў у дзень трэба было начысьціць, — узгадвае Дзьмітры. — Не зрабіў — рапарт, ізалятар. З працай у нашай калёніі ўвогуле было складана. Аўтасэрвіс, „дзеравяшка“ — там дошкі рабілі, вытворчасьць сэндвіч-панэляў, мэблі, і яшчэ хлеб пяклі. Швейная вытворчасьць. Але працы мала, можна было фактычна нічога не рабіць. Хто быў на швейнай вытворчасьці, той мог 20 хвілін на дзень адпрацаваць і сядзець... А нам дадуць рухавік вагой 1,5 тоны і скажуць разьбіраць. Некаторыя пасьля такой працы прыходзілі ў атрад, клаліся на нары і нічога больш не маглі рабіць. Ні есьці, ні абутак свой зьняць, ні ісьці званіць, нічога».

Дзьмітры расказвае, што па артыкуле 328 сядзела траціна зьняволеных ягонай калёніі. «5 атрадаў было, у кожным зь іх да 200 чалавек „наркаманаў“, — узгадвае ён. — Агулам тысяча чалавек. Выпадкі розныя ва ўсіх. У асноўным там сядзяць людзі каля 24–25 гадоў. Былі і 40-гадовыя, і 18-гадовыя. І дзеці прыяжджалі таксама. Нехта расказваў, што этапе сустрэў 14-гадовую дзяўчынку, якая атрымала 18 гадоў. А так увогуле ў „наркаманаў“ сярэдні тэрмін — каля 10 гадоў. Нават ад 10 і вышэй».

Былы зьняволены кажа, што за 7,5 года адседкі з апраўданьнем асуджаных сутыкнуўся толькі 2–3 разы. Празь яго калёнію за гэты час прайшло прыкладна 7000 асуджаных па артыкуле 328.

«Моладзь, якая сядзіць па 3 частцы артыкула, гэта ў асноўным тыя, хто падзяліўся наркотыкам са знаёмым ці сябрам, — кажа Дзьмітры. — Пакурыў сам, даў сябру. У выніку ў сябра першая, у яго трэцяя частка. Віну не прызнаеш — 10 гадоў, прызнаеш — 8. А віну мала хто сваю прызнае... Бывалі і такія, хто ішоў на супрацоўніцтва з органамі. Але яны атрымліваюць такія ж тэрміны прыкладна. Але іх няшмат. 2–3 чалавекі на атрад (у атрадзе 200 чалавек. — РС). На 1,5–2 гады менш максымум».

Удзельнікі галадоўкі з групы "Матулі 328" ля Адміністрацыі кіраўніка краіны
Удзельнікі галадоўкі з групы "Матулі 328" ля Адміністрацыі кіраўніка краіны

«За мой апошні год у калёніі павесілася 4–5 асуджаных»

«З адным з начальнікаў калёніі я меў шмат праблемаў, — кажа былы зьняволены. — Пастаянна былі перапалкі, у выніку мне надакучыла ўсё, і я напісаў артыкул у газэту. Перадаў яго з адным з асуджаных, які вызваляўся. Ён яго адправіў у „Народную Волю“, там выйшаў артыкул пад загалоўкам кшталту „Карупцыянэры выходзяць на волю, а простыя людзі?“. Напісаў там кораценька, што і як. І ў дзень выхаду артыкула мяне прывалаклі да начальніка. Там крыкі. Маўляў, я апазыцыянэр, мяне згнояць тут. Я дурнога ўключыў. Сказаў, што нічога ня ведаю, першы раз усё чую. Што ня ведаю, хто гэта напісаў».

За журналісцкі дэбют Дзьмітрыя «ўзнагародзілі» нефармальнай забаронай на тэлефанаваньні дадому. З роднымі ён не размаўляў каля 4 месяцаў. У 2016 годзе былы зьняволены пачаў кантактаваць з праваабарончай арганізацыяй «ТаймАкт» (створаная Міколам Аўтуховічам і Васілём Завадзкім, займаецца абаронай правоў зьняволеных. — РС). Пісаў лісты, перадаваў інфармацыю аб правапарушэньнях.

«Суіцыд у нас здарыўся чарговы, — кажа Дзьмітры. — Увогуле там часта такое, за апошні мой год 4 ці 5 чалавек павесілася. Вешаюцца альбо вены ўскрываюць. І я вось патэлефанаваў Завадзкаму, расказаў пра гэта. Неяк адміністрацыя даведалася, што я званіў. Выклікалі да начальніка і далі 30 сутак ізалятара. Тройчы па 10, хоць паводле закону пасьля кожных 10 павінны выпускаць. І яшчэ паўгода памяшканьня камэрнага тыпу. Гэта было 10 красавіка 2017-га, вызваляўся з калёніі я ўжо адтуль...»

Па словах Дзьмітрыя, «ломкі» ў асуджаных па 328 артыкуле праходзяць падчас знаходжаньня ў СІЗА. На месца адбываньня пакараньня людзей прывозяць (калі прывозяць) ужо пасьля іх. Застаецца псыхалягічная залежнасьць, з такімі асуджанымі ў калёніі працуе псыхоляг.

«Ну як працуе... Трэба было схадзіць на адзнаку, зайшоў і расьпісаўся, — кажа былы асуджаны. — „Усё ў цябе добра?“ — „Усё добра“. Вось так лечаць. Ніхто ня хоча асабліва сябе абцяжарваць нечым. Суцэльны фэйк. Аднойчы прыяжджаў міністар Шуневіч, то ўсіх зэкаў закрылі і ня выпусьцілі на вуліцу. Каб, ня дай божа, нехта ня выйшаў да яго і не сказаў нешта».

Сустрэча Маці 328 ў адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніка краіны, 2 траўня 2018
Сустрэча Маці 328 ў адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніка краіны, 2 траўня 2018

«Трэба пачаць садзіць людзей за тое, што яны зрабілі»

«За ўсе праведзеныя ў калёніі гады я бачыў толькі 2–3 чалавек, якія рэальна займаліся пастаўкамі наркотыкаў у Беларусь, — кажа Дзьмітры. — Іншыя — гэта моладзь, якая нешта недзе набыла, нешта пакурыла. Па артыкуле 328 сядзяць у асноўным такія. Іх прасьцей вылічыць, пасадзіць, прасьцей потым падаць у справаздачы, што вось столькі злачынстваў раскрыта. Але як можна даваць 14-гадоваму падлетку 10 гадоў калёніі? У яго яшчэ галава не працуе ў такім узросьце. Ён выйдзе на свабоду ўжо з адпаведнымі поглядамі».

Дзьмітры вызваліўся ўвосень 2017 году. Яшчэ два гады за ім будзе нагляд. Нельга выяжджаць за межы гораду, нельга знаходзіцца ў месцах, дзе дазволена спажываць алькаголь, нельга знаходзіцца ўначы па-за месцам жыхарства. Супрацоўнікі міліцыі прыходзяць з праверкамі рэгулярна. Могуць і а другой ночы падняць — праз гэта ў Дзьмітрыя пастаянна ўзьнікаюць зь імі канфлікты. Былы зьняволены скардзіцца, што частыя начныя візыты ўчастковага і іншых праваахоўнікаў фактычна не даюць яму нармальна спаць — пастаянна прыходзіцца ўначы ўставаць і дэманстраваць сябе міліцыянтам.

Як варта зьмяніць «наркатычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу Беларусі і ці варта іх мяняць? Пасьля сямі з паловай гадоў за кратамі Дзьмітры лічыць, што ў тым выглядзе, у якім артыкул 328 існаваў да 2010 году, ён адпавядаў сваім мэтам.

«Але шмат пытаньняў застаецца, — дадае ён. — У нас няма разьмежаваньня па вазе наркатычных рэчываў, па вінаватасьці. Я ведаю чалавека, якога на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі з 70 кіляграмамі наркотыкаў. Гэта на 5 мільёнаў даляраў. І ён атрымаў 11 гадоў. Калі нехта проста пакурыць штосьці ў кампаніі, то можа атрымаць 10 толькі за тое, што ня будзе згодны з абвінавачаньнем. Гэта ж розныя рэчы. І яны ў краіне ніяк не разьмяжоўваюцца. Для прававой базы няма адрозьненьняў паміж спажыўцамі і распаўсюднікамі».

«Я зараз прачытаў законапраект Канапацкай, — кажа Дзьмітры. — Там пра зьніжэньне тэрмінаў, увядзеньне штрафаў. Усё добра. Але дзе людзям браць грошы на гэтыя штрафы? Там напісана пра колькасьць базавых велічынь з двума нулямі. Чалавек вызваліцца — і трапіць адразу ў іншую кабалу. У Гомлі зараз людзі зарабляюць 300 рублёў у месяц. Вельмі сыры гэты законапраект, недапрацаваны».

Нельга 18-гадоваму падлетку даваць 10 гадоў тэрміну

«Трэба пачаць садзіць людзей за тое, што яны зрабілі, — былы зьняволены лічыць, што выйсьце ў такім падыходзе. — Прадаў — адкажы за гэта ў адпаведнасьці з законам. Але зноў жа трэба, каб было разуменьне, што нельга 18-гадоваму падлетку даваць 10 гадоў тэрміну. На мой погляд, гэта парушэньне ўсіх этычных нормаў. Вы проста забіваеце чалавека. Кім ён вызваліцца? Ён выйдзе ў 30 гадоў, а ў яго, акрамя маці і бацькі, нікога няма. Таму людзі выходзяць на волю азлобленымі. У гэтым пляне ўсё вельмі дрэнна на самой справе».

Усе артыкулы па тэме

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG