Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўнага сьведку ў справе гомельскіх мытнікаў затрымалі за кантрабанду


Падчас працэсу над гомельскімі мытнікамі
Падчас працэсу над гомельскімі мытнікамі

Па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні шэрагу злачынстваў затрыманы адзін з асноўных сьведак у рэзананснай справе гомельскіх мытнікаў.

Як паведаміла «Свабодзе» крыніца ў адной зь сілавых структураў, дырэктар прыватнай фірмы падпаў пад падазрэньне ў кантрабандзе, ухіленьні ад выплаты падаткаў, легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам у складзе арганізаванай групы. Яго затрымалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

На дадзены момант вядома, што Вадзім Ш. знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

Мытнікаў пакаралі пазбаўленьнем волі ад 3 да 13 гадоў

22 траўня суд у Гомлі вынес рашэньне па рэзананснай справе гомельскіх мытнікаў. Усяго абвінавачаных 18 чалавек. Дванаццаць зь іх падчас сьледзтва і суду былі пад вартай.

Мытнікаў затрымлівалі 3–10 лютага 2016 году супрацоўнікі КДБ. Іх абвінавацілі ў хабарніцтве. У канцы траўня 2017 году да абвінавачаньня дадалася кваліфікацыя «ў складзе арганізаванай злачыннай групы».

Мытнікаў пакаралі пазбаўленьнем волі ад 3 да 13 гадоў. «Хімію» атрымалі два былыя мытнікі, якія прызнавалі віну і актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам.

На судзе большасьць былых мытнікаў адмаўлялі сваю віну, казалі пра псыхалягічны і фізычны ціск, катаваньні і шантаж з боку чэкістаў, якія «выбівалі» ў іх «яўкі з павіннай».

Падчас суду
Падчас суду

Абарона будавалася на тым, што ў справе няма аб’ектыўных доказаў віны. Напрыклад, няма сэнсу арганізоўваць на мяжы Беларусі і Расеі «бесьперашкодны праезд», бо ён і так арганізаваны ўрадамі дзьвюх краін у 1995 годзе — мытнай мяжы не існуе.

Сумы хабару аднолькавыя амаль для ўсіх абвінавачаных — 60 тысяч расейскіх рублёў, незалежна ад таго, працаваў мытнік два гады ці пяць.

Адзін з былых мытнікаў, Вячаслаў Якушаў, палічыў на судзе, што калі гэтую суму падзяліць на пяць гадоў ягонай працы, то выходзіць «хабар» 35 даляраў у месяц.

«Гэта не арганізаваная група хабарнікаў, а арганізаваная група клінічных ідыётаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновым лячэньні. Выбудаваная структура, разьмеркаваньне роляў, узгодненасьць дзеяньняў, падпарадкаваньне, папярэдняя дамоўленасьць — і ўсе гэта дзеля 35 даляраў у месяц? Дзеля такога ствараць злачынную групу мог толькі ненармальны чалавек», — выказаўся на судзе Якушаў.

Мытнікі канфіскавалі ў сьведкі аўтамабіль і партыю чарэшні

Былыя мытнікі і іх абаронцы зьвярталі ўвагу на судзе, што падчас сьледзтва ня знойдзена абʼектыўных доказаў віны. А невінаватасьць шэрагу мытнікаў пацьверджана дакумэнтальна — напрыклад, плянамі-заданьнямі выезду для маніторынгу на тэрыторыю каля беларуска-расейскай мяжы. Па дакумэнтах супрацоўнік мытні быў у адпачынку, на бальнічным, увогуле не выяжджаў на заданьні. А абвінавачаньне даводзіць, што ён у дадзены час быў каля вёскі Селішча і браў там хабар. Гэтых довадаў абвінавачаньне і суд не пачулі.

Сумнеў у справядлівасьці прысуду ў адвакатаў і сваякоў былых мытнікаў выклікаюць фармулёўкі кшталту «ў нявысьветлены час, у нявысьветленым месцы прыняў хабар ад нявысьветленай асобы». Пракуратура тлумачыць такія пакручастыя словазлучэньні даўнасьцю часу і не сумняваецца, што мытнікі бралі хабар.

Разам з тым ня ўсе эпізоды крымінальнай справы адбываліся «ў нявысьветлены час, у нявысьветленым месцы». Былі сьведкі, якія казалі на судзе, што давалі хабар мытнікам. Сьведкі — кантрабандысты, беларускія і ўкраінскія, а таксама «мэталісты».

Вадзім Ш. — адзін са сьведак. На судзе ён сьцьвярджаў, што мытнікі бралі ў яго хабар. Разам з тым яшчэ ў 2011 годзе за парушэньне заканадаўства ў Вадзіма Ш. з ініцыятывы мытнікаў быў канфіскаваны аўтамабіль. Вадзім Ш. неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, у прадпрымальніка забіралі тавар, які ён з парушэньнямі ўвозіў у Беларусь з Украіны.

«Ён у тыя гады ўсё „цягаў“ з Украіны ў Беларусь, у асноўным прадукты, праз пункт пропуску Паддабранка, парушаў закон. І таму з мытнікамі ў яго быў сталы канфлікт. У яго забіралі вялікую партыю чарэшні, і ня толькі», — патлумачылі сваякі абвінавачаных.

Сьведка меў падставы для помсты і паклёпу

На судзе мытнікі падкрэсьлівалі: у Вадзіма Ш. былі падставы для помсты, паклёпу — праз тыя затрыманьні тавару, канфіскацыі.

Яшчэ ў 2009–2010 годзе прадпрымальнік пісаў скаргі на мытнікаў у пракуратуру, Дзяржаўны мытны камітэт, КДБ. У скаргах сьцьвярджаў, што тыя бяруць хабар. Органы неаднаразова праводзілі праверкі па яго заявах і даказалі, што мытнікі — «чыстыя». Вадзім Ш. атрымліваў адказы: «У дзеяньнях супрацоўнікаў мытні няма складу злачынства».

У 2016 годзе скаргі прадпрымальніка леглі ў аснову абвінавачаньня, хоць раней іх прызнавалі неабгрунтаванымі.

Падчас працэсу над гомельскімі мытнікамі
Падчас працэсу над гомельскімі мытнікамі

Перад затрыманьнем мытнікаў супрацоўнікі КДБ вялі падрыхтоўчую працу. Напрыклад, у студзені 2016 году быў затрыманы былы супрацоўнік мытні Дзьмітры Пагарцаў. Зь ягоных «явак з павіннай» складаюцца часткі абвінавачаньня былых таварышаў. На судзе Дзьмітры прасіў прабачэньня ў мытнікаў, даводзіў, што хабар ніхто ня браў, а супрацоўнікі КДБ прымусілі яго напісаць паклёп, бо пагражалі пасадзіць яго жонку.

Прыкладна ў той жа час, у канцы студзеня 2016 году, прадпрымальнік Вадзім Ш. займеў праблемы зь бізнэсам. Ён увозіў у Беларусь з Украіны «сырную прадукцыю». Санітарныя органы праверылі тую прадукцыю на адпаведнасьць санітарным нормам і правілам і забаранілі яе для рэалізацыі з прычыны неадпаведнасьці нормам.

Пастаўкамі ўкраінскай сырнай прадукцыі займалася менавіта фірма Вадзіма Ш.

«У любым выпадку, праз сваю дзейнасьць ён даўно быў „на кручку“ ў органаў. На яго лёгка можна было націснуць, каб ён даў патрэбныя органам паказаньні на судзе», — заўважыла жонка аднаго з былых мытнікаў.

Супрацоўніцтва з КДБ не дапамагло пазьбегнуць «зоны»

Дзьмітрыя Пагарцава затрымалі ў студзені 2016-га, за месяц да таго, як пачалі масава браць мытнікаў з двух аддзелаў, ягоных былых калегаў. Ён пагадзіўся на супрацоўніцтва, пісаў усё, што загадвалі спэцслужбы, даў згоду на ўдзел у апэратыўных мерапрыемствах, хадзіў, як сам казаў, «увесь абвешаны апаратурай» для гукавой і відэафіксацыі. Але чамусьці ў крымінальнай справе няма абʼектыўных доказаў віны мытнікаў, зафіксаваных эпізодаў хабару на відэа ці аўдыё. Пагарцаў таксама праходзіў сьведкам па справе «мазырскіх мытнікаў», якіх раней пакаралі немалымі тэрмінамі за хабар.

Летась Пагарцава абвінавацілі ў незаконных дзеяньнях з наркотыкамі і пакаралі 7 з паловай гадамі пазбаўленьня волі. Цяпер, 22 траўня, суд да таго немалога тэрміну дадаў яшчэ і новы, за ўдзел у хабарніцтве, а пракуратура пры вынясеньні абвінавачаньня прызнала Пагарцава адным з арганізатараў злачыннай групы.

Такім чынам, былы мытнік атрымаў больш за ўсіх калегаў — 13 гадоў.

«Зьяжджаю з пачуцьцём удзячнасьці да беларусаў» — вызвалены з калёніі японскі мастак вяртаецца дахаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG