Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпарт нацыі. У чым падобныя і розныя беларускія і ўкраінскія вышыванкі


Беларуская вышыванка. «Ракаўскі фэст»

17 траўня адзначаецца Ўсясьветны дзень вышыванкі. Гісторыя гэтага сьвята пачалася ў 2006 годзе ва Ўкраіне з ініцыятывы ўкраінскай пісьменьніцы і журналісткі Лесі Варанюк, якая тады вучылася ў Чарнавецкім нацыянальным унівэрсытэце і прапанавала ўсім студэнтам у пэўны дзень надзець вышытыя кашулі ці сукенкі.

За некалькі гадоў асобная ўнівэрсытэцкая акцыя перарасла ва ўсясьветную, а самі вышыванкі сталі ці не найбольш яскравай адметнасьцю міжнароднага сьвету моды.

Культура вышыванкі ў беларусаў і ўкраінцаў — што агульнага і рознага ў стаўленьні да такога элемэнту нацыянальных строяў?

Вышыванак у беларусаў не было. А што было?

Запазычаная ці свая

У Беларусі тэрмін «вышыванка» пачаў актыўна выкарыстоўвацца толькі ў апошнія гады — якраз на тле папулярнасьці такога адзеньня ва Ўкраіне. Але нельга сьцьвярджаць і таго, што ў беларускай мове яго не існавала зусім. Вось, напрыклад, радкі зь верша Сержука Сокалава-Воюша «Зарніца»:

...Кроў на сумётах і гронкі каліны на белі,
Як вышыванкі ў нашых хлапцоў і дзяўчат.
Думкі і душы, і рукі ў нас не зьнямелі,
Ведаем: сьмерць — гэта нават паўкроку назад.

На думку ўкраінскага этнографа Віктара Давыдзюка, ня варта высьвятляць і першаснасьць месца зьяўленьня вышыванак.

Віктар Давыдзюк
Віктар Давыдзюк

«Вышыванкі зьявіліся тады, калі не было ні Беларусі, ні Ўкраіны, а відавочна быў суцэльны масіў ад Літвы і да ўсяго Палесься, уключаючы Польшчу. На гэтым масіве яны зьявіліся адначасова — і ўзоры, і тэхнікі. Фактычна гэта агульная традыцыя народаў цэнтральна-эўрапейскіх культур», — мяркуе доктар філялягічных навук, прафэсар Усходнеэўрапейскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Лесі Ўкраінкі Віктар Давыдзюк.

У сваёй новай працы «Зачараванае Палесьсе», якая цяпер рыхтуецца да друку, навуковец прыводзіць ідэнтычныя заходнепалескі ды ўдмурцкі касьцюмы і кажа, што яны амаль нічым не адрозьніваюцца.

«Калі казаць пра тое, адкуль гэта прыйшло, то справа ў тым, што, пачынаючы ад эпохі бронзы, поўнай зьмены насельніцтва на гэтых тэрыторыях не адбывалася, а значыць, народы жылі і ня мелі межаў, перамяшчаліся свабодна на гэтых тэрыторыях, таму гэта ўсё было агульнае», — тлумачыць Віктар Давыдзюк.

Выкарыстаньне чырвонай вышыўкі па белым нельга суадносіць зь нейкай пэўнай краінай, бо такія колеры пераважаюць на ўсіх тэрыторыях ад Літвы да Польшчы, перакананы ён:

«Гэта было абумоўлена тэхналягічнымі фактарамі — лёгкасьцю атрыманьня чырвонай фарбы, якая не ліняла, і яна была паўсюль, дзе была вольха — вось вам просты сакрэт паходжаньня гэтага чырвонага арнамэнту на ўсёй гэтай тэрыторыі».

Памяць ці код нацыянальнага адраджэньня

Этнографы ды гісторыкі называюць вышыванкі элемэнтам нацыянальнага строю і нацыянальнай культуры і не ўкладаюць у іх той сэнс, зь якім сёньня, у прыватнасьці ва Ўкраіне, апранаюць гістарычнае, але ўжо сучаснае вышытае адзеньне. Для большасьці зь іх, асабліва пасьля падзей 2014 году ва Ўкраіне, вышытыя кашулі ці сукенкі сталі сымбалем непакоры, свабоды і, галоўнае, нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Марш вышыванак у Кіеве. 24 траўня 2015 году
Марш вышыванак у Кіеве. 24 траўня 2015 году

«Мяркую, што ў першую чаргу гэта мода, бо што ёсьць нацыянальным у вышыванцы — вялікае пытаньне. Вышыванка — гэта ня столькі нацыянальны код, колькі код роду, сям’і. Напрыклад, была такая асаблівасьць, калі нявеста дарыла жаніху кашулю, то яна вышывала толькі каўнерык, а яе пазуху мусіла вышыць пасьля таго, як прыйдзе ў ягоную сям’ю», — распавядае Віктар Давыдзюк.

Традыцыя паступовага давышываньня была характэрнай і для жаночых сукенак, кажа навуковец:

«Дзяўчына насіла кашулю з вышытым каўнерыкам і плечавой часткай, а калі станавілася жанчынай, наносіла пэўныя сымбалі ў ніжняй частцы рукава. Калі ж казаць пра сымбалі для пазначэньня сямейнага становішча, то звычайна гэта былі парныя птушкі на рукавах, ружы або вінаград, хоць лічыцца, што вінаград ёсьць іранскім матывам».

Беларускі шлюбны строй. З архіву Натальлі Ярмалінскай
Беларускі шлюбны строй. З архіву Натальлі Ярмалінскай

Як і цяпер, вышыванка ў даўнія часы не была штодзённым адзеньнем.

«Яе надзявалі ў царкву, калі ішлі ў суседнюю вёску, на іншыя сьвяточныя сходы, дзе зьбіраліся прадстаўнікі розных вуліц і хутароў, паколькі ва Ўкраіне была ж хутарная сыстэма. І вышыванка была як пашпарт — яна сьведчыла пра род і сямейнае становішча», — дадае Віктар Давыдзюк.

Падобныя і розныя

Беларускія народныя строі
Беларускія народныя строі

​Разам з тым украінскі фальклярыст адзначае і пэўныя адрозьненьні ў беларускіх ды ўкраінскіх вышыванках.

«Ва Ўкраіне, пачынаючы з XVІІ стагодзьдзя, зацьвердзіўся казацкі стыль — мужчыны запраўлялі кашулю ў штаны, таму ніз яе не вышываўся. А ў беларусаў, паколькі яна надзявалася на выпуск, ніз таксама арнамэнтаваўся. Апроч таго, у беларускіх кашулях вышывалася ня толькі абшэўка (манжэт), але і сярэдняя частка рукава на перадплеччы. Ва Ўкраіне такой традыцыі не назіраецца, хоць я і не магу сказаць, што наагул не існуе — дзесьці, напэўна, ёсьць, але гэта будуць адзінкавыя выпадкі», — кажа Віктар Давыдзюк.

Паводле яго, назіраюцца таксама і стылістычныя адрозьненьні ў сымбалях:

Украінская вышыванка
Украінская вышыванка

«У стэпавай зоне на вышыванках выкарыстоўваюць больш насычаныя ўзоры, гэта можа быць тая ж разэтка, але яна будзе вельмі яркая, таму што трэба было, каб чалавека здалёк было відаць. У лясной мясцовасьці такой неабходнасьці не было, бо чалавека можна было пабачыць толькі зблізку і прачытаць яе коды на сарочцы, таму і ўзоры дробныя. Што на тэрыторыі Беларусі, што на тэрыторыі Ўкраіны ў лясной зоне арнамэнты больш далікатныя і выглядаюць больш высакароднымі, шляхетнымі, як той казаў».

Палітычны парад вышыванак і ня толькі

Ва Ўкраіне ў Дзень вышыванкі асучасьненае гістарычнае адзеньне апранаюць палітыкі, журналісты і грамадзкія актывісты. У гонар гэтага сьвята па ўсёй Украіне і амаль 60 краінах сьвету адбываецца вялікая колькасьць падзей і акцый: флэшмобы, выставы, мегашэсьці ў вышыванках, канцэрты, паказы фільмаў, этнаграфічныя лекторыі — усё, што тычыцца ўкраінскай культуры і вышыванай кашулі.

Як грамадзкі сэктар, так і ўлады стараюцца залучыць да сьвята ня толькі ўкраінскіх грамадзян, а і іншаземцаў. Сёньня ў Кіеве ўсе грамадзяне ў вышыванках змогуць бясплатна езьдзіць у мэтро, а ў міжнародных аэрапортах Украіны адбудуцца акцыі «Вышыванка ляціць у падарожжа» — памежнікі будуць уручаць усім замежным грамадзянам інфармацыйныя буклеты пра сьвята і традыцыі этнічнага адзеньня, а двум самым маленькім іншаземцам абяцаюць падарыць па вышыванцы.

У Беларусі такой сталай традыцыі, калі прадстаўнікі ўлады на сваім прыкладзе папулярызуюць нацыянальнае адзеньне, пакуль няма. Гэта хутчэй адзінкавыя акцыі.

Напрыклад, летась міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей адзеў кіраўнікоў замежных дыпляматычных місіяў у вышыванкі.

«У незалежнай Беларусі нараджаюцца новыя пакаленьні, прадстаўнікі якіх будуць клапаціцца пра краіну, зь якой зьвязваюць сваю будучыню. Заканамерна, што больш увагі надаецца нацыянальным арнамэнтам, нацыянальнаму адзеньню, разьвіцьцю нацыянальнай кухні — таму, што мы называем нацыянальнымі сымбалямі», — сказаў тады Уладзімер Макей. І выказаў спадзеў, што традыцыя «Дня вышыванкі» будзе разьвівацца.

За папулярызацыяй «вышымаек» у Беларусі стаіць «Арт-сядзіба», яна ж прыдумала і сьвята «Дзень вышыванкі» ў 2014 годзе ды правяла шэраг такіх акцыяў у розных гарадах Беларусі. У 2016 годзе гэтую ініцыятыву падхапіла праўладная арганізацыя БРСМ, якая пачала ладзіць свой «Дзень вышыванкі» з 2016 году паводле пастановы Савету міністраў.

Дзень вышыванкі, які зладзіў БРСМ. 2017 год
Дзень вышыванкі, які зладзіў БРСМ. 2017 год

Тады ж стала вядома, што кампанія Mark Formelle вырабіла адмысловую «вышымайку» і для Адміністрацыі Лукашэнкі.

Лукашэнкі ў «вышымайках» — пайшлі кругі па вадзе. ФОТА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG