Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст «Союза русского народа» спрабаваў сарваць прэзэнтацыю законапраекту ў абарону бел-чырвона-белага сьцяга


У менскім гатэлі «Вікторыя» адбылася прэзэнтацыя законапраекту аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга.

Законапраект распрацаваны беларускімі хрысьціянскімі дэмакратамі і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганнай Канапацкай. Закон прапануецца назваць «Аб выкарыстаньні і ахове першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь».

У ім 8 артыкулаў. У першым зь іх нагадваецца, што бел-чырвона-белы сьцяг быў афіцыйным дзяржаўным сымбалем Рэспублікі Беларусь у пэрыяд з 19 верасьня 1991 году па 6 чэрвеня 1995 году. Другім артыкулам закону ўводзіцца дазвол на ўжываньне сьцяга ў палітычным і грамадзкім жыцьці. Артыкул 6 прадугледжвае іншую рэдакцыю Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, каб увесьці мэханізм адказнасьці за парушэньне парадку выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцяга.

Ганна Канапацкая: «Гэты закон магчыма прыняць за час майго дэпутацтва»

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая кажа, што яшчэ шмат цяжкасьцяў на шляху прыняцьця гэтага закону.

«Днямі я разашлю законапраект на ўзгадненьне ўстановам, якія прадугледжаныя законам: у Савет міністраў, Міністэрства культуры, Міністэрства ўнутраных спраў, адміністрацыю Лукашэнкі. Нават калі атрымаю адмоўныя адказы, чаго не выключаю, я маю права падрыхтаваць законапраект і прапанаваць яго для разгляду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Мяркую, гэта можна будзе зрабіць яшчэ да летніх вакацый».

Калі законапраект стане законам, Ганна Канапацкая прадказаць не бярэцца, але верыць, што гэта магчыма зрабіць за час яе дэпутацтва.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова шмат працавала над законапраектам як памочнік дэпутата Ганны Канапацкай.

«Наша мэта, каб сьцяг мог намі ўсімі вольна выкарыстоўвацца, і мы для гэтага робім і будзем рабіць усё магчымае», — сказала Вольга Кавалькова.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што прызнаньне бел-чырвона-белага сьцяга нацыянальна-культурнай каштоўнасьцю аб’яднае беларускае грамадзтва:

«Прыйшоў час зьяднаць наша грамадзтва, а гэта магчыма толькі на глебе агульнанацыянальных каштоўнасьцяў. Мы прапануем законапраект, які забароніць ганьбаваць нашу сьвятыню, забароніць зьбіваць і караць за яе грамадзян, дазволіць выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг у тым ліку і на дзяржаўных мерапрыемствах».

Алег Трусаў: Бел-чырвона-белы сьцяг хацелі зрабіць каштоўнасьцю яшчэ ў 1926 годзе

Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў і Алена Анісім (у першым шэрагу)
Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў і Алена Анісім (у першым шэрагу)

Пра гісторыю бел-чырвона-белага сьцяга распавёў Алег Трусаў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Ён нагадаў, што бел-чырвона-белы сьцяг ужывалі з 14 стагодзьдзя.

«На выявах карціны пра бітву пад Оршай можна бачыць трохкутнікі бел-чырвона-белых сьцягоў на піках вершнікаў. Але сёньняшні сьцяг канчаткова склаўся ў 1917 годзе. Ён быў ужо тады прызнаны, бо выкарыстоўваўся ва ўлётках, якія раздавалі на Румынскім фронце, дзе ваявала шмат беларусаў. Пад гэтым сьцягам хадзілі і камуністы ў Заходняй Беларусі. У 1926 годзе ў БССР бел-чырвона-белы сьцяг хацелі зрабіць нацыянальна-культурнай каштоўнасьцю, але пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і гэтая справа не была завершаная. Падчас вайны бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўвалі не на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Акупанты яго дазволілі, каб спадабацца насельніцтву, а пасьля забойства гаўляйтэра Кубэ забаранялі», — зрабіў экскурс у гісторыю Алег Трусаў.

Алег Трусаў уваходзіў у камісію Вярхоўнага Савету, якая распрацавала эталёны выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцяга. Спадар Трусаў нагадаў імёны палітыкаў, мастакоў, гісторыкаў, пісьменьнікаў, дэпутатаў, якія ўваходзілі ў камісію:

«Анатоль Вярцінскі, Тамара Гарбуз, Уладзімер Грыбанаў, Анатоль Грыцкевіч, Лявонці Зданевіч, Уладзімер Крукоўскі, Яўген Кулік, Мікалай Купава, Сяргей Маслоўскі, Зянон Пазьняк, Сяргей Саркісаў, Марына Сатоліна, Анатоль Цітоў, Ігар Чарняўскі, Васіль Чэпік, Георгі Штыхаў».

Ужо ў сьнежні 1991 году камісія распрацавала эталён сьцяга, была выдадзеная асобная кніга з гэтымі эталёнамі, якую распаўсюдзілі па ўсім сьвеце.

«Не сумняваюся, што мы дажывем да таго часу, калі наш сьцяг зноў стане дзяржаўным», — мяркуе Алег Трусаў.

Лявон Баршчэўскі: «Бел-чырвона-белы сьцяг і цяпер цалкам законны»

Паводле сябра апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Лявона Баршчэўскага, бел-чырвона-белы сьцяг і цяпер юрыдычна законны, бо рэфэрэндум у траўні 1995 году быў прызначаны незаконна і праведзены з шматлікімі парушэньнямі.

«Што да ўзору цяперашняга сьцяга, яго распрацавалі за некалькі гадзін, кулюарна, і гэта не адпавядала працэдуры, прызначанай законам», — мяркуе Лявон Баршчэўскі.

Спадар Баршчэўскі лічыць, што для вяртаньня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўнага будзе дастаткова рашэньня Канстытуцыйнага суду.

Мікола Купава
Мікола Купава

Мастак Мікола Купава памятае, як у камісіі Вярхоўнага Савету распрацоўваўся эталён дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцяга. Мікола Купава згадаў працу архітэктара Дуж-Душэўскага, які лічыцца аўтарам бел-чырвона-белага сьцяга.

«Ён зрабіў гэта ў 1918 годзе — намаляваў узор бел-чырвона-белага сьцяга. Але за ім была гісторыя ВКЛ, якая налічвае шмат стагодзьдзяў. Заставалася толькі дапрацаваць наш гістарычны сымбаль».

Дзьве грамадзкія кампаніі па вяртаньні бел-чырвона-белага сьцяга

За мінулыя 5 гадоў у Беларусі было праведзена дзьве грамадзкія кампаніі за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Адну зь іх ініцыяваў грамадзкі актывіст Павал Белавус, які працуе ў «Арт Сядзібе». Чаму такія ініцыятывы пакуль беспасьпяховыя?

Павал Белавус
Павал Белавус

Павал Белавус нагадаў, што герб «Пагоня» ўжо мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але з прычыны «непрабівальнасьці» чыноўнікаў гэтага не ўдаецца дагэтуль зрабіць для сьцяга.

«МУС на скаргі пра гвалт да мітынгоўцаў піша ў адказах, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта „незарэгістраваная сымболіка“. Хоць як гэта можа быць з сымболікай, якая была дзяржаўнай? І тады мы вырашылі зрабіць гэтак, каб і сьцяг быў зарэгістраваны як гістарычная каштоўнасьць. Трэба спрабаваць. Спрабуем і робім тое, што можам рабіць у дадзены час».

Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім мяркуе, што праект закону зробіць «значны ўплыў на сытуацыю ў краіне». Алена Анісім прызнала, што дзейны сьцяг большасьцю насельніцтва прызнаецца дзяржаўным, але і бел-чырвона-белы сьцяг дагэтуль мае вялікую падтрымку. «Але мы гаворым не пра супрацьстаяньне, а пра тое, што нас аб’ядноўвае».

Паводле Алены Анісім, дзяржава здыме градус напружанасьці ў грамадзтве, выявіць гатоўнасьць весьці дыялёг, калі прызнае статус бел-чырвона-белага сьцяга.

«Сёньня ўвесь сьвет не баіцца зьменаў, давайце ня будзем баяцца і мы. Наша мэта — умацаваньне нашай краіны».

Алена Анісім мяркуе, што бел-чырвона-белы сьцяг вернецца на сваё месца. Скончыла дэпутат прамову воклічам «Жыве Беларусь!».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч, які арганізаваў кампанію па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, ня мае ілюзій, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі прыме закон аб статусе бел-чырвона-белага сьцяга.

«Але наша барацьба за гэта будзе спрыяць таму, каб Беларусь урэшце стала сапраўды незалежнай».

Гісторык Аляксандар Кур’яновіч выступіў па-расейску, бо яму гэтак зручней.

«Рэфэрэндум ня быў вынаходкай Лукашэнкі, гэта яшчэ выкарыстоўваў Вячаслаў Кебіч, а ініцывалі яго вэтэраны», — нагадаў гісторык. Паводле Аляксандра Кур’яновіча, варта надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і статус матэрыяльнай каштоўнасьці.

«Было б добра знайсьці той бел-чырвона-белы сьцяг, які ўносіўся ў залю Вярхоўнага Савету падчас дэкляраваньня незалежнасьці».

11 фактаў, як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі: «Хай будзе Пагоня, але на ёй — чырвоная зорка!»

У канцы прэзэнтацыі на сцэну выйшаў спадар, які назваўся Аляксандрам Вінаградавым і сказаў, што ён прадстаўляе «Союз русского народа». Вінаградаў папрасіў прысутных падняць рукі, у каго ў пашпартах пазначаная нацыянальнасьць. Яго вывелі яго з залі, бо палічылі правакатарам

«Ён выйшаў з грымёркі, гэта невыпадкова», — сказаў пра незаплянаваны выступ прарасейскага актывіста Дзяніс Садоўскі з БХД. «Раней ня чулі такой арганізацыі», — казалі пра «Союз русского народа» іншыя ўдзельнікі прэзэнтацыі.

Скончылася прэзэнтацыя «закону Канапацкай» выступам Лявона Вольскага.

З законапраекту «Аб выкарыстаньні і ахове першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь»

Артыкул 2. «Бел-чырвона-белы сьцяг можа свабодна выкарыстоўвацца грамадзянамі, а таксама замежнымі грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і асобамі без грамадзянства.

Бел-чырвона-белы сьцяг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных сьвятаў і сьвяточных дзён, а таксама пры ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных сьвятаў і ў іншыя памятныя даты пры забесьпячэньні павагі да бел-чырвона-белага сьцяга».

Артыкул 23.85. «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, бел-чырвона-белага сьцяга і герба „Пагоня“.

Выкарыстаньне Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, бел-чырвона-белага сьцяга і герба „Пагоня“ з парушэньнем патрабаваньняў, устаноўленых заканадаўствам, а таксама парушэньне ўстаноўленых заканадаўствам патрабаваньняў да выкананьня Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, калі ў гэтых дзеяньнях няма складу злачынства, — цягнуць за сабой накладаньне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь».

50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG