Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 фактаў, як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі: «Хай будзе Пагоня, але на ёй — чырвоная зорка!»


19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.

1. Адно зь першых публічных уздыманьняў сьцяга — мітынг па дарозе на Курапаты 30 красавіка 1988 года, калі міліцыя разагнала людзей, якія прыйшлі да Ўсходніх (тады — Маскоўскіх) могілак на Дзяды.

Мітынг у полі на Дзяды 30 кастрычніка 1988
Мітынг у полі на Дзяды 30 кастрычніка 1988

2. У 1990-91 дэпутаты БНФ імкнуліся ўсімі магчымымі спосабамі замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці бел-чырвона-белы сьцяг як ня толькі нацыянальны, але і дзяржаўны сымбаль. У 1990 годзе быў выраблены адмысловы бел-чырвона-белы значок, які насілі дэпутаты Апазыцыі БНФ. Паколькі замова была зробленая да абвяшчэньня пра ўтварэньне Апазыцыі (27 ліпеня 1990), на ім было напісана «Дэпутацкая група БНФ». Такім чынам, бел-чырвона-белы колер у 1990-91 увесь час прысутнічаў у Вярхоўным Савеце і на экранах ТВ (штодня ішлі рэпартажы з сэсіі парлямэнту). У дні путчу 19-21 жніўня 1991 году, а таксама ў часе падрыхтоўкі да пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету з вакна 363 пакоя Дома ўраду быў вывешаны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Галіна Сямдзянава ўнсіць бел-чырвона-белы сьцяг у Авальную залю, 24 жніўня 1995
Галіна Сямдзянава ўнсіць бел-чырвона-белы сьцяг у Авальную залю, 24 жніўня 1995

3. 24 жніўня 1991 году, перад пачаткам пятай, пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, дэпутаты БНФ прынесьлі ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг — той самы, які лунаў на Плошчы ў дні красавіцкага страйку. На сцэну за прэзыдыюмам яго ўнесла Галіна Сямдзянава. Пазьней гэты сьцяг усталявалі каля сэктару, дзе сядзелі дэпутаты ад Менску і Менскай вобласьці. На наступны дзень касманаўт, дэпутат Уладзімер Кавалёнак, прынёс у Авальную залю яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч у Авальнай залі, 24 жніўня 1991
Дэпутаты Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч у Авальнай залі, 24 жніўня 1991

4. Пытаньне аб зьмене дзяржаўнай сымболікі ў павестку дня шостай сэсіі Вярхоўнага Савета, якая сабралася ў пачатку верасьня,ўнесла Апазыцыя БНФ. Абмеркаваньне было прызначана на 19 верасьня. Вялікае значэньне адыграла тое, што ў папярэдні дзень, 18 верасьня, Станіслаў Шушкевіч, які выступаў за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню», быў абраны старшынём Вярхоўнага Савета (да гэтага ён быў выканаўцам абавязкаў старшыні). Шушкевіч ўспрымаўся дэпутатамі ня проста як вядоўца сэсіі, а як найвышэйшая службовая асоба.

Яўген Кулік, аўтар Ленід Шчамялёў
Яўген Кулік, аўтар Ленід Шчамялёў

5. За некалькі дзён да абмеркаваньня пытаньня аб дзяржаўнай сымболіцы старшыня БНФ Зянон Пазьняк арганізаваў у фае перад Авальнай заляй адмысловую выставу, прысьвечаную «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу. Стэнды аформілі Алесь Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік, Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў. Тэкст пра сьцяг рыхтаваў Вінцук Вячорка, пра герб — Міхась Ткачоў. Дэпутаты БНФ Валянцін Голубеў і Алег Трусаў тлумачылі іншым парлямэнтарыям асобныя эпізоды беларускай гісторыі, пра якія не пісалася ў савецкіх падручніках.

Дыскусія ў залі 24 жніўня 1991. Сяргей Навумчык і Яўген Глушкевіч
Дыскусія ў залі 24 жніўня 1991. Сяргей Навумчык і Яўген Глушкевіч

6. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, Зянон Пазьняк не выступаў пры абмеркаваньні пытаньня пра дзяржаўныя сымбалі. Не выступалі і дэпутаты, якія актыўнічалі на надзвычайнай сэсіі 24-25 жніўня (Галіна Сямдзянава, Яўген Глушкевіч, Сяргей Навумчык і некаторыя іншыя), паколькі яны маглі выклікаць нэгатыўныя эмоцыі ў намэнклятуры і вэтэранаў. У гэты дзень Апазыцыя БНФ кардынальна зьмяніла тактыку — націск, якім ўдалося дамагчыся ў жніўні спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці, саступіў месца агітацыі і пераконваньню дэпутатаў парлямэнцкай большасьці. Такая тактыка дала свій плён.

Аляксандар Лукашэнка ў залі пасяджэньня Вярхоўнага Савета, 1991 год
Аляксандар Лукашэнка ў залі пасяджэньня Вярхоўнага Савета, 1991 год

7. Дэпутат Аляксандар Лукашэнка быў у ліку тых нешматлікіх дэпутатаў, хто прапанаваў не разглядаць пытаньне аб зьмене сымболікі. «Паколькі гэта сур’ёзнае пытаньне — давайце яго ня будзем вырашаць наскокам, не адразу, не на пазачарговай сэсіі. Давайце яго вырашаць прадумана, узважана і пісьменна», — сказаў ён. Як паказалі наступныя падзеі, перанос разгляду пытаньня на пазьнейшы тэрмін зь вялікай імавернасьцю азначаў бы адмоўны вынік, паколькі былыя камуністы ачунялі ад «постпутчаўскага шоку», і шмат якія прапановы дэпутатаў БНФ не набіралі належнай колькасьці галасоў. Лукашэнка таксама выступіў супраць унясеньня зьмены ў Канстытуцыю, якія дазвалялі зацьвердзіць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Пры пайменным галасаваньні па гэтым пытаньні Лукашэнка ўстрымаўся.

Магіла Георгія Таразевіча
Магіла Георгія Таразевіча

8. Істотную ролю ў настроях дэпутатаў адыграў прэзыдэнт Акадэміі навук Ўладзімер Платонаў (у свой час — самы малады акадэмік). За некалькі дзён да гэтага Інстытут гісторыі і прэзыдыюм Акадэміі навук БССР выступілі з рэкамэндацыямі прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных, гэтыя дакумэнты былі раздадзеныя дэпутатам. Тых дэпутатаў зь ліку намэнклятуры, якія сумняваліся, пераканаў Георгій Таразевіч, былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР, які карыстаўся аўтарытэтам у партыйнага апарату. Зь ім раней дамовіўся Станіслаў Шушкевіч, тэзісы выступу напісаў Зянон Пазьняк.

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на сьвяткаваньні 75-х угодкаў БНР. 1993 год
Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на сьвяткаваньні 75-х угодкаў БНР. 1993 год

9. У кулюарах сэсіі, калі дэпутаты БНФ агітавалі прагаласаваць за «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, некаторыя дэпутаты — вэтэраны прапаноўвалі «кампрамісныя», на іх погляд варыянты. Напрыклад — «Хай будзе вашая „Пагоня“, герб з канём, але на шчыце — нашая, чырвоная зорка!» (альбо, як варыянт — «наш серп і молат»). Аднак ўдалося адстаяць «Пагоню» з крыжом.

10. Для прыняцьця станоўчага рашэньня трэба было ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, гэта значыць, сабраць дзьве траціны галасоў дэпутатаў — 231. Галасавалі тройчы. Першы раз не хапіла 30 галасоў, другі раз — 10, і толькі на трэці раз была дасягнутая неабходная колькасьць, голас у голас — 231.

11. У той жа дзень, 19 верасня, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня зьмяніў і назву дзяржавы: замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі краіна стала называцца — Рэспубліка Беларусь.

Літаратура:

  • Вінцук Вячорка, «Пра герб і сьцяг», Менск, «Беларусь», 1993
  • «Пагоня» у сэрцы — тваім і маім«, Укладальнік і навуковы рэдактар А. Цiтоу. — Менск, Беларускае выдавецкае таварыства «Хата», 1995
  • Сяргей Навумчык, «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)», Варшава- Прага, 1996.
  • Зянон Пазьняк, «Сэсія Незалежнасьці», Варшава-Нью-Ёрк — Вільня, 2011
  • «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12 скліканьня (Дакумэнты, факты, камэнтары», Укладаньне Аляксандра Кур’яновіча, Смаленск, Інбелькульт, 2015
  • Сяргей Навумчык, «Дзевяноста першы», Другое выданьне, Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе, 2016.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG