Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да #БНР100 айцішнік зь Менску «абеларусіў» сваю машыну. ФОТА


Вадзім Камароўскі і яго патрыятычны аўтамабіль
Вадзім Камароўскі і яго патрыятычны аўтамабіль

Менскі праграміст Вадзім Камароўскі расказаў Свабодзе, як ён легальна аздобіў свой аўтамабіль вялікім гербам «Пагоня» і якая рэакцыя на гэта ў ДАІ ды іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Прышчэпка нацыянальнай сьвядомасьці

Белы «Вольва» з выявай на даху старажытнага вершніка штодня паркуецца ля беларускай гімназіі № 4 у менскім мікрараёне Кунцаўшчына. Вадзім Камароўскі спачатку адводзіць у школу дачку, чатырохклясьніцу Ульляну, а пасьля вязе ў беларускамоўны садок па суседзтве 5-гадовага сына Чэслава.

Мінакі прыпыняюцца каля аўтамабіля, ацэньваюць яго. Гаспадар кажа, што такім чынам далучыўся да маштабнай кампаніі сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вадзім Камароўскі
Вадзім Камароўскі

«Напярэдадні стагодзьдзя абвяшчэньня БНР зьявіўся дадатковы матыў, каб рэалізаваць гэтую задуму, — гаворыць Вадзім Камароўскі. — Яшчэ зімой зрабіў замову, мне ўсё намалявалі, надрукавалі і за дзень у майстэрні нанесьлі выяву. Так што юбілейны для нашай гісторыі 2018 год сустракаў як і мае быць, „у поўным узбраеньні“».

Прыкладам у рэалізацыі патрыятычнай ідэі паслужыў мянчук Ільля Прохараў — пра «Пагоню» на даху Mini Countryman журналіста і экс-мэнэджара аўтахолдынгу «Атлант-М» Свабода расказвала. Як удакладняе Вадзім, ягоны варыянт мае візуальныя адметнасьці.

«Прачытаў, што нехта ў Менску „набіў“ „Пагоню“. Тады я ня ведаў Ільлю, хоць аказалася, што мы абодва працавалі на „Атлант-М“, толькі ў розны час. А неяк зь сябрам вандравалі па Эўропе і высьветлілася, што яго жонка сябруе з жонкай Прохарава. Папрасіў даведацца, дзе ён рабіў налепку на Mini, каб даў каардынаты... Мая выява крыху адрозьніваецца: у яго вершнік на чырвонай паласе сьцяга, а ў мяне падкладзены чырвоны крыж. Пералапаціў дасьледаваньні па геральдыцы ВКЛ, і там указана, што ў стужках на дзідах вершнікаў быў крыж. Так і рэалізаваў», — кажа кіроўца.

Вадзіму Камароўскаму 37 гадоў, ён нараджэнец Івейшчыны, вырас па суседзтве з Налібацкай пушчай. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржунівэрсытэту, у сярэдзіне 2000-х некалькі гадоў працаваў у Расеі, дзе заробак айцішнікаў тады быў непараўнальна большы — цяпер сытуацыя, хутчэй, адваротная. Кажа, што менавіта ў Маскве і атрымаў «прышчэпку сьвядомасьці».

«Усьведамленьне беларускай ідэі прыйшло ўжо ў дарослым узросьце, — апавядае Вадзім. — У 2004-м я паехаў працаваць у Маскву і там пасябраваў з украінцамі — яны і тады, і цяпер нацыянальна куды больш адукаваныя за нас. Ну і мяне заразілі сваім патрыятычным стаўленьнем да радзімы, да нацыі. І вось, паглядзеўшы, як у Расеі ўспрымаюць украінцаў, беларусаў і наколькі самі расейцы адрозныя ад нас, зразумеў, хто я і адкуль. Узяўся чытаць беларускую літаратуру, кнігі па гісторыі».

Аўтамабіль з «нацыянальным характарам»

Як да «нацыянальнага аўтамабіля» ставяцца непасрэдныя ўдзельнікі дарожнага руху — кіроўцы, інспэктары ДАІ, супрацоўнікі станцый тэхагляду? Вадзім Камароўскі прызнаецца, што за паўгода абышлося без эксцэсаў.

Вадзім Камароўскі
Вадзім Камароўскі

«Пачну з самага цяжкага — гэта тэхагляд. Я разумеў, што легалізавацца будзе праблематычна. Але дапамагло асабістае стаўленьне да так званага дарожнага падатку ў цяперашнім выглядзе — яго просту ігнарую. Таму і ніякіх праблемаў: пакуль будуць паборы, я да іх не зьбіраюся. Даішнікі спыняюць ня часта, бо ежджу паводле правілаў. А калі і тармозяць, то робяць выгляд, што не заўважаюць налепку. Ня ведаю, ці проста шчасьціць, ці зараз больш лагодна ставяцца. Што да мінакоў, то машына досыць высокая, мо ня кожны і бачыць. Але ніводнай нэгатыўнай рэакцыі не было».

А вось з вышыні іншых аўтамабіляў карцінка як на далоні. Асаблівая ўвага, дадае Вадзім, калі прыпыняесься на сьвятлафоры: адчыняюць форткі, уздымаюць угару вялікі палец.

«Неяк ехаў па менскай кальцавой дарозе: дагнаў вялікі джып, прытармазіў, саступіў дарогу, прыстроіўся ззаду і нейкі час ехаў сьледам, — згадвае Вадзім. — А потым склаў усьлед пальцы ў выглядзе V — перамога. Значыць, уразіла... Таксама, калі запраўляюся на АЗС, падыходзяць, цікавяцца, і амаль заўсёды адно пытаньне: а як рэагуе ДАІ? Ну і, само сабой, на сьвятлафорах: калі ў суседняй паласе заўважаюць, пачынаюць штурхаць усіх іншых, хто ў салёне, каб паглядзелі на такі цуд».

Калі аўтамабілі, аздобленыя «Пагоняй», можна пералічыць на пальцах, то перад ідэалягічнымі сьвятамі актывізуюцца аматары расейскіх сымбаляў. З такімі Вадзіму Камароўскаму не па дарозе.

«Так сталася, што мае дзяды не ваявалі ў Чырвонай арміі, таму мне няма нагоды ці патрэбы вывешваць нейкія іншыя стужкі, чым нашы спрадвечныя, — кажа суразмоўца. — На багажніку прымацаваны партрэт Тадэвуша Касьцюшкі з выслоўем пра незалежнасьць, у салёне беларускія і польскія нацыянальныя сьцяжкі. Я родам з Заходняй Беларусі, у мяне свае адносіны да кошту перамогі ў той вайне. У нас крыху інакш да гэтага ставяцца і сталыя людзі, і маладыя, якія хоць крыху цікавяцца гісторыяй».

Ідэйнасьць кіроўцы і пасажыраў

Паводле Вадзіма Камароўскага, ягоныя дзеці хоць яшчэ і малыя, але добра ўсьведамляюць, дзе сапраўдныя сымбалі, а дзе чужародныя, навязаныя звонку. Нацыянальную ідэю падзяляе і жонка, інакш пад «Пагоняй» ім наўрад ці было б утульна.

«Калі Ўльляна чытае дапаможнік „Мая краіна Беларусь“, разам удакладняем усе „тэхнічныя“ моманты, — кажа бацька. — Я набыў для дзяцей гісторыю Беларусі Ўладзімера Арлова, па ёй сумяшчаем параграфы ў падручніку. Глядзім, якая розьніца пра адны і тыя ж падзеі, абмяркоўваем. Таму яна дакладна ведае, што ёсьць нацыянальныя сымбалі, а ёсьць савецкага часу. Чэславу ўсяго 5, але ён ужо хадзіў на Дзень Волі, у курсе, што такое „Пагоня“, што гэта наша. Калі едзем па дарозе і сустракаем аўта з налепкай, адразу крычыць — „Пагоня“ паехала! А сьвядомых кіроўцаў усё болей, толькі ў нашым двары тры машыны з налепкамі».

Прафэсійная дзейнасьць Вадзіма Камароўскага зьвязаная з кампутарным забесьпячэньнем прадпрыемстваў, аўтаматызацыяй бухгальтэрыі, наогул лічбавай эканомікай. Аднак гэта не замінае быць у курсе нацыянальна-сьвядомага жыцьця грамадзтва.

​«Насуперак усяму, пачало зьяўляцца больш інфармацыйных рэсурсаў, дзе зьмяшчаецца інфармацыя на беларускай мове, — падсумоўвае патрыятычны кіроўца. — Ладзіцца досыць шмат культурніцкіх імпрэзаў, канцэртаў. У любым выпадку гэта прыносіць станоўчы плён: у нас на працы ўжо некалькі чалавек размаўляюць выключна па-беларуску. Гэта іх прынцыповая пазыцыя, кожны да такога рашэньня прыйшоў сьвядома — як у 25-27 гадоў таму гэта здарылася са мной».

Старажытная “Пагоня” знаходзіць месца ня толькі на аўтамабілях. Нейкі час таму Свабода расказвала, як менскі рэклямнік Аляксандар Васілевіч надаў нацыянальны калярыт свайму матацыклу “Харлей Дэвідсан”.

Інструкцыя абеларушваньня «Харлея» ад Аляксандра Васілевіча

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG