Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб ня ўмёрлі, су...і!» Рэпартаж зь сядзібы ТБМ


Алена Анісім ва ўправе ТБМ
Алена Анісім ва ўправе ТБМ

Карэспандэнт Свабоды правёў тры гадзіны на ўправе Таварыства беларускай мовы і зразумеў, чаму Алена Анісім задумала рэфармаваць арганізацыю.

«У траўні сядзіба ТБМ адчыненая з 15.00. Акрамя 1 і 9 чыслаў», — такая абвестка вісіць на дзьвярах установы на вуліцы Румянцава ў Менску.

Прыходжу крыху раней за 15.00. Дзьверы яшчэ зачыненыя, таму пакорліва чакаю адкрыцьця ў цянёчку пад бліжэйшым дрэвам. Хвілін празь дзесяць да ТБМ падыходзіць дзяўчына-падлетак. Безвынікова торгае ручку і таксама застаецца чакаць адкрыцьця. «А мне ўсе гаварылі, што ў ТБМ ходзяць толькі пэнсіянэры», — думаю пра сябе і вырашаю пазнаёміцца з маладой аматаркай беларушчыны:

— Добры дзень.

— Добрый.

— Вы на сядзібу ТБМ прыйшлі?

— На курсы.

— Беларускай мовы?

— На курсы в польский лицей.

— У польскі ліцэй?

— Да. Они в 16 часов начинаются. Я пришла пораньше, хотела подождать тут.

Зьбіты з панталыку атрыманай інфармацыяй, адыходжу назад пад сваё дрэва. Дзяўчына дастае смартфон і пачынае нешта ў ім набіраць. Яшчэ празь дзесяць хвілін да дзьвярэй управы набліжаецца сталая жанчына ў белым каптуры. «Ой, ой, прабачаюся. Гэта я на плошчы Перамогі на падрыхтоўку заўтрашніх сьвяткаваньняў загледзелася, — вінавата паведамляе яна нам. — Зараз адчыню».

Жанчына ў белым каптуры — гэта Надзея Малаковіч. Яна працуе ў ТБМ ужо шэсьць гадоў. Даўно на пэнсіі, раней была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў адной зь менскіх школ. «Так і сказала, што на курсы ў польскі ліцэй прыйшла? Гэта яны так гэты, падпольны ліцэй называюць, — тлумачыць мне Надзея Якаўлеўна незразумелы адказ дзяўчыны. — Вучацца тут, а потым паступаюць усе ў Польшчу».

Надзея Малаковіч працуе ў ТБМ ужо шэсьць гадоў
Надзея Малаковіч працуе ў ТБМ ужо шэсьць гадоў

З далейшай размовы даведваюся, што працуе Надзея Малаковіч фактычна на валянтэрскіх умовах. У абавязкі жанчыны ўваходзіць адчыняць і зачыняць управу, выстаўляць скрынкі з кнігамі і дыскамі на стол і сачыць за парадкам.

«Я і падмятаю тут, а што рабіць, — працягвае Надзея Якаўлеўна. — Тут жа амаль нікога няма больш, толькі я. Цяпер рэдка нехта яшчэ прыходзіць. Алена (Алена Анісім, новая старшыня ТБМ, якая замяніла на гэтай пасадзе Алега Трусава. — РС) на трох працах занятая, куды ёй пасьпяваць? Зараз яшчэ і гэты нацыянальны ўнівэрсытэт задумалі».

Так выглядае зараз бібліятэка ТБМ
Так выглядае зараз бібліятэка ТБМ

Кабінет старшыні арганізацыі
Кабінет старшыні арганізацыі

Слухаю Надзею Якаўлеўну і разглядаю зьмесьціва кардонных скрынак з кнігамі і дыскамі. Імі на ТБМ не гандлююць, а аддзячваюць наведнікам за ахвяраваньні. Укінуўшы ў адмысловую скрынку 5–10 рублёў, можна атрымаць альбом NRM 2006 году выпуску, альбо беларускамоўную рэп-складанку «Пасадзіў DEAD RAPку/Rap Not Dead» з 2004.

Пускаючы настальгічную сьлязу, паўжартам цікаўлюся ў жанчыны, ці можна на ТБМ разжыцца аўдыёкасэтамі. «Недзе былі, здаецца...», — задумліва адказвае мне сакратарка і ідзе адчыняць ніжнія дзьверцы шафы.

На ТБМ можна знайсьці сапраўдныя рарытэты
На ТБМ можна знайсьці сапраўдныя рарытэты

Грашовае пытаньне ТБМ турбуе рэгулярна.

«У месяц на арэнду сядзібы мы трацім каля 1000 эўра, яшчэ 150–200 на камунальныя плацяжы, — кажа старшыня арганізацыі Алена Анісім. — Гэта амаль увесь бюджэт Таварыства. Я не атрымліваю ніякага заробку, афіцыйна на чвэрць стаўкі ў ТБМ працуе толькі кіраўнік спраў і бухгальтар, больш ніхто. Мы грамадзкая некамэрцыйная арганізацыя, зарабляць самі на нечым ня можам. Жывём толькі на ахвяраваньні і ўнёскі сяброў».

Заняткі ліцэю
Заняткі ліцэю

Сяброў у ТБМ ня так ужо і мала, каля 6000 па ўсёй краіне. Зь іх больш за 2000 у Менску. Памер унёскаў дэмакратычны: 10 рублёў у год для дарослага, 5 для беспрацоўных, 1 рубель для школьніка і 2 для студэнта. Для грамадзян іншых краінаў — 10 эўра. Калі б усе сябры ТБМ плацілі ўнёскі спраўна, грошай хапала б і на аплату арэнды, і на рамонт. Але ня ўсё так добра.

«Прыходзяць часам, плацяць. Але рэдка, — кажа Надзея Якаўлеўна. Бывае, нехта прыходзіць, проста ахвяраваньні пакідае. Я потым усіх перапісваю, трэба ж ведаць, хто дапамагае. Але ёсьць адзін чалавек, які рэгулярна прыносіць грошы і не называе свайго імя. Нямала прыносіць. Нейкі бізнэсовец, напэўна. Мінулы раз 10 рублёў даў».

Выстава. Тут можна нешта ўзяць сабе ў якасьці падзякі за ахвяраваньне.
Выстава. Тут можна нешта ўзяць сабе ў якасьці падзякі за ахвяраваньне.

За размовамі з Надзеяй Якаўлеўнай праходзіць гадзіна. За гэты час у суседнім памяшканьні «на курсы ў польскі ліцэй» зьбіраецца каля дзесяці вучняў. У 16.00 да іх весьці заняткі па гісторыі і археалёгіі прыходзіць доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў.

«Там у іх новыя сталы, добрыя. І крэслы таксама новыя, — працягвае раскрываць мне ўнутраную кухню Надзея Якаўлеўна. — Ну як новыя... Чэская амбасада пераяжджала і аддала нам свае старыя. Але для нас яны новыя, вядома».

Сакратарка прызнаецца, што наведвальнікі курсаў неахвотна ахвяруюць грошы на ТБМ. «Навошта ім нашы кнігі, цяпер усё ў інтэрнэце ёсьць, — наракае жанчына. — А ў нас тут і гэтага няма, як яго, фай... Вай-фай. У мяне ў тэлефоне таксама перастаў працаваць. Вы, можа, мне наладзіце?».

Першы наведнік на сядзібе ТБМ зьяўляецца гадзіны празь дзьве ад адкрыцьця (і за столькі ж да закрыцьця). Гэта невысокі мужчына зь пільным позіркам. У руках пакет, на грудзях значак «Размаўляй са мной па-беларуску». Вырашаю паразмаўляць:

— Добры дзень. Я журналіст, хачу з вамі пагаварыць.

— Хочаце са мной пагаварыць. Адкуль вы?

— Радыё Свабода.

— Няправільна!

— Што?

— Свабода няправільна. Па-беларуску трэба, каб было Радыё Воля. Абавязкова зьмяніце назву.

— Зразумела. А як вас завуць?

— Мяне завуць Алесь, з рускай мовай да мяне ня лезь!

Сказаўшы гэта, першы за дзьве гадзіны наведнік сядзібы ТБМ падскочыў да зачыненых дзьвярэй кабінэта старшыні арганізацыі, тыцнуў пальцам у шыльдачку з цытатай Багушэвіча і ўмомант яе ўдасканаліў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі, су...і!»

Алена Анісім шукае для ТБМ новага крэатыўнага мэнэджара
Алена Анісім шукае для ТБМ новага крэатыўнага мэнэджара

«Ён часта прыходзіць, — расказвае Надзея Якаўлеўна пра экспрэсіўнага аматара беларускай мовы, калі той з нас пераключаецца на гісторыка Голубева. — Так чалавек... Ён усё піша звароты ў Генпракуратуру, каб яму ў пашпарце беларускай лацінкай імя напісалі. А яны ня пішуць».

Усьлед за першым на сядзібе зьяўляецца другі наведнік. Мужчына праходзіць да скрынкі з ахвяраваньнямі, кладзе туды пяць рублёў і хутка сыходзіць. Сакратарцы паведамляе, што грошы прынёс ананімна. На ганку тым часам працягваецца гучная дыскусія з удзелам Валянціна Голубева і Алеся, да якога лепш ня лезьці з рускай мовай. Лаўлю сябе на думцы, што зь сядзібы ТБМ хачу ўцячы да яго вяртаньня.

«Тут столькі ўсяго адбывалася, гэтае месца мае права на асобны статус, — Алена Анісім перакананая, што сядзібу ТБМ трэба абавязкова захаваць. — Мы не ўладальнікі гэтага памяшканьня, толькі арандатары. Ужо некалькі разоў паўставала пытаньне, будзем мы тут заставацца альбо не. Да нас нармальна ставяцца, але арэнду трэба працягваць. Сёлета мы закінулі ідэю набыць сядзібу па нейкім прымальным для нас кошце. Бізнэсоўцам пасьля трох гадоў арэнды часта прапаноўваюць гэта зрабіць. Але высьветлілася, што мы не ўваходзім у лік арганізацый, якія могуць разьлічваць на ільготы. На дадзены момант у нас няма сродкаў, каб набыць сядзібу ва ўласнасьць».

Алена Анісім мяркуе, што захаваць сядзібу ТБМ у старым месцы вельмі важна
Алена Анісім мяркуе, што захаваць сядзібу ТБМ у старым месцы вельмі важна

Старшыня ТБМ таксама дзеліцца плянамі абвясьціць краўдфандынг на правядзеньне рамонту. Патрыманая мэбля з чэскай амбасады — самае новае, што ёсьць на сядзібе. Сакратарка нават у моцную сьпёку баіцца адчыняць вокны. Некалькі гадоў таму адно зь іх падчас гэтай працэдуры проста вывалілася вонкі.

Прыход новага мэнэджэра ў арганізацыю, рамонт сядзібы і заснаваньне штогадовай прэміі ТБМ за ўклад у прасоўваньне беларускай мовы — вось тры асноўныя новаўвядзеньні, якія задумала Алена Анісім. Яна кажа, што ўжо мела гутаркі зь некалькімі асобамі (імёнаў не называе, спасылаючыся на іх публічнасьць), аднак пакуль не паразумеліся. Працаваць над зьменай іміджу Таварыства за чвэрць стаўкі вядомыя ў Беларусі людзі не пагаджаюцца.

Мы хочам знайсьці культурніцкага мэнэджэра, які ўзяўся б за прасоўваньне ТБМ

​«Мы хочам знайсьці культурніцкага мэнэджэра, які ўзяўся б за прасоўваньне ТБМ, — тлумачыць Анісім свае патрабаваньні. — Такога, які зможа арганізаваць працу ТБМ ва ўсіх нашых структурах. Каб мы ня мелі галаўны боль па фінансах, а маглі сканцэнтравацца на сваіх непасрэдных задачах. На дадзены момант нашая асноўная — забясьпечыць выкананьне лінгвістычных правоў дзяцей і іх бацькоў. Толькі мы гэтым займаемся, больш ніхто. Ужо размаўлялі зь некаторымі кандыдатурамі, але пакуль працягваем шукаць».

Сыходзячы са слыннага месца на Румянцава, спрабую зачыніць за сабой дзьверы. Марна. Яны зачапіліся за прыступку і не паддаюцца. Баючыся нешта зламаць, вырашаю, што так і трэба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG