Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унівэрсытэт імя Гілевіча плянуе пачаць набор слухачоў ужо сёлета. Застаецца знайсьці 7-8 мільёнаў даляраў


Павал Церашковіч, Алег Трусаў і Алена Анісім на прэсавай канфэрэнцыі пра пра пляны Ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча
Павал Церашковіч, Алег Трусаў і Алена Анісім на прэсавай канфэрэнцыі пра пра пляны Ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча

Менгарвыканкам зарэгістраваў прыватную ўстанову адукацыі «Ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча». Мяркуецца, што ў беларускім нацыянальным унівэрсытэце будуць рыхтаваць адмыслоўцаў па 56 спэцыяльнасьцях на трох факультэтах, пакуль выключна гуманітарных. Патрэбны стартавы капітал — 10 мільёнаў даляраў. У год на фінансаваньне ўнівэрсытэту спатрэбіцца 7–8 мільёнаў даляраў.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім паказала пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, якое Менгарвыканкам выдаў на расейскай мове. І сказала, што замовіла дакумэнт на беларускай мове, бо ўнівэрсытэт будзе зь беларускай мовай навучаньня.

Алена Анісім
Алена Анісім

Унівэрсытэт будзе насіць імя народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча

Спадарыня Анісім распавяла, што заснавальнікі доўга не маглі зарэгістраваць назву ўстановы. Практычна ўсе прапанаваныя назвы адхіляліся. Заблякавалі «Альбарутэнію», бо такая фірма ёсьць у Воршы. Адмовіліся рэгістраваць унівэрсытэт з назвай «Альбарутэніка» — маўляў, яна сугучная.

«І тады мы вырашылі зьвярнуцца да сына Ніла Гілевіча Сяргея, каб ён дазволіў нам узяць імя першага старшыні ТБМ, народнага паэта Ніла Гілевіча для нашага ўнівэрсытэту. Спадар Сяргей вельмі хутка, апэратыўна даў згоду. І ўжо ёсьць дакумэнт. Напэўна, тут і зоркі сышліся, і наша настойлівасьць дапамагла, і яшчэ нейкія невядомыя нам сілы спрацавалі», — сказала Алена Анісім.

15 сакавіка 2018 году ўнівэрсытэт зарэгістравалі. Цяпер ідуць кансультацыі зь Міністэрствам адукацыі і іншымі структурамі, каб атрымаць ліцэнзію і распачаць адукацыйны працэс.

Сяргей Гілевіч
Сяргей Гілевіч

Сяргей Гілевіч кажа, што не чакаў, што падзеі будуць разгортвацца так хутка. Для яго і ягоных родзічаў гэта вялікі гонар.

«Калі ўзгадаць, што бацька больш за 20 гадоў чытаў лекцыі на філфаку БДУ выключна па-беларуску, што ён быў заснавальнікам ТБМ, то ўсё лягічна. Гэта вельмі вялікая і патрэбная справа, каб выправіць тую несправядлівасьць: беларускамоўныя садкі, школы ёсьць, а ўнівэрсытэту няма. Каб лёс па-іншаму склаўся, гэта магло быць зроблена пры канцы 1980-х — на пачатку 90-х, калі былі прынятыя законы аб мовах, аб адукацыі, да распрацоўкі якіх спрычыніўся мой бацька. Выкажу ўласную думку: беларускамоўны ўнівэрсытэт найперш павінен быць тут, у сталіцы Беларусі, а пасьля ўжо ў Вільні, Варшаве ці яшчэ дзе», — перакананы Сяргей Гілевіч.

Ён выказаў спадзяваньне, што ўнівэрсытэт будзе трымаць высокі ўзровень адукацыі, будзе беларускамоўным па форме, эўрапейскім па сутнасьці. І хацелася б, дадаў Сяргей Гілевіч, каб быў конкурс на ўсе спэцыяльнасьці.

Уладзімер Колас: «Унівэрсытэт павінен стаць канкурэнтаздольным на рынку адукацыйных паслуг»

На думку дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя Ўладзімера Коласа, такі ўнівэрсытэт павінен быць у незалежнай Беларусі даўно. Рытарычнае пытаньне — чаму гэтага пакуль не адбылося.

«Безумоўна, былі спадзяваньні на ЭГУ, але гэтага не адбылося. Ёсьць вялікая інэрцыя ў нашай постсавецкай мэнтальнасьці, штампы, клішэ, якія не даюць нашаму грамадзтву рухацца далей у адбудове сапраўднай дзяржаўнасьці сапраўднай эўрапейскай краіны, якой павінна ўрэшце зрабіцца Беларусь. І прычына, што так марудна ідуць гэтыя працэсы, — адсутнасьць нацыянальнага ўнівэрсытэту. Мы ня супраць рускай мовы, але павінны дбаць пра беларускую мову», — кажа Ўладзімер Колас.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

На яго думку, толькі патрыятызм не павінен быць стымулам для паступленьня ва ўнівэрсытэт, яго неабходна зрабіць прыцягальным, прывабным, і гэта можа быць толькі праз пэрспэктывы, якія будуць мець студэнты, што будуць туды паступаць. Выкладаньне ў ім павінна весьціся на самым высокім сучасным узроўні. Унівэрсытэт павінен стаць канкурэнтаздольным на рынку адукацыйных паслуг.

Павал Церашковіч: «Унівэрсытэт будзе найперш дасьледчыцкай установай»

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Унівэрсытэт павінен стаць пілётнай пляцоўкай, дзе будуць усталёўвацца прынцыпы Балёнскага працэсу. Удзельнік працоўнай групы па стварэньні нацыянальнага ўнівэрсытэту, былы старшыня Сэнату ЭГУ прафэсар Павал Церашковіч сказаў, што ўнівэрсытэт павінен стаць месцам, дзе ствараюцца веды, ён павінен прадукаваць веды, рэлевантныя для нашай краіны, і веды, якія патрэбныя Беларусі. Унівэрсытэт будзе найперш дасьледчыцкай установай.

Вызначаныя асноўныя кірункі працы.

Першы кірунак — выкарыстаньне культурнай і гістарычнай спадчыны.

«Нацыянальны ўнівэрсытэт ня можа існаваць без нацыянальных традыцыі, гісторыі. Але мы ня будзем ствараць яшчэ адзін гістарычны факультэт. Будзем ствараць кірунак, які будзе займацца выкарыстаньнем культурнай і гістарычнай спадчыны. У нас дастаткова добрых гісторыкаў, у нас, на жаль, не хапае мэнэджэраў, якія здольныя з нашай культурнай гістарычнай спадчыны зрабіць эканамічны рэсурс, як гэта працуе ў разьвітых эўрапейскіх краінах», — кажа Павал Церашковіч.

Другі кірунак — рэгіяналістыка, вывучэньне бліжэйшых суседзяў і вывучэньне тых краінаў, якія цяпер у пляне эканомікі наймацнейшыя гульцы на ўсясьветным рынку.

«У Беларусі не рыхтуюць адмыслоўцаў у галіне паляністыкі, няма ўкраіністыкі, германістыкі, амэрыканістыкі, праблема з вывучэньнем Расеі. Вывучаюцца ў лепшым выпадку мова і культура. А Беларусі патрэбныя спэцыялісты, якія будуць ведаць краіны з усіх бакоў», — сказаў спадар Церашковіч.

Трэці кірунак — урбаністыка. Большасьць насельніцтва жыве ў гарадах, але ў краіне няма спэцыялістаў, якія комплексна займаюцца гарадзкім асяродзьдзем. Рыхтуюць толькі архітэктараў ці інжынэраў.

Чацьвёрты — мэдыйныя дасьледаваньні. Але гэта будзе журналістыка, арыентаваная на новыя электронныя мэдыі.

«Мы плянуем заняцца выкладаньнем таго, што на Захадзе называецца Creative Writing — будзем спрабаваць рыхтаваць літаратараў, адмыслоўцаў для кінэматографу, сцэнарыстаў, чаго вельмі не хапае».

Пяты кірунак — падрыхтоўка мэнэджэраў, гэта называецца Public and Business Administration.

Беларуская мова будзе своеасаблівай візытоўкай. Але гэта не азначае, што акрамя беларускай мовы нічога ня будзе. Будзе і ангельская, і навучаньне на ангельскай мове, і іншыя замежныя мовы. Вывучэньне замежных моваў будзе ісьці выключна празь беларускую. А выкладчыкі будуць як беларускія, так і запрошаныя замежныя адмыслоўцы.

3 факультэты, 56 спэцыяльнасьцяў — пакуль толькі гуманітарныя

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Намесьнік старшыні ТБМ Алег Трусаў сказаў, што на сёньняшні дзень плянуецца стварыць тры факультэты з падрыхтоўкай адмыслоўцаў па 56 спэцыяльнасьцях.

1. Гуманітарны факультэт, дзе будуць катэдры тэалёгіі і філязофіі; катэдра гісторыі; катэдра археалёгіі і этналёгіі; катэдра псыхалёгіі і сацыялёгіі; катэдра права; катэдра бізнэсу і эканомікі.

2. Факультэт філялёгіі і замежных моў і перакладаў. Там будуць катэдра славянскіх моў, катэдра філялёгіі і лінгвістыкі, катэдра журналістыкі.

3. Факультэт культуралёгіі і мастацтва, дзе будуць катэдра гісторыі мастацтва, катэдра дызайну, катэдра культуралёгіі.

«Дакладных навук пакуль ня будзе, бо на сёньняшні дзень мэта ўнівэрсытэту — стварэньне нацыянальнай эліты, а тут усё ж такі ў асноўным пераважаюць гуманітарныя навукі. Падрыхтоўчае аддзяленьне павінна пачаць працаваць увосень, каб праз год маглі ўжо мець будучых студэнтаў. І гэтых будучых студэнтаў будзем рыхтаваць у пэўныя навуковыя школы, каб кожны студэнт ведаў, што ён ідзе да пэўнага прафэсара, каб узяць у яго самае лепшае», — кажа Алег Трусаў.

Групы будуць невялікія — па 12–15 чалавек. На першы курс мяркуюць набраць да 500 чалавек.

Дзе ўзяць 7–8 мільёнаў даляраў? І яшчэ пажадана мець стартавы капітал

Каб унівэрсытэт нармальна працаваў, у год трэба 7–8 мільёнаў даляраў, падлічыў Алег Трусаў.

Будуць грошы, будуць і памяшканьні. Пустых памяшканьняў у горадзе шмат. Падрыхтоўчыя курсы можна праводзіць пакуль у офісе ТБМ, ёсьць яшчэ адно памяшканьне на вуліцы Шчарбакова. Пажадана мець стартавы капітал — 10 мільёнаў, каб пачаць працу, — мяркуе Алег Трусаў.

«Дзе будзем браць грошы? Будзем браць там, дзе бяруць усе прыватныя навучальныя ўстановы. Частку грошай будуць плаціць самі студэнты за навучаньне. Будуць гранты — як замежныя, так і ўнутраныя. Прынцып той самы, як у любога прыватнага ўнівэрсытэту. Будзем зарабляць самі — выдавецкай дзейнасьцю, іншым.

Бюракратычны апарат ва ўнівэрсытэце будзе мінімальны. Што да заробкаў, то дацэнт, кандыдат навук будзе зарабляць як мінімум 500 даляраў, прафэсар — больш», — кажа Алег Трусаў.

Алена Анісім сказала, што на пасаду рэктара Рада аднагалосна рэкамэндуе Алега Трусава. Дэканы і іншае кіраўніцтва будуць прызначацца пазьней.

5 прычын, чаму ня трэба плакаць па ЭГУ. І 5 прычын, чаму яго варта захаваць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG