Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёлягі выявілі слабыя месцы сярэдняй адукацыі ў Беларусі


Апошні званок. Ілюстрацыйнае фота

Дасьледчы цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту прадставіў 13 сакавіка вынікі дасьледаваньня «Адметнасьці сыстэмы сярэдняй адукацыі ў Беларусі», задача якога — выявіць праблемы і слабыя месцы ў гэтай галіне.

Падчас дасьледаваньня праводзіліся глыбінныя інтэрвію з экспэртамі і анкетнае апытаньне насельніцтва.

Сацыёлягі прыйшлі да высновы, што зьмены ў сфэры сярэдняй адукацыі праводзяцца ў Беларусі няспынна, аднак «агульная канцэпцыя застаецца ранейшай».

«Адукацыйныя праграмы абнаўляюцца толькі нязначна, а хуткасьць іх актуалізацыі часам не адпавядае патрабаваньням часу і не вырашае праблемы. Тое ж можна сказаць і пра падыходы да выкладаньня і іншыя аспэкты сыстэмы сярэдняй адукацыі», — сьцьвярджаюць экспэрты.

Дар'я Урбан
Дар'я Урбан

Асноўныя вынікі дасьледаваньня прадставіла 13 сакавіка ў Менску сацыёляг Дасьледчага цэнтру ІПМ Дар’я Урбан.

«Складанасьць прадметаў не адпавядае патрабаваньням часу»

Першы блёк пытаньняў тычыўся складанасьці, важнасьці навучальных прадметаў і зацікаўленасьці ў іх вучняў. Паводле дасьледчыкаў, «у большасьці выпадкаў вучні ацэньваюць складанасьць прадметаў значна ніжэй, чым Міністэрства аховы здароўя».

«Чаму для нас гэтае пытаньне было такім важным? Бо, па ацэнках апытаных намі настаўнікаў, складанасьць прадметаў не адпавядае патрабаваньням часу і ўнівэрсытэтаў ды насамрэч не такая высокая, як гэта ацэньвае Міністэрства аховы здароўя. Многія настаўнікі сказалі, што праграмы па матэматыцы, па замежных мовах маюць патрэбу ў істотных зьменах», — сказала Дарʼя Урбан.

«Самы нецікавы прадмет — беларуская мова»

На думку вучняў, самыя важныя прадметы — замежная мова, расейская мова і матэматыка. Самымі няважнымі называюць музыку і выяўленчае мастацтва.

Найбольш цікавыя для вучняў прадметы — інфарматыка (8,2 бала па 10-бальнай шкале), фізычная культура і здароўе (8,2), а таксама мэдычная падрыхтоўка (7,9), якая выкладаецца толькі для дзяўчатак. Хоць настаўнікі прапануюць, каб гэты прадмет вывучалі і хлопчыкі.

«Вельмі вялікі інтарэс да большасьці прадметаў. Самы нецікавы прадмет — гэта беларуская мова (6,0). За ім чарчэньне (6,3) і беларуская літаратура (6,4). Для настаўнікаў гэта было званочкам пра тое, што беларуская культура або няправільна падаецца ў школе, або патрабуе пэўнай разнастайнасьці», — сказала Дарʼя Урбан.

Дасьледчыкі таксама вывучылі, як вучні ставяцца да вучэбнай нагрузкі. Большасьць рэспандэнтаў назвалі нагрузку аптымальнай. 27,5% апытаных лічаць недастатковай нагрузку пры падрыхтоўцы да экзамэнаў, то бок яе не хапае для паступленьня ў ВНУ.

«У той жа час мы бачым даволі вялікую колькасьць тых (амаль пятая частка), хто сказаў, што нагрузка падчас выкананьня дамашніх заданьняў залішняя», — дадала Дарʼя Урбан.

32,3% рэспандэнтаў займаліся з рэпэтытарам для паступленьня ў ВНУ

Таксама экспэрты дасьледавалі, як выкарыстоўваюцца паслугі рэпэтытараў, да якіх зьвяртаюцца пераважна для паступленьня ў ВНУ.

«Калі мы пачалі ацэньваць дастатковасьць школьных ведаў для паступленьня ў ВНУ, аказалася: 39,5% лічаць, што школьных ведаў хутчэй недастаткова. І яшчэ 10% лічаць, што іх зусім недастаткова. То бок амаль палова лічыць, што ведаў недастаткова. Пры гэтым 32,3% рэспандэнтаў займаліся з рэпэтытарам для паступленьня ў ВНУ. Гэта даволі істотны працэнт», — сказала Дарʼя Урбан.

Паводле дасьледаваньня, больш ведаў атрымліваюць навучэнцы ліцэяў і каледжаў. А найменш — гімназісты, таму сярод іх найбольшы адсотак (63,3%) тых, хто выкарыстоўвае паслугі рэпэтытараў.

«Вельмі часта адзнака — элемэнт заахвочваньня або пакараньня»

Таксама дасьледчыкі вывучылі сыстэму ацэнкі ведаў у школах Беларусі.

«Сыстэма ацэнкі ведаў, якая існуе ў нас, ня самым лепшым чынам уплывае на будучыню дзяцей. Паводле настаўнікаў, у нас вельмі часта адзнака — элемэнт заахвочваньня або пакараньня. Таму іх нельга ўспрымаць як абʼектыўны паказчык. І тут, паводле настаўнікаў, трэба нешта мяняць», — сказала Дарʼя Урбан.

Самая папулярная адзнака ў вучняў — сямёрка.

Амаль 47% рэспандэнтаў сказалі, што адзнакі паказваюць, наколькі добра вучань спраўляецца з працай, 40% рэспандэнтаў адказалі, што яны паказваюць узровень ведаў. 14% апытаных лічаць, што адзнакі паказваюць, хто з вучняў лепшы. Для 13% адзнакі нічога не азначаюць, а для 11% — паказваюць асабістае стаўленьне настаўнікаў.

«Трэба моцна мяняць праграмы»

Падчас дасьледаваньня вывучалася каштоўнасьць сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Тры прадметы, якія найбольш спатрэбіліся выпускнікам пасьля заканчэньня школы, — расейская мова (53,7%), беларуская мова (16,1%), і матэматыка (7,6%).

«Гэта індыкатар таго, што трэба моцна мяняць праграмы, адаптаваць іх да патрэбаў рынку працы, пад сучасныя ўмовы. Бо нашы праграмы выглядалі практычна гэтак жа і 50 гадоў таму. Многа кажуць, што праграма па інфарматыцы іншым разам выглядае проста сьмешна. Падручнікі распавядаюць, што трэба ўставіць дыскету ў дыскавод. А дзеці ўжо ня ведаюць, што такое дыскета. Практычна сто працэнтаў настаўнікаў сказалі, што патрэбныя зьмены па ўсіх прадметах», — сказала Дарʼя Урбан.

Праблемы: абавязковыя мерапрыемствы і несправядлівыя адзнакі

Дасьледчыкі таксама разглядалі асаблівасьці арганізацыі навучальнага працэсу для школьнікаў. Часьцей за ўсё вучні сутыкаюцца з такімі праблемамі: абавязковае наведваньне мерапрыемстваў, якія не зьвязаныя з вучэбнай дзейнасьцю (вельмі часта — 12,5%, часта — 32,5%); несправядлівае выстаўленьне адзнак (вельмі часта — 6,9%, часта — 25,9%) і зьніжэньне адзнак за афармленьне работ (вельмі часта — 9,1%, часта — 22,4%).

49% рэспандэнтаў гатовыя паехаць за мяжу

Як паводзяць ці як мяркуюць паводзіць сябе на рынку працы выпускнікі школ? Самыя папулярныя і запатрабаваныя спэцыяльнасьці ў іх — у сфэры інфармацыйных тэхналёгій (93,3%) і аховы здароўя (91,2%).

Для большасьці рэспандэнтаў самы важны крытэр, які прад’яўляецца да працы, — гэта высокія заробкі (69,2%). 59,4% лічаць, што праца павінна быць цікавай. Найменш значны крытэр — праца павінна прыносіць карысьць грамадзтву (11,6%).

Паводле дасьледаваньня, гатовыя паехаць за мяжу і працаваць за мяжой пры больш выгадных умовах 49% рэспандэнтаў. Зьедуць працаваць за мяжу пры першай магчымасьці, нават калі праца не па спэцыяльнасьці, 19% рэспандэнтаў. Паводле Дарʼі Урбан, «гэта высокі ўзровень міграцыйных установак».

Прычым сярод выдатнікаў гатовыя працаваць за мяжой пры больш выгадных умовах 59%, а зьедуць пры першай магчымасьці, нават калі праца будзе не па спэцыяльнасьці, — 21%.

25% вучняў школ не валодаюць замежнай мовай

Паводле Дарʼі Урбан, яшчэ адзін паказальнік узроўню адукацыі — ступень валоданьня замежнымі мовамі. 36,7% вучняў агульнаадукацыйных школ валодаюць замежнай мовай на элемэнтарным узроўні, і 25% — не валодаюць.

Лепш за ўсё валодаюць замежнымі мовамі вучні гімназій.

«Тая адукацыя, якую сёньня дае школа, не актуальная на рынку працы і працуе па старой мадэлі», — сказала Дарʼя Урбан.

Цікавасьць да гэтага дасьледаваньня Міністэрства адукацыі пакуль не праявіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG