Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму літоўцы ў Горадню — бязь візы, а беларусы ў Вільню — толькі зь візай


Вільня

Ці памятаеце пра існаваньне міждзяржаўнай дамоўленасьці — стварыць 50-кілямэтровую зону ў беларуска-літоўскім памежжы? Са спрошчаным візавым рэжымам? Цяжка прыгадаць так адразу? А вось літоўскі бок памятае вельмі добра. Калі меркаваць па інтэрвію міністра замежных спраў Лінаса Лінкявічуса (ён даў яго карэспандэнту TUT.by). Літоўскі міністар нагадаў, што беларусы змаглі б езьдзіць больш свабодна, напрыклад, у Друскенікі і Вільню. Ня ўсе, канечне, а тыя, хто жыве за пяцьдзясят кілямэтраў ад мяжы. Напрыклад, жыхары Горадні ці Ліды.

Беларусы з грашыма ў кішэнях

У 2011 годзе такія пагадненьні былі падпісаныя з трыма суседкамі Беларусі, якія знаходзяцца ў складзе Эўразьвязу. Была нават ратыфікацыя, але апошні подпіс на дакумэнтах так і не зьявіўся. Яны ня дзейнічаюць у двух выпадках. Чаму? Таму што ў кожнай з галоваў працавала лічыльная машынка, і вынікі яна давала зусім адрозныя. Бо крамы Літвы і суседняй Польшчы значна больш прывабныя для беларусаў, чымсьці нашыя — для літоўцаў і палякаў. Прынамсі, так было да апошняга часу.

У Вільні не маглі не разьлічваць, што беларусы будуць вывозіць харчоў і адзеньня яшчэ болей. І не маглі не разумець, што гэта будзе шмат у чым гульня ў адны вароты, што беларускі бок атрымае ад малога памежнага руху менш выгады. Адно ўдакладненьне: самі жыхары, напрыклад, Гарадзеншчыны будуць задаволеныя, але ўлады — наадварот. Бо свае грошы мы выдаткоўвалі б не ў сваіх крамах, а ў чужых.

Генэрал-палкоўнік патлумачыў

Літоўцы пазьней раз-пораз нагадвалі беларускаму начальству пра 50-кілямэтровую зону — дык калі нарэшце? Каб захаваць аблічча, трэба было прыдумаць нейкую прычыну, важкую звонку. Пры канцы 2015 году Леанід Мальцаў, тады старшыня Дзяржпагранкамітэту, разьвёў рукамі: немагчыма зрабіць, не стварыўшы інфраструктуру. Не мадэрнізаваўшы памежныя пункты пропуску. Яны перагружаныя ў два-тры разы, сказаў ён, у тым ліку зь літоўскага боку. Але патрэбныя вялікія грошы.

У Мальцава і лічбы ў руках апынуліся: з кожнага боку па васямсот тысяч чалавек пражывае, хто зможа атрымаць права карыстацца малым памежным рухам. Калі яго распачаць, узьнікнуць вялізныя чэргі, «атрымаецца, што мы папросту падманем людзей», падсумаваў генэрал.

Канечне, не абысьціся ў гэтым разе без пытаньня: навошта беларуская ўлада наогул пайшла на такі крок? Падпісаўшы пагадненьне? Разумеючы ў душы, што хутчэй пакладзе яго пад сукно? Напэўна, у разьліку на магчымыя бонусы хаця б у тым жа транспамежным супрацоўніцтве. І каб паказаць, што Беларусь — не такая закрытая краіна, як выглядае на першы погляд. І наагул — гешэфт ёсьць гешэфт. Раз літоўцам гэта трэба, раз прапануюць, можа, паспрыяюць у нечым яшчэ? Крэдыт атрымаць істотны, напрыклад, у Эўрапейскім банку рэканструкцыі і разьвіцьця, ці яшчэ што карыснае.

І калі я чытаю інтэрвію зь сёньняшнім літоўскім міністрам замежных спраў, мне робіцца дзіўным, што ён не зьвяртае ўвагі на відавочнае: раз беларускі бок не пайшоў на ажыцьцяўленьне малога памежнага руху, значыць, яго нешта не задавальняе. І значыць — пакуль што гэта ўсяго толькі пражэкт.

Зрабіце літоўскі бязьвіз!

Але нельга сказаць, што нічога ў адносінах не памянялася. Лінас Лінкявічус настальгічна ўзгадвае, што рабіліся спробы зьменшыць для беларусаў кошт шэнгенскай візы, аднак пакуль ня выйшла. І нічога ня кажа пра тое, што беларускі бок зрабіў нечаканы крок: літоўцы (і ня толькі яны) цяпер могуць безь ніякай візы цягам дзесяці дзён знаходзіцца ў Горадні і ваколіцах. І што гэтай магчымасьцю скарысталіся тысячы, нават дзясяткі тысяч літоўскіх грамадзянаў.

У цэнтры Горадні
У цэнтры Горадні

Рэаліі ў пэўным сэнсе зьмяніліся. Беларускія ўлады паўтара года таму расчынілі дзьверы для літоўцаў, якія масава адгукнуліся на запрашэньне. Не сакрэт: апроч жыхароў памежных раёнаў, у Горадні сёньня мноства турыстаў і пакупнікоў з той жа Вільні, таксама з Коўна. Такім чынам, малы памежны рух стаў, можна сказаць, менш актуальны. Аб’ектыўна. А літоўскі бок нібы гэтага не заўважае. Больш за тое: працягвае сьцьвярджаць, што мяч цяпер не на іхнім баку. Гэта для мяне таксама дзіўна.

Зрабіце ў адказ такі ж самы крок — бязьвіз для беларусаў, скажам, у Вільні і ў Друскеніках. Брусэль скоса будзе пазіраць? Але ж Менск магчымага незадавальненьня Масквы ня стаў баяцца. Наагул, жыхару Горадні проста прыкра чытаць сёньня, што нехта там хацеў зрабіць таньнейшай шэнгенскую візу і па-ранейшаму хоча. Вунь калі сапраўды хацелі — то ўкраінцам палегчылі паездкі ў Эўропу не на словах. (Хаця, між іншым, ня ўсе ў Эўразьвязе былі аднадушна за). Вядома, сама Ўкраіна хоча быць далучанай, гэта пераважвае. Але Беларусь, са свайго боку, таксама робіць крокі: запрашае жыхароў усяго Эўразьвязу да сябе і не патрабуе візы.

Калі справа з малым памежным рухам толькі пачыналася, я быў за, таму што змог бы ім карыстацца сам. Хаця з аптымізмам у мяне было ня вельмі. І тут я меў рацыю. Аднак літоўцы, можна сказаць, усё роўна атрымалі магчымасьці, закладзеныя ў малым памежным руху. Няхай часткова: можна толькі ў Горадню і на Аўгустоўскі канал.

У літоўскіх Друскеніках
У літоўскіх Друскеніках

Аднак калі сёньня жыхары Вільні і Друскенік рэальна бесклапотна ходзяць па гарадзенскіх вуліцах, мы так, бязь візы ў пашпарце, трапіць у літоўскую сталіцу ня можам. Падабаецца гэта літоўскаму начальству ці не, але беларускае яго перайграла, мяч на літоўскім баку. Аднак замест рэальных крокаў яно толькі працягвае шкадаваць беларусаў, што для іх высокі кошт шэнгена, ды каторы раз успамінаць 50-кілямэтровую зону.

І апошняе пытаньне: ці можна ставіць малому памежнаму руху «надмагільны помнік»? Ня ведаю. Ня выключана, беларускае начальства некалі ўсё ж дазволіць яго. Але толькі ў адным выпадку: калі палічыць, што літоўцы нарэшце больш купляюць у нас, чым беларусы ў іх. Падлікамі яно якраз і займаецца сёньня: жыхары Літвы ўсё актыўней выдаткоўваюць грошы падчас паездак у Горадню. Тым больш, цэны апошнім часам у Літоўскай Рэспубліцы маюць тэндэнцыю да росту. Што да беларусаў, новыя правілы Эўразійскага эканамічнага саюзу паступова абмяжоўваюць апэтыты: з-за мяжы сёньня можна прывезьці менш, чым было ўчора, а заўтра — будзе яшчэ меней.

Так што аднойчы Менск, хто ведае, можа нарэшце запусьціць малы памежны рух. Пра які столькі гаворана-перагаворана. Але ў Вільні гэта можа ня выклікаць чаканых некалі радасьці і вялікага энтузіязму. Бо часы мяняюцца. Сёньня мяч на літоўскім баку — але там, падобна, разгубіліся, адказваць не сьпяшаюцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Натоўпы турыстаў — норма. Што «бязьвіз» нарабіў у Горадні за год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG