Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта правакацыя». Імя кіраўніцы «Маці 328» фігуруе на сайце па продажы наркотыкаў


Ларыса Жыгар

Імя кіраўніцы руху «Маці 328» Ларысы Жыгар фігуруе на сайце па продажы наркотыкаў, да якога яна ня мае дачыненьня. Жанчына, якая бярэ ўдзел у галадоўцы з патрабаваньнем лібэралізаваць антынаркатычнае заканадаўства, кажа, што «правакацыя» скіраваная на дыскрэдытацыю ўсіх удзельніц пратэставай акцыі.

Што важна ведаць:

  • Ларысы Жыгар: гэта ўжо ня першая спроба дэкрэдытаваць актывістак «Маці 328» з дапамогай правакацыяў у інтэрнэце.
  • На восьмы дзень галадоўкі да жанчын з Калінкавіч выклікалі «хуткую» і міліцыю.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

«Сайт зарэгістраваны ў польскай дамэннай зоне .pl, і на ім фігуруе маё імя. Гэта так званая інтэрнэт-крама, якая гандлюе наркотыкамі. Пры гэтым кошты ўказаныя ў расейскіх рублях. Я ня маю да гэтага ніякага дачыненьня — гэта хлусьня і правакацыя!», — кажа Ларыса Жыгар.

Яна мяркуе, што адной з прычын правакацыі стала галадоўка, якую праводзяць актывісткі руху «Маці 328» і ў якой яна бярэ ўдзел.

«Значыць, мы некаму вельмі моцна перайшлі дарогу, раз яны пайшлі на такія брудныя рэчы. Відаць, баяцца, што наша барацьба выйдзе ім бокам, што нашы ўлады нарэшце зьвернуць увагу ня толькі на шарагоўцаў-наркаманаў, але і на тых, хто завозіць гэтую атруту ў краіну», — кажа Ларыса Жыгар.

Паводле актывістак руху «Маці 328», у інтэрнэце дзейнічае шэраг крам па продажы наркотыкаў у Беларусі.

«Адных зачыняюць, другія ўзьнікаюць на іх месцы, знаходзяцца ў „сьпячым“ рэжыме, і ў нас уражаньне, што гэта ня надта хвалюе нашы ўлады», — кажуць актывісткі.

Удзельніцы галадоўкі з руху «Маці 328» у Пухавіцкім раёне
Удзельніцы галадоўкі з руху «Маці 328» у Пухавіцкім раёне

Ці гэта першая падобная правакацыя?

У арганізацыі «Маці 328» ведаюць сама меней пра два выпадкі, калі актывісткі атрымлівалі праз інтэрнэт прапановы аб супрацоўніцтве з падобнымі крамамі па продажы наркотыкаў.

«Нашаму сакратару Антаніне Ляпёхінай таксама прапаноўвалі такую працу. То бок гэта ўжо ня першая правакацыя адносна нас, мы гэта адсочваем», — сказала Ларыса Жыгар з руху «Маці 328».

Адносна нібыта «сваёй» крамы ў інтэрнэце Ларыса Жыгар будзе зьвяртацца ў КДБ, МУС і пракуратуру Беларусі: «Пагляджу, ці будуць разьбірацца».

З 27 красавіка ў розных месцах Беларусі праходзіць галадоўка актывістак грамадзкага руху «Маці 328», які аб’ядноўвае жанчын, чые сыны і сваякі асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў на вялікія тэрміны. Маці дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, просяць стварыць адмысловую камісію, якая б перагледзела крымінальныя справы іхніх родных, а таксама прапануюць лібэралізаваць антынаркатычны артыкул 328 Крымінальнага кодэксу і ўдасканаліць практыку яго ўжываньня.

4 траўня ў галадоўцы бралі ўдзел ня менш за 14 жанчын у Калінкавічах, Пухавіцкім раёне і Віцебску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG