Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча генпракурора з галадоўніцамі адкладзеная на няпэўны час


Галадоўніцы з руху «Маці-328» у Калінкавічах
Галадоўніцы з руху «Маці-328» у Калінкавічах

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Пракуратуры Беларусі, прызначаная на 4 траўня сустрэча генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з актывісткамі руху «Маці 328», якія трымаюць галадоўку ў Калінкавічах і Пухавіцкім раёне, пераносіцца на іншы дзень.

Сёмы дзень галадаюць родныя асуджаных «за наркотыкі». ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:17 0:00

Што важна ведаць:

  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі 4 траўня пераносіцца.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.


«Аляксандар Канюк тэрмінова едзе ў камандзіроўку. На які дзень будзе прызначаная сустрэча, мы паведамім. Удзельніцы галадоўкі, запрошаныя на сустрэчу, праінфармаваныя, што яна адкладаецца», — сказала прэсавы сакратар Анжэла Курчак.

Куды ў камандзіроўку выпраўляецца Аляксандар Канюк, прэсавы сакратар не сказала.

Тацяна Канеўская з Гомля, адна з 7 актывістак, якія трымаюць галадоўку ў Калінкавічах, сказала Свабодзе, што пасьля іх сустрэчы ў Менску з кіраўніцай адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай «пайшоў нейкі дадатковы рух».

Тацяна Канеўская
Тацяна Канеўская

«Галадоўка пашыраецца, да яе зьбіраюцца далучыцца жанчыны ў Горадні і Віцебску, а таксама маці па ўсёй краіне будуць праводзіць аднадзённыя галадоўкі. А гэта сотні людзей. Яны ўбачылі, што нас не спыніць. Да таго ж мы ня просім нечага такога, што выканаць немагчыма — мяркую, гэта і там зразумелі», — сказала Канеўская.

27 красавіка ў Беларусі абвясьцілі бестэрміновую галадоўку жанчыны з грамадзкай ініцыятывы «Рух „Маці 328“», якія патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычных законаў, стварэньня камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. У галадоўцы, якая праходзіць у Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, бяруць удзел да 14 жанчын, яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі ў Магілёве.

Пасьля сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай актывісткі заявілі, што будуць працягваць галадоўку. Найбольш рэальным для выкананьня яны лічаць сваё патрабаваньне лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Натальля Качанава, паводле ўдзельніц сустрэчы, паабяцала ім, што пра галадоўку і патрабаваньні галадоўніц будзе тэрмінова паведамлена Аляксандру Лукашэнку.

Паводле Качанавай, у Палаце прадстаўнікоў падрыхтаваныя прапановы па лібэралізацыі антынаркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія яшчэ не прайшлі ўзгадненьня ва ўсіх профільных установах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG