Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр апазыцыі ў Армэніі абвясьціў паўзу ў акцыях пратэсту і рыхтуецца да абраньня прэм’ерам


Удзельнік мітынгу трымае ў руках партрэт лідэра пратэставага руху Нікола Пашыньяна, Ерэван, 2 траўня 2018 году
Удзельнік мітынгу трымае ў руках партрэт лідэра пратэставага руху Нікола Пашыньяна, Ерэван, 2 траўня 2018 году

Выступаючы на шматлюдным мітынгу 2 траўня на плошчы Рэспублікі ў Ерэване, лідэр пратэставага руху, кіраўнік фракцыі «Елк» («Выхад») Нікол Пашыньян паведаміў прысутным на плошчы, што прынамсі на ўзроўні заяваў фракцыя Рэспубліканскай партыі Армэніі (РПА) паабяцала, што падтрымае абраньне «народнага кандыдата».

У сувязі з гэтым ён сказаў, што заўтра будзе працаваць у Нацыянальным сходзе па пытаньні свайго вылучэньня кандыдатам, а таксама з мэтай атрымаць гарантыі і пераканацца ў намерах РПА. ​

Лідэр пратэставага руху заклікаў сваіх прыхільнікаў узяць паўзу і адпачыць, але папярэдзіў, што нельга траціць пільнасьць, і папрасіў прыхільнікаў сачыць за ягонай старонкай у Facebook на выпадак, калі спатрэбіцца аднавіць акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня.

«Цяпер мы рыхтуемся да выбараў прэм’ер-міністра. І ў гэты дзень, 8 траўня, нас зьбярэцца тут не 250, а 500 тысяч», — заявіў Нікол Пашыньян.

Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

1 траўня ў Нацыянальным сходзе пасьля амаль 10-гадзіннага абмеркаваньня адбылося галасаваньне пра абраньне прэм’ер-міністра Армэніі. Адзіны кандыдат у прэм’ер-міністры Нікол Пашыньян не атрымаў дастатковай колькасьці галасоў (53 галасы). За яго прагаласавалі 45 дэпутатаў, супраць — 56 дэпутатаў (усе — чальцы фракцыі РПА).

Увечары пасьля галасаваньня Пашыньян заклікаў пратэстоўцаў з раніцы аднавіць татальныя акцыі пратэсту. 2 траўня на вуліцы Ерэвану і іншых гарадоў краіны выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Яны перакрылі дарогі, заблякавалі мэтро і ўваходы ва ўрадавыя будынкі, паралізавалі працу чыгункі.

Акцыя пратэсту 2 траўня ў Ерэване
Акцыя пратэсту 2 траўня ў Ерэване

​Паўторна пытаньне выбараў прэм’ер-міністра будзе абмяркоўвацца на спэцыяльным пасяджэньні Нацыянальнага сходу 8 траўня апоўдні.

2 траўня пасьля пасяджэньня фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі ў парлямэнце з удзелам экс-прэзыдэнта і экс-прэм’ера Сэржа Саргсьяна кіраўнік парлямэнцкай фракцыі РПА заявіў, што на выбарах прэм’ер-міністра 8 траўня РПА падтрымае абраньне Пашыньяна.

Згодна з Канстытуцыяй Армэніі, у выпадку невыбраньня прэм’ер-міністра праз 7 дзён пасьля галасаваньня праводзяцца новыя выбары прэм’ер-міністра. Права на ўдзел у выбарах маюць кандыдаты, вылучаныя як мінімум адной трацінай ад агульнай колькасьці дэпутатаў. Калі прэм’ер-міністра зноў не выберуць большасьцю галасоў, Нацыянальны сход распускаецца і прызначаюцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары.

Сэрж Саргсьян пакінуў пасаду прэм’ер-міністра Армэніі 23 красавіка, празь некалькі дзён пасьля абраньня і прызначэньня на гэтую пасаду. Ён прыняў такое рашэньне пасьля масавых вулічных пратэстаў, узначаленых Ніколам Пашыньянам.

«Аксамітная рэвалюцыя» ў Армэніі. Як гэта было

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG