«Няхай адна траціна дэпутатаў вылучыць адзінага кандыдата, і мы яе падтрымаем», — сказаў журналістам у парлямэнце лідэр фракцыі рэспубліканцаў Ваграм Багдасар’ян. Такую заяву ён зрабіў пасьля нарады фракцыі з удзелам экс-прэзыдэнта і экс-прэмʼера Сэржа Саргсьяна.
«Разумеючы важнасьць разьвіцьця для краіны і лічачы яе імпэратывам, партыя заяўляе, што ў рэспубліцы 8 траўня будзе законна абраны прэмʼер-міністар. Рэспубліканская партыя Армэніі свайго кандыдата ня вылучыць», — дадаў ён.
Выбары новага прэм’ер-міністра Армэніі адбудуцца 8 траўня. Паводле закону кандыдатура можа быць разгледжаная, калі яе вылучылі прынамсі 35 дэпутатаў.
Гэтую колькасьць могуць набраць блёк «Царук’ян» і якая-небудзь з дзьвюх фракцыяў — «Дашнакцут’юн» і «Ельк» (альбо ўсе разам).
1 траўня заканадаўцы прагаласавалі супраць кандыдатуры лідэра апазыцыі Нікола Пашыньяна ў якасьці наступнага прэмʼер-міністра. Пасьля гэтага ён заклікаў да ўсеагульнай акцыі пратэсту, на якую выйшлі тысячы чалавек. У Ерэване сёньня з раніцы былі перакрытыя дарогі, заблякаванае мэтро і ўваходы ў шэраг урадавых будынкаў.
Багдасар'ян заклікаў дэманстрантаў больш не блякаваць дарогі ў Ерэване і ў краіне, у тым ліку і ў аэрапорт, а таксама чыгунку і мэтро, і вярнуцца ў канстытуцыйнае поле.