Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 кангрэсмэнаў ЗША пратэстуюць супраць «антысэмітызму» у Польшчы і Ўкраіне


Шэсьце ўкраінскіх нацыяналістаў.
Шэсьце ўкраінскіх нацыяналістаў.

Больш за 50 членаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША накіравалі ў Дзярждэпартамэнт ЗША афіцыйны ліст з заклікам узмацніць дыпляматычны ціск на Польшчу і Ўкраіну, абвінаваціўшы ўлады гэтых краін у тым, што яны спрыяюць скажэньню гістарычнай праўды пра Галакост і робяць недастатковыя намаганьні для барацьбы з антысэмітызмам і спробамі апраўданьня супрацоўніцтва з нацызмам.

У лісьце, апублікаваным на сайце кангрэсмэна-дэмакрата Ро Ханны, у прыватнасьці, утрымліваецца рэзкая крытыка прынятага нядаўна ў Польшчы закону, паводле якога крымінальнай адказнасьці падлягаюць любыя меркаваньні аб датычнасьці Польшчы або асобных палякаў да Галакосту.

Таксама крытыкуецца ўкраінскі закон пра «дэкамунізацыю», прыняты ў 2015 годзе. Аўтары ліста лічаць, што ў ім утрымліваецца гераізацыя калябарацыяністаў, да якіх яны адносяць, у прыватнасьці, лідэраў украінскага нацыяналістычнага руху сярэдзіны ХХ стагодзьдзя Сьцяпана Бандэру і Рамана Шухевіча.

Кангрэсмэны просяць Дзярждэпартамэнт забясьпечыць, каб ЗША не фінансавалі антысэміцкія і нэанацысцкія арганізацыі, да якіх яны аднесьлі, у прыватнасьці батальён «Азоў», які прымаў удзел у канфлікце ў Данбасе (цяпер полк у складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны).

Кіраўнік украінскага Інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч назваў ліст кангрэсмэнаў праявай «некампэтэнтнасьці» і «перакручваньнем гістарычных фактаў», — паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода. Вятровіч зьвярнуў увагу на тое, што Сьцяпан Бандэра ў гады Другой сусьветнай вайны быў вязьнем нямецкага канцлягеру, а Ўкраінская паўстанцкая армія пад кіраўніцтвам Шухевіча змагалася ў тым ліку і супраць нацыстаў.

Афіцыйнай рэакцыі Дзярждэпартамэнту на ліст пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG