Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Жамчужнага зьмясьцілі яшчэ на два месяцы ў ПКТ і адмовілі ў пераводзе ў іншую калёнію


Міхаіл Жамчужны, фота 2013 году
Міхаіл Жамчужны, фота 2013 году

10 красавіка адміністрацыя калёніі № 9 у г. Горкі вынесла палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму чарговае — ужо 27-е —спагнаньне ў выглядзе 2 месяцаў зьмяшчэньня ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Акрамя таго, Міхаіл Жамчужны атрымаў ад начальніка калёніі адказ на пададзеную 23 сакавіка заяву з просьбай аб пераводзе ў іншую калёнію. У пераводзе палітвязьню адмоўлена. У лютым Жамчужны падаваў такую ж заяву ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але там яму адказалі, што гэтае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі начальніка калёніі.

Сакрэтная справа Жамчужнага спараджае шмат пытаньняў

Палітвязень па-ранейшаму адчувае моцны ціск як з боку адміністрацыі, так і ад іншых зьняволеных.

Адміністрацыя працягвае выносіць Жамчужнаму спагнаньні за тое, што ён адмаўляецца знаходзіцца ў атрадзе калёніі № 3, дзе ягонае зьяўленьне выклікае нэгатыўную рэакцыю іншых асуджаных. Жамчужны імкнецца такім чынам пазьбегнуць канфліктаў зь вязьнямі, бо яму нават пагражалі фізычнай расправай, а адміністрацыя, нягледзячы на шматлікія заявы, ня робіць ніякіх крокаў, каб гарантаваць ягонае бясьпечнае знаходжаньне ў калёніі. З нагоды аднаго з інцыдэнтаў такіх пагроз, які адбыўся 3 красавіка, Жамчужны падаў скаргу начальніку калёніі, вядзецца разбор.

Як даведаўся Жамчужны, з санчасткі калёніі зьніклі дакумэнты, якія пацьвярджалі некалькі эпізодаў харчовага атручвання ў калёніі, што адбыліся ў канцы сьнежня 2017 году і 28 студзеня бягучага году. 12 лютага па гэтых эпізодах з палітвязьнем сустракаліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі, пасьля атрыманых скаргаў ад праваабаронцаў. Тады ж Жамчужнаму рэкамэндавалі дыетычнае харчаваньне, якое цяпер адменена ў сувязі са зьнікненьнем пацьвярджальных мэдыцынскіх дакумэнтаў.

23 красавіка Магілёўскі абласны суд адмовіў у задавальненьні касацыйнай скаргі Міхаіла Жамчужнага на рашэньне Горацкага раённага суду, які прызнаў абгрунтаванымі вынесеныя палітвязьню чатыры спагнаньні ў верасьні-кастрычніку 2017 году (4-га верасьня — адзін месяц ПКТ, 5-га кастрычніка — 10 сутак штрафнога ізалятару (ШІЗА), 16-га кастрычніка — 10 сутак ШІЗА, 26-га кастрычніка — пяць сутак ШІЗА).

Палітвязьня Жамчужнага датэрмінова ня вызваляць, бо «ня стаў на шлях выпраўленьня»

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калёнію № 9. У лютым 2018 году на яго напаў іншы вязень, які зьбіў яго і пагражаў «распусьціць на ніткі», калі зноў сустрэне ў вязьніцы.

Выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны асуджаны на 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе атрымаць сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьць міліцыі і спробу даць хабар міліцыянту. Сваёй віны Жамчужны не прызнаў і працягвае абскарджваць прысуд, у тым ліку падаў скаргу ў ААН. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судзе. На волю Міхаіл Жамчужны мае выйсьці больш як праз тры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG