Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Армэніі пра продаж беларускіх «Палянэзаў» Азэрбайджану: шкадуем, што Беларусь робіць гэта


Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»

Армянскі бок выказвае жаль у сувязі з тым, што Беларусь, краіна — сябра АДКБ, прадае Азэрбайджану ўзбраеньне. Пра гэта заявіў у камэнтары для армянскай службы Радыё Свабода прэс-сакратар міністра абароны Армэніі Арцрун Аванісьян.

«Мы шкадуем, што незалежна ад таго, хто зьяўляецца прадаўцом — сябра АДКБ або іншая дзяржава, такой дзяржаве, як Азэрбайджан, дзяржаве, якая, па сутнасьці, ня мае ніякага грамадзянскага кантролю над Узброенымі сіламі, дзяржаве, якая праводзіць дэстабілізуючую палітыку ў рэгіёне, дзяржаве, якая стала на дэструктыўны шлях і мілітарызуе сытуацыю, падобнай дзяржаве наагул прадаюць узбраеньне. Мы выказваем у сувязі з гэтым жаль. Нягледзячы на тое, як і чым узбройваецца Азэрбайджан, адкуль ён набывае гэтае ўзбраеньне, для забесьпячэньня нашай баяздольнасьці мы заўсёды рабілі і робім адпаведныя крокі», — сказаў Арцрун Аванісьян.

Калі запыталі, ці будзе гэтая справа ўздымацца ў АДКБ, дзе цяпер старшынюе Армэнія, прадстаўнік Мінабароны сказаў: «Я не ўпаўнаважаны адказваць на падобныя пытаньні».

На думку Аванісьяна, набыцьцё гэтых сыстэм Азэрбайджанам ня будзе мець «ніякіх наступстваў у прамым сэнсе» на лініі судакрананьня.

У Міністэрстве замежных справаў Армэніі заявілі, што пазыцыя Армэніі адносна продажу якой-небудзь краінай зброі Азэрбайджану не зьмянілася, яна вядомая і неаднаразова выказвалася на самым высокім узроўні.

Паводле кіраўніка Армянскага інстытуту па міжнародных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі Сьцяпана Сафар’яна, публікацыя «Коммерсанта» — яшчэ адно сьведчаньне таго, што АДКБ — фармальная структура і ня мае дачыненьня да гарантаваньня бясьпекі Армэніі.

«Гэта азначае, што ў Армэніі няма сыстэмы калектыўнай бясьпекі»

«Гэта азначае, што ў Армэніі няма сыстэмы калектыўнай бясьпекі, чым спрабавалі падмануць грамадзтва і цяперашнія, і папярэднія ўлады, якія ўхвалілі або апраўдвалі сяброўства Армэніі ў гэтай структуры, ці нават абудзілі ў грамадзтве надзеі на тое, што названая структура калі-небудзь абароніць або ўмацуе абараназдольнасьць Армэніі», — сказаў Сьцяпан Сафар’я​н.

Напярэдадні выданьне «Коммерсант» са спасылкаю на крыніцу, блізкую да Мінабароны Беларусі, паведаміла, што cёлета Беларусь можа пачаць пастаўкі ў Азэрбайджан сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Міністар абароны Азэрбайджану ўжо наведаў Беларусь, дзе азнаёміўся з тэхналёгіяй вытворчасьці «Палянэзаў». Аналітыкі разглядаюць гэтыя пастаўкі як адказ Армэніі, якая закупіла расейскія «Іскандэры». Паводле выданьня, першы кантракт прадугледжвае перадачу 10 камплектаў РСЗА (туды ўваходзяць ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіраваньня, радыёлякацыйныя станцыі і г. д.). Падрыхтоўка юрыдычных дакумэнтаў цяпер на фінальнай стадыі.

Сыстэмы «Палянэз» больш дальнабойныя, чым вядомыя сыстэмы «Сьмерч», прададзеныя Азэрбайджану іншай краінай-сябрам АДКБ — Расеяй. Узброеныя сілы Азэрбайджану выкарыстоўвалі «Сьмерч» падчас чатырохдзённай красавіцкай вайны 2016 году ў Нагорным Карабаху. «Палянэз» можа наносіць удары з адлегласьці да 200 кілямэтраў. Восем ракет калібру 301 мм і даўжынёй 7,2 мэтра могуць запускацца на працягу ўсяго 50 сэкундаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG