Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дазволу на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі да 100-годзьдзя БНР усё яшчэ няма


Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Скульптар Ігар Засімовіч

Мастацкая рада Менгарвыканкаму зацьвердзіла выгляд мэмарыяльнай дошкі ў гонар 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Але дазволу на ўстаноўку памятнага знаку на будынку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР, дагэтуль няма.

Акрамя ўхвалы мастацкай рады, неабходны яшчэ і дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства.

Саюз мастакоў падаў афіцыйную заяўку ў Менгарвыканкам. Адказу пакуль няма, паведаміў Свабодзе скульптар Ігар Засімовіч.

«На маю думку, Менгарвыканкам проста цягне час, як гэта было і з ухваленьнем праекту. Меркавалася, што мэмарыяльную дошку павесяць напярэдадні 25 сакавіка, але мастацкая рада Менгарвыканкаму ніяк не магла сабрацца да юбілею, а на першым паседжаньні пасьля 25 сакавіка ў плян гэтае пытаньне не ўключылі. Цяпер быццам бы станоўчае рашэньне мастацкай рады ёсьць, выгляд шыльды ўхвалены, але няма дазволу на ўсталяваньне, бо на думку Менгарвыканкаму, гэта масавае мерапрыемства. Саюз мастакоў заяўку падаў, цяпер чакаем. Не дазволіць павесіць шыльду ня могуць, але цяпер проста марудзяць час», — перакананы Ігар Засімовіч.

У прэс-службе Менгарвыканкаму 18 красавіка Свабодзе паведамілі, што заяўка ёсьць, але рашэньне наконт даты ўстаноўкі шыльды яшчэ не прынятае. На ўдакладняльнае пытаньне, калі Менгарвыканкам разгледзіць заяўку Саюзу мастакоў на масавае мерапрыемства, адказу не было.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Павесіць дошку меркавалі да 25 сакавіка на вуліцы Валадарскага, дом 9 у Менску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай. Паседжаньне мастацкай рады Менгарвыканкаму, на якім шыльду мелі зацьвердзіць, адкладалася амаль два тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG