Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка распачне пасяўную ў Малдове


Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі ў Малдову заплянаваны на 18-19 красавіка.

Падчас візыту маюць адбыцца перамовы з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і прэм’ер-міністрам Паўлам Філіпам. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта.

Будуць абмеркаваныя пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. Абодва прэзыдэнты наведаюць інстытут расьлінагадоўлі і прымуць удзел у цырымоніі «Дзень поля», прысьвечанай пачатку пасяўной.

9 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб аказаньні дапамогі Рэспубліцы Малдова». Паводле ўказу, «дзеля ўмацаваньня беларуска-малдоўскай супрацы і далейшага разьвіцьця стасункаў між дзьвюма краінамі ў духу традыцыяў сяброўства і ўзаемадапамогі» Малдове дашлюць пяць трактароў МТС-82 і дзьве камунальныя машыны МАЗ.

Вельмі падобная навіна ўжо была 24 ліпеня 2017 году. Тады 5 трактароў МТЗ-82 і 2 камунальныя машыны прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон прывёз зь Беларусі ў якасьці «гуманітарнай дапамогі» ад Аляксандра Лукашэнкі. Дапамогай быў таксама адпачынак для дзяцей з малдаўскіх праблемных сем’яў у цэнтры адпачынку «Зубраня» на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі».

У мінулым сьнежні Дадон прыняў прапанову Лукашэнкі пракаціцца на трактары ў Малдове. За месяц да таго Дадон пазьбег імпічмэнту.

Дадон — прыхільнік палітыкі Лукашэнкі. У Віцебску ён казаў, што хоча, «каб Малдова была, як Беларусь». Лукашэнка пацьвердзіў Дадону, што трымаецца зь ім «практычна аднолькавых поглядаў».

Крыху іншыя стасункі ў беларускіх уладаў з прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, які разыходзіцца ў поглядах з «прарасейскім» Дадонам. Філіп прыяжджаў на саміт ЦЭІ ў Менск (быў там адзіным замежным прэм’ерам – іншыя прыслалі чыноўнікаў ніжэйшых рангаў), сустракаўся з Лукашэнкам, але размаўляў больш пра эканамічную супрацу і толькі стрымана выказаў удзячнасьць за падтрымку Малдовы «ў самыя цяжкія часы, калі ўзьнікалі цяжкасьці на міжнародным узроўні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG